Главная » 2017 » Август » 3 » Моладзь — на ўборцы ўраджаю
09:17
Моладзь — на ўборцы ўраджаю

У хлебаробаў Ганцаўшчыны пачалася самая адказная пара сельскагаспадарчых работ — жніво. У гэтай рабоце актыўны ўдзел прымае таксама і моладзь.

На ганцавіцкіх палях працуюць 3 маладзёжных экіпажа ў складзе: Крупеніча Сяргея Васільевіча і Канановіча Сяргея Сяргеевіча з ААТ "Хатынічы" на камбайне маркі КЗС-1218, Ашкала Кірыла Вітальевіча і Петрашэвіча Васілія Васільевіча з ААТ "Адраджэнне" на камбайне маркі КЗС-10, а таксама Рабцэвіча Аляксандра Ўладзіміравіча і Рабцэвіча Ўладзіміра Андрэевіча з ААТ "Адраджэнне" на камбайне маркі КЗС-12.

Свой уклад у агульнараённы каравай уносяць і маладыя вадзіцелі: Ціхан Яўген Віктаравіч з ААТ "Будча", Мелехавец Аляксей Васільевіч з ААТ "Любашава".

Ганцавіцкі раённы камітэт Грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” зацвердзіў палажэнне аб правядзенні раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зернявых і зернебабовых культур у 2017 годзе сярод моладзі.

Мэты і задачы спаборніцтва — прыцягненне маладых людзей да рэалізацыі палітыкі дзяржавы па адраджэнні сяла; забеспячэнне своечасовай і якаснай уборкі зернявых і зернебабовых культур; павышэнне ў маладзёжным асяроддзі прэстыжу прафесіі механізатара.

У раённым спаборніцтве прымаюць удзел маладзёжныя ўборачныя экіпажы камбайнераў, а таксама маладыя вадзіцелі транспартных сродкаў, занятыя на адвозцы зерня.

Пераможцамі раённых спаборніцтваў прызнаюцца экіпажы ўборачных агрэгатаў, якія дабіліся максімальных намалотаў зерня пры высокай якасці работ, а таксама ўлічваюцца прытрымліванне працоўнай дысцыпліны і выкананне тэхнікі бяспекі. З улікам рознай прадукцыйнасці зерняўборачных камбайнаў пераможцы спаборніцтва вызначаюцца па максімальным намалоце зерня на вызначаны камбайн. Намалот на вызначаны  камбайн разлічваецца, зыходзячы з намалоту на фізічны камбайн і памножаны на паправачны каэфіцыент адпаведнай маркі камбайна, устаноўленай з улікам прапускной здольнасці хлебнай масы.

Пераможцамі спаборніцтваў прызнаюцца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў тыя, хто дабіўся найбольшых паказчыкаў на адвозцы зерня ад камбайнаў у разліку на адну тону грузападымальнасці транспартнага сродку пры ўмове недапушчэння страты зерня, выканання тэхнікі бяспекі і працоўнай дысцыпліны.

Па выніках спаборніцтваў пераможцы будуць ўзнагароджаны сувенірамі і граматамі Ганцавіцкага раённага камітэта ГА “БРСМ”, граматамі і падарункамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

ДАВЕДКА:

У 2016 годзе пераможцамі спаборніцтваў сталі:

1 месца – маладзёжны экіпаж ААТ «Хатынічы» ў складзе Крупеніча Сяргея Васільевіча і Канановіча Сяргея Сяргеевіча;

2 месца – маладзёжны экіпаж ААТ «Адраджэнне» ў складзе Гуцанавіча Дзмітрыя Васільевіча і Рыдалкевіча Ігара Іванавіча;

3 месца – маладзёжны экіпаж ААТ «Адраджэнне» ў складзе Парукава Арцёма Грыгор'евіча і Петрашэвіча Васілія Васільевіча.

Просмотров: 912 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования