Главная » 2014 » Август » 13 » Бяспека руху — наша бяспека (+ВІДЭА)
21:11
Бяспека руху — наша бяспека (+ВІДЭА)

Мінулы аўторак мог стаць апошнім у жыцці дзесяцігадовага хлопчыка Данілы Дуліка. Непаўналетні веласіпедыст літаральна пратараніў пярэдняе правае крыло трактара МТЗ-82.1. З цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай ён быў дастаўлены ў нейрахірургічнае аддзяленне Баранавіцкай гарадской бальніцы.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў Агарэвічах на перакрыжаванні вуліц Брэсцкая і Крысюка. Трактарыст мясцовага СВК Вадзім Лашко пры выездзе з другараднай на галоўную дарогу заўважыў маленькага веласіпедыста і паспеў спыніць трактар. Аднак гэта не прадухіліла трагедыю. Усе абставіны здарэння высвятляюць кампетэнтныя органы.

— Сёлета гэта ўжо трэцяе дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам непаўналетніх веласіпедыстаў, — канстатуе старшы дзяжаўтаінспектар аддзялення ДАІ Аляксандр Коўш. — 26 красавіка ў Раздзялавічах васьмікласнік мясцовай школы атрымаў адкрытую чэрапна-мазгавую траўму. 26 ліпеня са шматлікімі цялеснымі пакалечаннямі і пераломамі дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне вучань 10 класа Люсінскай СШ.

Веласіпед — гэта ж паўнацэнны транспартны сродак. Трэба валодаць неабходнымі навыкамі і ведаць правілы дарожнага руху.

Наогул, кіраванне веласіпедам па дарозе, а тым больш, па праезнай частцы, дазваляецца толькі з 14 гадоў. Аднак і гэты ўзрост — небяспечны.

Дзеці ёсць дзеці. Бацькі павінны ўдзяляць ім пастаянную ўвагу, вучыць іх быць пільнымі і ўважлівымі на пешаходных пераходах, на праезнай частцы дарогі, на скрыжаваннях вуліц. Гэта адзін з галоўных абавязкаў усіх дарослых, а не толькі дзяржаўтаінспектараў.

У сваю чаргу ДАІ пастаянна праводзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне гібелі і траўматызму дзяцей на дарогах. Бацькі нясуць адказнасць за паводзіны свайго дзіцяці. Калі за кіраванне веласіпедам затрыманы падлетак, якому няма 14 гадоў, то на яго бацькоў складаецца пратакол аб неналежным прыняцці мер па выхаванні дзяцей. А вось за парушэнне правілаў дарожнага руху 16-гадовым веласіпедыстам яго ўчынак выносіцца на разгляд камісіі па справах непаўналетніх.

Хутка пачнецца новы навучальны год. Значна павялічыцца колькасць маленькіх удзельнікаў дарожнага руху. Трэба зрабіць усё, каб нашы дзеці вярталіся дамоў жывымі і здаровымі.

Міхась АРЭШКА.

Фота з архіва аддзялення ДАІ Ганцавіцкага РАУС.

 


Подсчитай — сколько нарушений совершили велосипедисты в Ганцевичах за два дня.  Свой результат подсчета оставьте в комментариях в нашей группе

Просмотров: 742 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования