Главная » 2016 » Октябрь » 3 » “Крэда” Кацярыны Ісаевай
17:18
“Крэда” Кацярыны Ісаевай

Кацярына Ісаева працуе ў раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці. У яе на зайздрасць прыгожы голас, яна ўмее наладзіць стасункі з дзецьмі, прывівае ім любоў да песні.

 

Першы выхад на сцэну для сямігадовай Кацярынкі быў хвалюючым. У зале сядзелі дарослыя людзі ў белых халатах, з добрымі, але чамусьці такімі сур’ёзнымі тварамі. Педагог па вакале Святлана Францаўна Муха абдымала дзяўчынку за хударлявыя плечыкі і супакойвала: “Не хвалюйся, усё будзе добра”. Калі прагучалі апошнія радкі прысвячэння матулі, Кацярына ўбачыла слёзы ў вачах жанчын. “Не спадабалася”, — мільганула ў галаве дзяўчынкі думка. Але яна адразу супакоілася, калі пачула словы педагога: “Калі плачуць у зале, значыць, па душы твая песня, значыць, кранула за жывое. Спявай, і няхай доўгім будзе твой песенны шлях”.

Песня звязана з дзяцінствам і маладосцю Кацярыны, з працай і адпачынкам, з радасцю і расчараваннем. Гэта яна прыносіць асалоду сэрцу, хвалюе душу дзяўчыны, робіць па-сапраўднаму шчаслівай. “Каб вы толькі ведалі, як я люблю спяваць! Мыю падлогу ў хаце — спяваю, даглядаю кветкі ў палісадніку — спяваю, нават калі кручу педалі веласіпеда — таксама спяваю”, — гаворыць Кацярына.

Яе песні меладычныя і шчымлівыя, сучасныя і старадаўнія. “Вельмі падабаюцца мне народныя песні, — прызнаецца дзяўчына. — Слухаю іх і заўсёды ўспамінаю бабулю. Жыла яна ў вёсцы Задуб’е, мела крыштальна чысты голас і спявала песні сваёй маці. Ужо тады, дзіцячым розумам, я ўсведамляла, што большасць песень пра каханне, пра расстанне, пра няпросты лёс жаночы”.

Бабуліны песні назаўсёды запалі ў сэрца Кацярыны. Калі стала педагогам раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, вырашыла яна спяваць іх са сваімі выхаванкамі. Па-новаму, па-сучаснаму загучалі народныя матывы ў выкананні гурта “Крэда”. Фолькмадэрн — такую мудрагелістую назву мае стыль выканання песень калектыва. І хоць перарадзіліся песні, набылі новую афарбоўку, аднак засталіся такімі ж напеўнымі, срэбразвонкімі, як і раней.

У мінулым годзе фальклорны калектыў пад кіраўніцтвам Кацярыны Аляксандраўны прадстаўляў раён на абласным свяце “Радавод”. Прыгажуні-дзяўчаты апранулі, хоць і стылізаваныя, народныя строі, адшліфавалі, з улікам самых нязначных драбніц, тэхніку выканання і сталі пры падвядзенні вынікаў выступлення ў ліку лепшых. “На “Радавод” калектыў ехаў упершыню, — расказвае Кацярына. — Прызнаюся, думалі, што толькі дзеля таго, каб прыняць удзел у фестывалі. Дыплом ІІ ступені стаў для нас з аднаго боку — нечаканасцю, а з другога — стымулам для далейшага росту. Выступленне, словы кампетэнтнага журы запалілі агеньчык у маім сэрцы і сэрцах дзяўчат. Ад яго, я веру, павінна разгарэцца светлае і магутнае вогнішча нашай далейшай песеннай творчасці”.

Можа, некаму падасца дзіўным, але ж не марыць дзяўчына аб вялікай сталічнай сцэне. Ёй хочацца спяваць і працаваць з тымі, хто яе разумее, хто яе падтрымлівае, хто з павагай ставіцца да яе прыроднага таленту.

Сёлета, на жнівеньскай настаўніцкай нарадзе, Кацярына Ісаева атрымала з рук Аляксандра Саланевіча, старшыні райвыканкама, Пісьмо падзякі. “Птушка Ганцавіч” — так назваў кіраўнік раёна грацыёзную, прыгожую, статную дзяўчыну. Невыпадкова. Песні ў выкананні Кацярыны гучаць на самых адказных і маштабных мерапрыемствах. Яна — сапраўднае ўпрыгажэнне любой канцэртнай праграмы. А што датычыцца песні “Птушка Ганцавіч”, дык яна адна з любімых у рэпертуары дзяўчыны. “Гэтая песня блізкая мне па духу. Слухаючы яе, міжволі задумваешся пра родны край, пра бацькоўскі дом… Просценькая. Але ж такая запамінальная і кранальная мелодыя”.

…Некалькі хвілін застаецца ў Кацярыны Ісаевай да выхаду на сцэну. На ёй чырвоная, ажно да самай падлогі, сукенка. Пышныя валасы паслухмяна падаюць на плечы. Унутранае хваляванне не пакідае. Яно такое ж, як у дзяцінстве… Яна робіць некалькі крокаў, чуюцца першыя акорды знаёмай мелодыі. Кацярына супакойваецца. Яе песня — раздольная і шырокая. Без гэтай песні, як без бацькі і маці, без роднай хаты, кахання, вернасці і адданасці, яна б не змагла жыць.

Галіна ПУПАЧ.

Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ.

Просмотров: 977 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования