Главная » Статьи » "Савецкае Палессе" |
25 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалтаўніцтва ў адносінах да жанчын, у Ганцавічах упершыню прайшла “Кампанія Белай стужачкі”. Арганізавалі яе Ганцавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі) сумесна з райаддзелам унутраных спраў райвыканкама, атрадам МААП пярвічнай арганізацыі ГА "БРСМ" прафесійнага ліцэя. У гэты дзень на вуліцах Ганцавіч праваахоўнікі спынялі транспарт не столькі дзеля кантролю, колькі дзеля таго, каб удзельнікі акцыі-кампаніі прымацавалі на грудзі ўдзельнікаў дарожнага руху белую стужачку, якая сімвалізуе рух за ліквідацыю гвалтаўніцтва ў адносінах да жанчын, выдалі інфармацыйны буклет, заклікалі: “З прыняццем гэтай стужкі Вы абавязуецеся ніколі не крыўдзіць жанчын”. Усе мужчыны, якія прымалі падарункі, выказваліся ў падтрымку акцыі і завяралі, што жанчын будуць толькі шкадаваць і аберагаць ад усялякіх нягод. Непасрэдны ўдзел у добрай акцыі прынялі Наталля Бобка, псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Вераніка Назаранка, старшы інспектар па адміністратыўнай практыцы, Ігар Сплендзер, інспектар дарожна-патрульнай службы дзяржаўтаінспекцыі, Мікалай Шахрай, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Ганцавіцкага РАУС, а таксама валанцёры з Ганцавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, байцы маладзёжнага атрада аховы правапарадку пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Сяргей Мінько і Максім Валчок. Для даведкі: згаданая вышэй кампанія заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы насілля над жанчынамі — самаму распаўсюджанаму віду гвалтаўніцтва; яна заснавана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 1999 годзе і зараз мае статус міжнароднай, атрымала распаўсюджанне ў 57 краінах, у тым ліку ў Беларусі; сімвалам кампаніі з’яўляецца белая стужачка — чалавек, які атрымаў яе, абавязуецца ніколі не здзяйсняць гвалтаўніцтва, не апраўдваць і не замоўчваць факты насілля ў адносінах да жанчын і дзяўчын. Улічваючы тое, наколькі прыхільна паставіліся да акцыі ўсе мужчыны, якія атрымалі ў падарунак белыя стужачкі і інфармацыйныя буклеты, выснова напрошваецца адназначная: на Ганцаўшчыне яна прыжывецца, нават можна ўпэўнена гаварыць, што ўжо прыжылася. Источник: http://www.gants.by/akcii/40731.html | |
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (27.11.2017) | | |
Просмотров: 290 |