Главная » 2015 » Март » 11 » Па вайне, як па пожні ішлі…
21:35
Па вайне, як па пожні ішлі…

На пытанне аднаго з субяседнікаў, што трэба для таго, каб паразумнець, пачула: “Трэба вучыцца”. Таксама так лічу: трэба вучыцца ўсяму добраму ў людзей, якія перанеслі на сваім жыццёвым шляху нямала цяжкасцей, цярпліва перажылі іх, набылі багаты вопыт і шчодра дзеляцца залацінкамі мудрасці з іншымі. Адна з такіх — Алімпіяда Маркаўна Аляшкевіч (НА ЗДЫМКУ), якая жыве ў нашым горадзе. Гэта жанчына пажылога ўзросту і з багатым жыццёвым вопытам. Яна перажыла ваеннае ліхалецце, а яе мудрыя парады дапамагаюць іншым у любых няпростых сітуацыях.

30 студзеня гэтага года Алімпіяда Маркаўна адзначыла свой 85-гадовы юбілей. Але гады не ляглі цяжкім грузам на яе плечы, яны — яе багацце. Гэтая аптымістычная жанчына не сядзіць без справы, у сваім узросце яна яшчэ вяжа кручком, вышывае крыжыкам, дорыць вышытыя рэчы родным і блізкім, наведвае культурныя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў горадзе, чытае кнігі, цікавіцца навінамі раёна, вобласці і краіны, наведвае храм і ўвогуле яна цікавы субяседнік.

Гэтымі днямі зайшла да яе ў госці, за кубкам чаю разгаварыліся. Падзеі ва Украіне не маглі не скіраваць нашу размову на ваенна-патрыятычную тэму. Пытаюся ў Маркаўны: “Вы памятаеце вайну?” Яна кіўнула ў адказ, твар яе спахмурнеў і жанчына са скрухай вымавіла: “Ой-ё-ёй, я вайну памятаю, быццам яна была ўчора”…

…У тым далёкім 1941 годзе Алімпіядзе Аляшкевіч споўнілася 11 гадоў. Бацькі жылі ў прыгарадзе Гомеля. У сям’і было чацвёра дзяцей — тры дачкі і сын. Старэйшая сястра Алімпіяды ўжо мела сваю сям’ю і жыла пад Гомелем. У першы дзень вайны было яснае, сонечнае надвор’е. Дзяўчынка выйшла разам з мамай на вуліцу і яны ўбачылі высока ў небе самалёты. А каля іх дома, дзе на слупе вісеў радыёпрыёмнік, сабралася ўжо шмат людзей. Голас дыктара паведамляў, што без аб’яўлення вайны Германія напала на Саюз.

Бамбёжка Гомеля пачалася ўжо ноччу. Людзі былі ў паніцы, жыхары дома, дзе жылі бацькі Алімпіяды, пабеглі ў падвал сталовай, што размяшчалася непадалёку. Пазней у час бамбёжак людзі хаваліся ў вырытых акопах.

Бацька Алімпіяды Маркаўны працаваў на цагельным заводзе. Сям’і прапанавалі эвакуіравацца ў тыл разам з заводам, але бацькі адмовіліся. Ім далі каня і яны, прыхапіўшы сякія-такія пажыткі і прадукты, разам з яшчэ адной сям’ёй падаліся ў суседнюю Украіну. Калі выехалі з прасёлачнай дарогі на бальшак, убачылі, што цэлы абоз цягнецца на ўсход, наўкола — гоман і гул. І раптам сярод гэтага гулу раздаўся моцны ўзрыў: гэта наш самалёт падбіў нямецкі. Ад бамбёжкі неба было страшным, сітуацыя — непрадказальнай.

Алімпіяда Маркаўна згадвае: “Два дні сям’я была ў дарозе. Ужо на ўкраінскай тэрыторыі выкапалі ў садзе бліндаж у два накаты бярвенняў і ўсе там размясціліся. Раніцай пачалася страляніна, а затым наступіла рэзка цішыня. Адчынілі лаз паглядзець і ўбачылі немцаў, якія ішлі ў двор”. Ад страху Лілія (так звалі бацькі Алімпіяду) страціла прытомнасць. У час таго бою савецкія салдаты былі заціснуты ў кола і іх загінула шмат. Калі немцы адышлі, тата Маркаўны разам з іншымі мужчынамі сабралі целы загінуўшых салдат і пахавалі іх у брацкай магіле.

Фронт адступаў, і ўся сям’я вярнулася на сваё ранейшае месца жыхарства. Але ў дамах не было святла, не было і ежы. Каб мець хоць якія прадукты, даводзілася мяняць рэчы на іх. Бацька зноў пайшоў працаваць. Немцы выдавалі на галаву сям’і па 500 грамаў хлеба, а на кожнага члена — па 250. А хлеб той немагчыма было есці. Аднойчы ноччу да бацькоў прыйшлі знаёмыя людзі і параілі выехаць, бо сям’і пагражае небяспека. І зноў была трывожная дарога, на гэты раз на радзіму таты ў вёску Уборкі Лоеўскага раёна. Жылі ў роднай хаце таты. У гэтых мясцінах была партызанская зона. У вёску прыходзілі партызаны, мясцовыя жыхары давалі ім палатно для перавязкі ран, авёс для коней. Амаль з кожнай хаты хтосьці быў у партызанах.

Праходзяць дзесяцігодзі, а асобныя эпізоды той суровай пары і цяпер не забываюцца. Алімпіяда Маркаўна памятае, як аднойчы немцы расправіліся з трыма сем’ямі. Яны сагналі іх у хлеў і падпалілі яго. Відовішча было жудасным. Потым, расказвае Алімпіяда Маркаўна, яны, дзеці, хадзілі на папялішча, і той страшны малюнак па сённяшні дзень стаіць у яе вачах. Пасля вайны на тым месцы паставілі помнік ахвярам вайны.

Жанчына, успамінаючы тыя трывожныя гады, дзеліцца перажытым: увесь час жылі ў напружанні, вузельчык з ежай заўсёды быў напагатове. Калі чулі гул машын, імчалі да бліжэйшых кустоў, затым пераходзілі ў лес. Калі ўсё сціхала, вярталіся дамоў.

“Аднойчы, калі мы былі ў суседняй вёсцы”, — згадвае Алімпіяда Маркаўна, — пачуўся гул варожых танкаў. Немцы разышліся па хатах, загадалі нам грузіць рэчы і ехаць на калгасны двор. Адтуль яны збіраліся адпраўляць моладзь у Германію. Мой брат Іван хоць меў на той час 16 гадкоў, быў высокага росту і выглядаў старэй за гэты ўзрост. Каб выратаваць яго ад адпраўкі ў Нямеччыну, бацькі схавалі Івана на возе, закрылі вопраткай, нас пасадзілі зверху, а самі ішлі побач. Я стала плакаць, а немец кажа: “Не плач, паедзеш у Германію”. Пасля яго слоў мне стала яшчэ страшней.

Брату тады ўдалося ўцячы — побач было жытнёвае поле, а за ім — лес. Бацьку загадалі гнаць скаціну, каня забралі. На шчасце, удалося збегчы і тату.

На той зямлі, дзе ідзе вайна, не можа быць спакойна і ўтульна. Усю вайну, расказвае Маркаўна, жылі, як на парахавой бочцы. У любы час магла прыйсці няпрошаная бяда, галадалі, елі мерзлую бульбу, рады былі крышкам сухарыкаў…

Як радаваліся, згадвае, нібыта нанава перажывае той час, Маркаўна, калі немцы пачалі адступаць, калі прыйшлі нашы. З лесу людзі пачалі вяртацца ў свае дамы. У паўразбуранай хаце сям’я і сустрэлася з татам, які знаходзіўся ў другім месцы і першым дабраўся дамоў. Пачалося мірнае жыццё. Дружна, агульнымі сіламі адрамантавалі дом, людзі, якія перажылі горыч страт, цяжкія эпідэміі, выжылі ў пекле вайны, не ачарсцвелі душой, стараліся дапамагаць адзін аднаму як маглі.

Пасля вайны Алімпіяда Маркаўна пайшла ў пяты клас, а затым пасля заканчэння сямі класаў паступіла ў Гомельскае медвучылішча — памятаючы людскія пакуты ў час вайны, вырашыла стаць медыцынскім работнікам. Сорак пяць гадоў адпрацавала яна ў сістэме аховы здароўя і заўсёды карысталася павагай і аўтарытэтам сярод калег і пацыентаў, бо была адказным, граматным работнікам, добрай, чулай, справядлівай жанчынай. Усе самыя добрыя чалавечыя якасці перадаліся ад Алімпіяды Маркаўны яе дочкам Ларысе і Тамары, унуку Івану, якія сталі ўрачамі. Родныя любяць Маркаўну, свайго дарагога чалавека, а яна за ўсіх іх моліцца Усявышняму. А яшчэ дзякуе яму за тое, што пачуў малітвы яе родных у час бамбёжак і фашысцкіх зверстваў, падараваў ім жыццё.

Мы жывём пад мірным небам. Пасляваеннае пакаленне не ведае, што такое вайна. І дай Бог, каб ніколі не зведала гора, якое нясе яна чалавецтву. Мы павінны цаніць гэтую каштоўнасць, а яшчэ памятаць успаміны тых, хто ішоў па вайне, у жыцці каго яна пакінула свой след.

Валянціна НАУМІК

Просмотров: 652 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования