Главная » 2011 » Сентябрь » 1 » 4 верасня адбудзецца нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства
00:26
4 верасня адбудзецца нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства

Стала добрай традыцыяй у першую нядзелю верасня адзначаць Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе свята стала 18-м па ліку і будзе праходзіць ў горадзе Ганцавічы. Галоўнай мэтай свята з’яўляецца прапаганда лепшых традыцый беларускай культуры, друкаванага слова і духоўнасці беларускага народа. З нашым раёнам звязаны лёс многіх знакамітых людзей. На славутай палескай зямлі пачынаў свой творчы шлях выдатны фалькларыст, этнограф, публіцыст, мовазнаўца Аляксандр Сержпутоўскі. Мы ганарымся тым, што на нашай зямлі, у вёсцы Люсіна, пачынаў сваю настаўніцкую дзейнасць беларускі пясняр Якуб Колас, дзе напісаў першую кнігу "У палескай глушы” знакамітай аўтабіяграфічнай трылогіі "На ростанях”.

Праграмма ўрачыстых мерапрыемстваў у Ганцавічах прадугледжвае правядзенне 3-4 верасня рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, навукова-практычнай канферэнцыі "Ганцавіцкія чытанні”, спартыўных конкурсаў, канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай. Асаблівасцю свята стане адкрыццё Алеі пісьменства, якая ўславіць імя Якуба Коласа, мясцовых паэтаў-землякоў. У нядзелю, 4 верасня, свята пачнецца з Божай Літургіі, працягнецца фестывалем кнігі і прэсы, цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор 2010 года, прэзентацыяй беларускіх выдавецтваў.

Падчас свята будуць працаваць літаратурная пляцоўка "Берасцейскія галасы”, літаратурная дзіцячая пляцоўка "Усе мы родам з дзяцінства”, дзіцячая пляцоўка "Берасцейскія забаўлянкі”, "Горад майстроў”, адбудуцца канцэрты калектываў мастацкай самадзейнасці вобласці, выстаўкі старадрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, кірмаш сельскіх падвор’яў, перасоўная выстаўка "Геній зямлі беларускай”, прысвечаная М.Багдановічу. Раённы краязнаўчы музей прапануе выстаўку гісторыка-культурнай спадчыны раёна, выстаўку кніг Я.Коласа.

У мерапрыемствах прымуць удзел афіцыйныя асобы, дыпламаты, дзеячы культуры і мастацтва. Свята завершыцца святочным феерверкам.

Просмотров: 745 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования