Главная » 2015 » Март » 2 » Баявое юнацтва
22:42
Баявое юнацтва

Ганцавічы — сваю радзіму, шматпакутную зямлю бацькоў, дзядоў і прадзедаў, палітую крывёю ў гады ваеннага ліхалецця, шостакАндрэй Фёдаравіч Шостак (Ізраіл Файвелавіч) не забываў да самага скону сваіх дзён. Як толькі выдаваўся вольны час, заўсёды наведваўся сюды з Мінска, куды ў далёкіх цяпер 70-х гадах мінулага стагоддзя яго запрасілі на работу.

Бывалі моманты, калі ўбелены сівізной ветэран па той ці іншай прычыне не мог наведаць Ганцавічы, скажам, на Дзень Перамогі, ці ў іншае не менш знамянальнае свята, а вось 12 жніўня прамінуць аніяк не мог. Заўсёды ў гэты дзень яго можна было сустрэць на Кастрычніцкай плошчы райцэнтра, ля помніка загінуўшым воінам і партызанам, на гарадскіх могілках, дзе ўстаноўлена пліта ў памяць расстраляных фашыстамі мірных жыхарах мястэчка, ля памятнага знака на 7-м кіламетры аўтадарогі Ганцавічы — Хатынічы — на магіле закатаваных гітлераўцамі ў гады вайны яўрэяў…

Памяць сэрца, балюча-неадольнае жаданне аддаць даніну павагі загінуўшым, пакланіцца іх святым магілам заўсёды цягнула Андрэя Фёдаравіча ў гэта дзень на Ганцаўшчыну. Для таго былі важкія прычыны: менавіта 12 жніўня 1941 года, гітлераўскія каты правялі ў Ганцавічах масавую карную аперацыю, у ходзе якой расстралялі больш чым шэсць тысяч мірных жыхароў і вязняў Ганцавіцкага гета, у тым ліку і родных яму людзей. Некалькі гадоў назад, у той жа знакавы жнівеньскі дзень, Андрэй Фёдаравіч зноў збіраўся ў Ганцавічы. Але ягоным планам не суджана было збыцца: скалечанае бязлітаснай вайной сэрца ветэрана не вытрымала, спынілася…

Сёння, напярэдадні 70-й гадавіны Вялікай Перамогі, хочацца расказаць пра гэтага слаўнага чалавека, якога ў Ганцавічах ведалі ўсе, помняць і згадваюць добрым словам многія і цяпер. У чэрвені 1941-га, калі Андрэю Шостаку, простаму яўрэйскаму хлапчуку з глухога палескага мястэчка Ганцавічы споўнілася чатырнаццаць гадоў, ён наважыўся ехаць у Мінск, каб паступіць там на вучобу ў адно з фабрычна-заводскіх вучылішчаў. Аднак ягоным марам перашкодзіла вайна. Неўзабаве пасля прыезду ў сталіцу, ён даведаўся аб вераломным нападзенні фашысцкай Германіі на СССР…

З першых жа дзён вайны Мінск падвергся жорсткім бамбардзіроўкам фашысцкай авіяцыі. Горад на вачах ператвараўся ў руіны, чырвонаармейскія часці, якія абаранялі сталіцу, ледзь стрымлівалі наступленне гітлераўскіх войск. Ратуючыся ад смерці, горад пакідалі мірныя жыхары. Калоны бежанцаў накіраваліся на ўсход. Са скупых зводак Савінфармбюро, якія рэгулярна гучалі па радыё, Андрэй даведаўся, што Пінск, Лунінец, Ганцавічы ўжо акупіраваны заваёўнікамі. Назад, дамоў, дарогі не было і хлопец разам з іншымі бежанцамі пачаў прабірацца на ўсход у напрамку Маладзечна. Па дарозе іх часта бамбілі, не адзін раз, самі таго не жадаючы, бежанцы маглі апынуцца ў самым цэнтры баёў. Агонь, выбухі з усіх бакоў, не разабраць, дзе свае, а дзе гітлераўцы. У гэтай пякельнай кругаверці Андрэю пашанцавала: ён аказаўся ў размяшчэнні 30-га стралковага палка 64-й стралковай дывізіі, якая абараняла подступы да сталіцы. У час зацішша паміж баямі, хлопец здолеў прабіцца да камандзіра палка палкоўніка Аляксандра Яфрэмава і пачаў прасіцца, каб яго залічылі ў часць. Суровы камандзір стомлена паглядзеў на хударлявага падлетка і сказаў, нібы адрэзаў: — Не дарос ты, хлопча, да байца! А дзеці ў нас пакуль што не ваююць. Ідзі… І ў гэты момант у бліндаж, дзе гутарылі кампалка з Андрэем, салдаты ўвялі двух збітых у паветраным баі і захопленых у палон нямецкіх лётчыкаў. Перакладчыка на месцы не аказалася, а перакласці іх допыт без яго было немагчыма. Фашысцкія “асы” нешта лапаталі па-свойму, але зразумець іх ніхто не мог. І тут на выручку палкоўніку прыйшоў Андрэй, які даволі няблага валодаў нямецкай мовай. З яго дапамогай і даведалася камандаванне палка, якія сілы наступаюць на Мінск, якое ў іх узбраенне і дзе размяшчаюцца варожыя аэрадромы. Атрыманыя ад палонных каштоўныя звесткі тут жа былі перададзены ў штаб дывізіі і дапамаглі камандаванню скарэкціраваць баявыя дзеянні нашых часцей. Пасля інцыдэнту ў штабным бліндажы Яфрэмаў “зміласцівіўся” над хлапчуком і яго залічылі ў часць у якасці сына палка. А неўзабаве пасля гэтага Андрэю давялося патрымаць у руках сапраўдную зброю… Каля вёскі Казакава разгарэліся асабліва жорсткія баі. Палку даводзілася адбіваць няспынныя атакі фашысцкіх танкаў і мотапяхоты. Разам з іншымі байцамі апынуўся ў акопах і Андрэй. Гранат, супрацьтанкавай зброі, не кажучы ўжо аб гарматах, чырвонаармейцам не хапала і ў ход ішлі бутэлькі з запальваючай сумессю, так званыя “кактэйлі Молатава”. Падтрыманая танкамі нямецкая пяхота насядала на акопы нашых байцоў, рады якіх пад бязлітасным агнём праціўніка прыкметна радзелі. Вось падняўся ў акопе чырвонаармеец, узмахнуў рукой і бязвольна асеў на дно траншэі: варожая куля трапіла яму ў галаву. Выслізнула з бязвольных рук байца бутэлька з “кактэйлем” і адкацілася ў бок. Андрэй, хутчэй машынальна, чым абдумана, падхапіў яе, вызірнуў з акопа. Нямецкі танк няўмольна набліжаўся і намерваўся спрасаваць і акоп, і байцоў у ім з зямлёй, адначасова пасылаючы снарад за снарадам на тылавыя пазіцыі і паліваючы кулямётным агнём перадавую лінію абаронцаў. Не раздумваючы больш ні хвіліны, хлопец шпурнуў бутэльку прама ў ненавісную свастыку на брані варожай машыны. Яна імгненна ўспыхнула і застыла на месцы. Андрэй схапіў вінтоўку забітага байца і пачаў страляць па танкістах, якія спрабавалі пакінуць палаючую машыну. Непадалёку ад падбітага Андрэем танка палалі яшчэ некалькі. Аднак сілы абаронцаў і наступаючых былі далёка няроўнымі і рэшткам дывізіі, у тым ліку і палка палкоўніка Яфрэмава прыйшлося адступіць…

11 верасня 1941 года ўжо на Смаленскай зямлі ў раёне вёскі Нявелава полк апынуўся ў акружэнні. Пры выхадзе з вогненнага кальца Андрэй Шостак быў паранены і да таго ж кантужаны. Разам з многімі параненымі чырвонаармейцамі яго накіравалі ў глыбокі тыл. Не ведаў тады малады баец, што ў няроўным баі пад Нявелава загінуў яго першы і апошні ваенны камандзір палкоўнік Аляксандр Іванавіч Яфрэмаў… Дамоў, у Ганцавічы, Андрэй Шостак вярнуўся пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў узмужнелым і акрэплым маладым чалавекам, поўным сіл і энергіі. Трывожныя былі тады часы на роднай зямлі. Па лясах і балотах хаваліся рэшткі недабітых фашыстаў, іх памагатых — паліцаяў, розных груп бандытаў і крымінальных элементаў, якія пастаянна ўчынялі нападзенні на мірныя вёскі, забівалі партыйных і савецкіх актывістаў. І Андрэй не мог змірыцца з гэтым, таму неўзабаве пасля вяртання на радзіму, уступіў добраахвотнікам у знішчальны батальён НКУС, які праводзіў ліквідацыю фашысцкіх недабіткаў на тэрыторыях Ганцавіцкага, Лунінецкага, Лагішынскага і Целяханскага раёнаў. Ніколі не пасаваў ён перад цяжкасцямі, не аднойчы ў сутычках з бандытамі рызыкаваў сваім жыццём, паказваючы прыклады смеласці і адвагі.

Аб пасляваенным баявым шляху А. Ф. Шостака красамоўней любых слоў гавораць скупыя радкі характарыстыкі, дадзенай яму адным з кіраўнікоў Пінскага абласнога НКУС А. І. Прышчэпавым: ”Як баец актыўна ўдзельнічаў у баявых аперацыях па ліквідацыі і затрыманні ўдзельнікаў бандфарміраванняў… Праяўляў асабістую ініцыятыву і знаходлівасць пры правядзенні баявых аперацый. Неаднаразова ўдзельнічаў у засадах, праследаваннях бандытаў, перастрэлках…”. Потым А. Ф. Шостак працаваў у Ганцавічах на розных адказных пасадах: быў начальнікам раённага аддзела кінафікацыі, старшынёй арцелі “Чырвоны гвардзеец”, а праз шэсць гадоў пасля адкрыцця ў райцэнтры аднаго з буйнейшых у рэспубліцы прадпрыемстваў харчовай прамысловасці — кансервава-гароднінасушыльнага камбіната — яго дырэктарам. У час дырэктарства ярка раскрылася яшчэ адна цудоўная рыса яго характару: нягледзячы на розныя цяжкасці — ісці да пастаўленай мэты.

Справа ў тым, як і многія былыя франтавікі і партызаны, што тады працавалі на адказных і кіруючых пасадах, Андрэй Фёдаравіч не меў дастатковай адукацыі. Менавіта тады ён без адрыву ад вытворчасці спачатку закончыў Ганцавіцкую сярэднюю школу рабочай моладзі, а неўзабаве — інстытут харчовай прамысловасці ў Маскве. Такую мэту ён паставіў перад сабой адразу пасля вайны і дасягнуў яе. У канцы 1960-х Андрэя Фёдаравіча Шостака, як аднаго з лепшых кіраўнікоў прадпрыемстваў харчовай прамысловасці рэспублікі, запрасілі на работу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, дзе ён да выхаду на пенсію працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення “Мінплодагародніна”. Вось такое яркае і багатае жыццё пражыў гэты чалавек, пакінуў пасля сябе добры след. Пакінуў, каб яго помнілі…

 

Канстанцін МОХАР.

НА ЗДЫМКУ: Андрэй Фёдаравіч Шостак (злева) з тагачасным дырэктарам раённага краязнаўчага музея Сцяпанам Львовічам Разумцом на адкрыцці помніка ахвярам вайны на сёмым кіламетры аўтадарогі Ганцавічы —Хатынічы. Фота з фондаў раённага краязнаўчага музея.

Просмотров: 607 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования