Главная » Статьи » "Савецкае Палессе" |
Новы год — асаблівае свята. Яго чакаюць і дарослыя, і дзеці. Можна сказаць, яно аб’ядноўвае нас гэтым самым чаканнем, прадчуваннем чагосьці чароўнага, казачнага, добрага. Ну, а для дзетак гэта яшчэ і пара вясёлых ранішнікаў, дзе можна не толькі цудоўна правесці час і атрымаць падарункі, але і прадэманстраваць свае таленты, прачытаць верш, напрыклад. Таму дзеці вельмі любяць такія мерапрыемствы і наведваюць іх з задавальненнем! У актавай зале гарадской гімназіі ў рамках рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” адбылося свята для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Спецыяльна для іх супрацоўнікамі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці была падрыхтавана забаўляльная праграма. Ці варта казаць, што для дзетак гэта больш, чым проста свята, гэта: новыя шчаслівыя эмоцыі, атмасфера казкі… На мерапрыемстве яны былі ў цэнтры ўвагі. Актавую залу перапаўняў звонкі смех, непадробная радасць на тварах дзетак. Прысутнічаючы на такіх святах, разумееш, як многа яны азначаюць для гэтых рабят і як мала, на самай справе, ім патрэбна для адчування шчасця. А яшчэ ім неабходна ўвага і больш абдымкаў. Некаторыя дзеткі пастаянна імкнуліся абняць якога-небудь персанажа свята або проста дакрануцца да яго. Вось гэты самы кантакт такі важны для іх! На ранішніку ўсе яго ўдзельнікі многа танцавалі, спявалі песні, вадзілі карагоды. Ну, і канечне, чыталі вершы Дзеду Марозу, ад якога атрымлівалі салодкае ўзнагароджанне. А ў канцы ўсіх чакалі навагоднія падарункі. Дарэчы, свята праводзілася пры падтрымцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, раённага камітэта ГА “БРСМ”, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. …Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі такія ж дзеці, як і ўсе. Неабходна рабіць усё для таго, каб яны ніколі аб гэтым не забывалі. Гэта ў чарговы раз пацвердзіў ранішнік у гімназіі. Хочацца спадзявацца, што тыя эмоцыі, якія атрымалі рабяты на свяце, застануцца з імі яшчэ доўга, а іх мары абавязкова споўняцца ў новым годзе. Источник: http://www.gants.by | |
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (04.01.2016) | |
Просмотров: 452 |