Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

"Уладар сяла-2016"

У мінулую суботу хлебаробаў песнямі і танцамі вітала Ганцаўшчына — святкавалі раённыя "Дажынкі". Віталі не толькі пераможцаў сёлетняга жніва, але і самых працавітых маладых вясковых сем'яў — удзельнікаў праекта "Уладар сяла-2016". Адразу два святы, жытнёвае і сямейнае, шумелі-спявалі ў гэты дзень на гарадской плошчы і ў парку.

Каторы год запар лепшыя маладыя вясковыя сем'і змагаюцца за ганаровае званне "Уладар сяла". Сёлета прыехалі па перамогу і незабыўныя ўражанні сем'і Сяргея і Алены Жалезных з Малькавіч, Аляксандра і Наталлі Мінічаў з Агарэвіч, Міхаіла і Наталлі Занькаў з Люсіна, Ігара і Елізаветы Валуевічаў з Хатыніч.

Першы конкурс прайшоў у выглядзе візітнай карткі. Стараліся ўсе: і дарослыя, і дзеці. Хто зрабіў акцэнт на танец, хто песню шчыра праспяваў. Адным словам, "выклаліся" ўдзелынікі, як кажуць, па поўнай праграме. Затым журы ацэньвала другі конкурс. Каля імправізаванай сцэны былі арганізаваны міні-падворкі кожнай сям'і: стаялі ўпрыгожаныя рознымі прысмакамі сталы. Чаго там толькі не было! Члены журы, якія павінны былі пакаштаваць усе прысмакі, каб ацаніць кулінарнае майстэрства і арыгінальнасць падачы страў кожнай сям'і, нават разгубіліся: торты і выпечка, блінчыкі і піражкі, параная бульба са смажаным салам і разнасолы, арыгінальна прыгатаваныя рукамі гаспадынь. Нарэшце, члены журы і ўдзелынікі мерапрыемства прыступілі да наступных конкурсаў: запрэгчы і распрэгчы каня на хуткасць, распілаваць бервяно на тры роўныя часткі, сабраць мясарубку.

Цямнела, але гледачы і не думалі разыходзіцца: усе з вялікай цікавасцю назіралі за ходам спаборніцтваў і "хварэлі" за ўдзельнікаў. Уражвала, з якой захопленасцю члены сем'яў падтрымлівалі адзін аднаго, стараліся перамагчы, трымаліся як адна каманда. Але спаборніцтвы для таго і існуюць, каб вызначыць пераможцаў і тых, хто крышачку саступіў сваё права стаць лепшым. А таму пасля падвядзення вынікаў, першае месца заняла сям'я Жалезных з аграгарадка Малькавічы. Другой стала сям'я Занькаў з Люсіна, а ўслед за імі з мінімальным адрывам размясціліся сем'і Мінічаў з Агарэвіч і Валуевічаў з вёскі Хатынічы.



Источник: http://gants.by
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (31.08.2016) W
Просмотров: 521
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования