Главная » 2014 » Август » 3 » Наркотыкі лёгкадаступныя?
17:31
Наркотыкі лёгкадаступныя?

Прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў  грунтуецца на сістэмнасці і цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых службаў. І калі ў гэтым плане ўзнікае шмат упушчэнняў, то ў будучым можна чакаць абвастрэння крымінагеннай сітуацыі ў рэгіёне.

З 25 па 27 ліпеня на Ганцаўшчыне супрацоўнікі атрада міліцыі асобага прызначэння з Пінска сумесна з работнікамі пракуратуры раёна праводзілі рэйды з мэтай выяўлення правапарушэнняў. Выяўлена іх вельмі шмат: ад распіцця грамадзянамі спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, дробнага хуліганства да захоўвання наркатычных рэчываў. Апошняе згаданае правапарушэнне падпадае пад крымінальную адказнасць.

Праблема распаўсюджвання псіхатропных рэчываў, так званых спайсаў, даволі востра паўстае ў апошні час. На Ганцаўшчыне з пачатку года па захоўванні наркотыкаў былі ўзбуджаны 2 крымінальныя справы. І вось чарговы выпадак. Вечарам у суботу, 26 ліпеня, у гарадскім парку супрацоўнікі АМАПа затрымалі траіх маладых людзей, у якіх аказаліся пры сабе псіхатропныя рэчывы. Варта адзначыць, што брат аднаго з іх ужо асуджаны за аналагічнае злачынства.

Сам факт, што дастаткова было супрацоўнікам пракуратуры і Пінскім АМАПаўцам выйсці на вуліцы горада, як стала відавочна, што ёсць шмат недапрацовак у рэалізацыі прафілактычных мерапрыемстваў па прадухіленні правапарушэнняў і злачынстваў. Па-першае, няма сістэмнасці ў рабоце супрацоўнікаў міліцыі па забеспячэнні грамадскага парадку на вуліцах горада, а таксама адсутнічае мэтанакіраваная работа па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў. Аматары дурману вядомы на пералік і, калі гэтых асоб трымаць пад кантролем, то і праблем будзе менш. Улічваючы, што спайсы папулярныя, найперш, у маладзёжным асяроддзі, бацькам варта асабліва ўважліва сачыць за сваімі дзецьмі і звяртаць увагу, цікавіцца, з кім яны сябруюць. Бо “забаўкі” з наркотыкамі, як правіла, маюць для чалавека сур’ёзныя наступствы: можна зламаць свой лёс і ператварыць жыццё родных у трагедыю.

У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам нашай краіны, незаконны выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне ці перавозка наркотыкаў можа прывесці да пазбаўлення волі да 5 гадоў. Калі аналагічнае злачынства звязана з мэтай збыту, то пакаранне яшчэ больш сур’ёзнае — да 8 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Больш таго, калі такое злачынства з мэтай збыту здзейснена групай асоб паўторна, у буйным памеры, ці наркотыкі распаўсюджваліся, напрыклад, на тэрыторыі ўстановы адукацыі, то і пакаранне можа быць да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Сяргей НАСЕНЯ, пракурор Ганцавіцкага раёна. 

Просмотров: 998 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования