Главная » 2015 » Июль » 27 » Шлях пачаўся з поспеху
11:53
Шлях пачаўся з поспеху

Мы расказвалі пра выпускніка гімназіі г. Ганцавічы Івана Падгайскага, які змог набраць на цэнтралізаваным тэсціраванні (ЦТ) па рускай мове 100 балаў. Зараз раскажам пра тое, як такіх жа вынікаў, толькі па роднай, беларускай мове змог дасягнуць і выпускнік СШ № 3 г. Ганцавічы Арцём Бобка (НА ЗДЫМКУ).

Арцём схільны да дакладных навук, што дазволіла яму стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Для паступлення яму давялося ўпарта працаваць, аднак гэта прынесла свой плён: вынікі двух астатніх ЦТ у яго таксама вельмі высокія. Але, безумоўна, работа над падрыхтоўкай да тэсціравання па роднай мове была праведзена вялікая.

— Я пачаў рыхтавацца да ЦТ па беларускай мове яшчэ з пачатку 10-га класа, — расказаў Арцём карэспандэнту “СП”. — Мая бабуля, Ядзвіга Аляксандраўна Бобка, у мінулым шмат гадоў працавала ў школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Два гады запар мы з ёй займаліся падрыхтоўкай. Я не прапускаў прызначаныя заняткі і не ўхіляўся ад работы. А таму, калі на рэпетыцыйных тэсціраваннях я набіраў больш за 90 балаў, ніхто асабліва не здзіўляўся, але пры гэтым усе ганарыліся мной і падтрымлівалі. І ўпэўненасць у сваіх сілах у мяне расла. Я звяртаў увагу на ўсе памылкі, а таму мне вельмі дапамагло тое, што ЦТ было падобным на два апошнія рэпетыцыйныя тэсціраванні. Але ўсё адно я не да канца быў упэўнены ў некаторых адказах і адказваў амаль інтуітыўна. Мяркуючы па выніках ЦТ можна сказаць, што заняткі з бабуляй дапамаглі мне не толькі добра вывучыць правілы, але і развіць інтуіцыю ў пытаннях, якія датычацца мовы.

Дарэчы, бабуля Арцёма пераконвала маладога чалавека, што ён павінен набраць на тэсціраванні па беларускай мове не менш за 96 балаў. Так што яго вынік не стаў для яе вялікай нечаканасцю. Што ж, так і павінна быць: добрая і ўпартая праца заўсёды ўзнагароджваецца па заслугах.

Бабуля Арцёма Ядзвіга Аляксандраўна таксама расказала крыху аб тым, як Арцём дасягнуў выніку ў 100 балаў.

— Мой унук заўсёды любіў беларускую літаратуру. У мяне добры збор твораў беларускіх аўтараў, і калі Арцём прыязджаў на канікулы ці проста ў госці, ён заўсёды чытаў кнігі. А на пачатку 10 класа сам вырашыў пачаць рыхтавацца да ЦТ. Вядома, я яму дапамагла па меры сіл, але асноўная заслуга ўсё ж яго: я проста давала яму неабходныя веды, а ён ужо стараўся і ўпарта працаваў сам. Мне было прыемна з ім займацца, мой унук быў з самага пачатку нацэлены на высокі вынік. Мы ўсёй сям’ёй вельмі рады за Арцёма і спадзяёмся на тое, што ў яго і далей усё будзе складвацца гэтак жа добра, як і цяпер.

Сам Арцём адзначыў, што для яго важна было не набраць вышэйшы бал на адным з ЦТ, а здаць усе неабходныя для паступлення прадметы добра. Самае галоўнае — агульны вынік, а не поспех у адной з галін. А таму ён удзячны не толькі Ядзвізе Аляксандраўне, але і ўсім настаўнікам, якія дапамаглі яму ў падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання. Без іх дапамогі Арцёму было б значна цяжэй пачаць свой шлях у вялікае жыццё менавіта так, як яму хацелася.

Аляксандра ГУРМАН.

Просмотров: 632 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования