Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

Фарбы фестывалю

Ганцавічы на адзін дзень сталі маладзёжнай сталіцай Брэсцкай вобласці: 17 чэрвеня тут прайшоў абласны фестываль-конкурс “Маладзёжны квартал”, прысвечаны Дню моладзі. Фестывальныя пляцоўкі занялі ўвесь цэнтр горада, а маладыя ганцаўчане не спяшаліся дадому: разнастайныя забавы і цудоўная шоу-праграма не пакінулі нікога раўнадушнымі.

На пачатку мерапрыемства ў кінатэатры “Маладосць “ адбылася прэс-канферэнцыя моладзі з арганізатарамі і членамі журы, у час якой кожны мог задаць хвалюючае пытанне. У ліку тых, каму яны адрасаваліся, былі Вольга Купрыянюк, галоўны спецыяліст Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ”, Юрый Сегянюк, начальнік аддзела па справах моладзі ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Анатоль Чэпікаў, дырэктр радыёстанцый “Пілот ФМ” і “Душэўнае радыё”, Наталля Ананька, прадстаўнік школы танца “ANANKO DANCE SCHOOL” (г. Баранавічы), Таццяна Піпер, дырэктр творчага цэнтра “АРТ-Піпер” і яе дачка Ангеліна, канкурсантка абласнога этапа конкурсу “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Чаму менавіта Ганцавічы былі абраны цэнтрам маладзёжнай культуры сёлета? Менавіта гэта пытанне стала самым актуальным сярод маладых удзельнікаў фестывалю. Па словах Анатоля Чэпікава, такі выбар быў абумоўлены жаданнем прыцягнуць увагу моладзі да малых гарадоў, паказаць, што і ў такіх невялікіх населеных пунктах, як Ганцавічы, ёсць таленавітыя дзеці, падлеткі, якія маюць жаданне развівацца, расці духоўна і творча.

У пачатку ўрачыстасці з прывітальным словам на цэнтральнай пляцоўцы гарадской плошчы да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык. З найлепшымі пажаданнямі і віншаваннямі таксама выступілі намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Сяргей Сарокаў і начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Сегянюк.

Адразу пасля адкрыцця мерапрыемства пачалося феерычнае танцавальнае шоу “Агонь танца”. Каля 40 танцавальных нумароў былі выкананы ва ўсходнім стылі, у тэхніцы лаціны, брэйка, стрыт дэнса і іншых. Па выніках конкурсу пуцёўку на Дзень моладзі юбілейнага XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2016” атрымалі: узорны танцавальны клуб “Мириданс” (г. Лунінец) і школа танца “ANANKO DANCE SCHOOL” (г. Баранавічы).

Арганізатары стварылі сапраўднае свята для гасцей фестывалю, кожны мог знайсці сабе занятак па душы і інтарэсах. У прыватнасці, адбыўся фестываль фарбаў “HOLI FEST”, прайшлі канцэрт юных бардаў “Кветкі Вялікай Перамогі”, дэфіле ад майстроў Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў “Мода ад народа”, а  юныя паэты сумесна з калектывам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Ф.Праскурава арганізавалі літаратурную гасцёўню “Кніга.BY”. Шмат цікавага чакала наведвальнікаў інтэрактыўных пляцовак. Напрыклад, адну з іх занялі сілавыя структуры: супрацоўнікі міліцыі, Дэпартамента аховы і МНС прэзентавалі форменнае абмундзіраванне і спецыяльную тэхніку. Вуліцу Гагарына на некаторы час ахапілі спартыўныя баталіі, дзе прайшлі спаборніцтвы па веласпорце, сілавым экстрыме, армрэслінгу, шашках. А самыя маленькія госці фестывалю знайшлі забавы ў кінабусе, дзе яны змаглі пагутарыць з папулярнымі казачнымі персанажамі і паглядзець свае любімыя анімацыйныя стужкі.

Яркім і запамінальным гэты дзень стаў і дзякуючы бітве дзіджэяў “Беларусь і Я”. У музычным батле сышліся 5 лепшых DJ гарадоў Брэсцкай вобласці: Брэста, Ганцавічаў, Івацэвічаў і Іванава. Журы было складана вызначыць аднаго пераможцу, і пасля доўгай нарады пуцёўку на ўдзел у Дні моладзі на XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” атрымалі 2 дзіджэі: DJ Rudik (Павел Руткоўскі, г. Ганцавічы) і Dj MIKE FINDER (Міхаіл Дзмітрук, г. Брэст). Іх з перамогай павіншаваў дырэктар радыёстанцый “Пілот ФМ” і “Душэўнае радыё” Анатоль Чэпікаў.

Завяршылася маладзёжнае свята ў Ганцавічах бліжэй да поўначы. Яго фінальным акордам стаў гала-канцэрт “Беларусь маладая” з удзелам гурта “PROвокация”, Ангеліны Піпер, артыстаў студыі “Правінцыя” ГДК г. Ганцавічы. А напрыканцы гасцей парадаваў святочны, яркі, маляўнічы феерверк ад Ганцавіцкага раённага камітэта ГА “БРСМ”.



Источник: http://Савецкае Палессе
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (22.06.2016)
Просмотров: 321
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования