Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

Нашы на Дні вышыванкі

Каля Палаца спорту ў сталіцы адбылося рэспубліканскае свята “Дзень вышыванкі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі шасці абласцей нашай краіны, а Брэсцкую вобласць прадстаўлялі чатыры раёны, сярод якіх была і дэлегацыя творчай моладзі Ганцаўшчыны.

Парадавала ўдзельнікаў свята дэфіле мадэляў у касцюмах з элементамі вышыванкі ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў. Гледачы па заслугах ацанілі дэфіле-прэзентацыю маладзёжнага адзення з беларускім каларытам “Мода ад народа” з калекцыі Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў. Прадстаўленыя мадэлі — ручная работа маладых майстроў, элементы касцюмаў — вышытыя і тканыя ўзоры з беларускім арнаментам, якія былі запазычаны са старых аўтэнтычных тканін.

Далей была эстафета “Арт-фолк” — канцэртная праграма, якая складалася з нумароў творчых калектываў, папулярных эстрадных выканаўцаў ад абласцей і горада Мінска. Яркім і эмацыянальным стала выступленне ансамбля “Крэда” і іх кіраўніка Кацярыны Дайлід з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.

Падчас урачыстага мерапрыемства Дыпломам пераможцы ў намінацыі “Сэлфі-фота пакаленняў у вышыванцы” рэспубліканскага фотаконкурсу “Сэлфі-фота ў вышыванцы” быў узнагароджаны Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў.

У гэты ж час на асноўнай пляцоўцы разгарнулася маштабная інтэрактыўная экспазіцыя “Фолк-кірмаш”. Кожная вобласць і Мінск прэзентавалі свае арыгінальныя замалёўкі, якія адлюстравалі фальклор рэгіёна: народныя абрады, касцюмы, гульні, побыт, народныя промыслы. На працягу ўсяго дня працавала выстава-продаж вырабаў майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэспублікі “Красуйся, горад майстроў!”. На гэтай выставе былі прадстаўлены і работы ганцавіцкіх рамеснікаў. Кожны жадаючы мог не толькі паглядзець на іх, але і набыць сувеніры для сябе. Варта адзначыць, што да выставы нашага рэгіёна падыходзіла шмат ураджэнцаў Ганцаўшчыны, якія з душэўнай цеплынёй успаміналі родны край.

Ганцавіцкі раённы камітэт ГА “БРСМ” выказвае словы падзякі аддзелу адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама, раённаму Дому рамёстваў, Ганцавікаму Дому народнай творчасці, Алене Варэйка і народнаму ансамблю “Удых танца” Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, Кацярыне Дайлід і ансамблю “Крэда” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці за дапамогу і садзейнічанне ў арганізацыі, падрыхтоўцы дэлегацыі нашага раёна для ўдзелу ў творчым праекце-свяце “Дзень вышыванкі”.

Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (13.07.2016) W
Просмотров: 386
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования