Главная » 2017 » Май » 18 » У піянерыі — юбілей!
17:35
У піянерыі — юбілей!

19 мая 1922 года ў Савецкім Саюзе з’явіліся першыя піянерскія атрады. З гэтага дня пачаў развівацца піянерскі рух. Рабяты жылі інтарэсамі сваёй краіны і свайго народа. Сёлета піянерыя адзначае юбілей — 95 гадоў. 

Гісторыя піянерскай арганізацыі Ганцавіцкага раёна пачалася ў верасні 1939 года — для дзяцей гарадскога пасёлка Ганцавічы была адкрыта школа, а ў школе быў створаны піянерскі атрад. У кастрычніку 1939 года арганізавана і піянерская дружына. Старшым піянерскім важатым працаваў Васіль Карпавіч Каралёў. А першым старшынёй савета дружыны Ганцавіцкай школы быў Фядос Піліпавіч Швайка. Імя ў той час дружына яшчэ не насіла.

Піянеры праводзілі розныя зборы, выпісвалі, чыталі і абмяркоўвалі артыкулы з часопіса “Піянер”, праводзілі піянерскія лінейкі. Прычым, у піянеры прымалі па заявах. А самая нізкая адзнака, якую павінен мець вучань, які паступае ў піянеры, “чацвёрка” — атрымаць права насіць чырвоны гальштук было вельмі цяжка. Але, нягледзячы на  ўсе цяжкасці, тады ў дружыне налічвалася больш за 70 піянераў.

Піянерская арганізацыя праводзіла вялікую выхаваўчую работу і сярод школьнікаў, а самі піянеры былі першымі пачынальнікамі ўсіх карысных спраў. Дружына працавала пад кіраўніцтвам камсамольскай арганізацыі. У гэты перыяд сакратаром камсамольскай арганізацыі быў Мікалай Бруй. А першымі піянерамі сталі Андрэй Шостак, Аляксандр Кляўчэня, Пётр Плотка, Пётр Берташ.

Але мірнае шчаслівае жыццё піянераў, як і ўсяго савецкага народа, перарвала вераломнае нападзенне гітлераўскіх полчышчаў. Актыўны ўдзел у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымалі і былыя піянеры Ганцавіцкай школы, а таксама былы старшыня савета дружыны Фядос Швайка.

У 1945 — 1946 пасляваенным навучальным годзе піянерская арганізацыя была адноўлена і ей было прысвоена імя Аляксандра Матросава. На III Пленуме РК ЛКСМБ ад 17 чэрвеня 1945 года адзначалася, што ў Ганцавіцкай СШ па ініцыятыве настаўніцкай і камсамольскай грамадскасці створана піянерская арганізацыя, у якой налічвалася 59 чалавек, а ў 1946 годзе іх стала ўжо 72. У 1952 — 1953 навучальным годзе піянерская арганізацыя налічвала 140 піянераў.

Дастойным прадаўжальнікам слаўных спраў савецкай піянерыі сёння з’яўляецца Грамадскае аб’яднанне “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Галоўная мэта ГА “БРПА” — грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне школьнікаў, калектыўныя творчыя справы, накіраваныя на развіццё навучэнцаў. Дзейнасць арганізацыі ажыццяўляецца праз рэалізацыю рэспубліканскіх праграм “Сем Я”, “Спадчына”, “Акцябраты”, “Гульня — справа сур’ёзная”, “Лідар”.

У цяперашні час у шэрагах Ганцавіцкай раённай піянерскай арганізацыі 2392 школьнікі, 836 з якіх — акцябраты. Гэта вясёлыя, актыўныя, ініцыятыўныя, цікавыя юнакі і дзяўчаты, якія праслаўляюць наш раён на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Цяперашнія піянеры імкнуцца быць першымі і ў наш бурны час. На іх рахунку мноства карысных і цікавых спраў, сярод якіх працоўная акцыя “Наша піянерская праца табе, Айчына!”, агульнапіянерская экалагічная акцыя “Адновім лясы Беларусі”, дабрачынная акцыя «Цуды на Каляды», рэспубліканскія конкурсы “Суперважаты”, “Лідар года”,  “Запалі касцёр дабра”, “Піянерскія іскры”, “Я піянер сваёй краіны” і іншыя.

Ганцавіцкі раённы савет Грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” віншуе піянераў усіх пакаленняў з 95-годдзем Усесаюзнай піянерскай арганізацыі і жадае невычэрпнага піянерскага запалу, міру і дабра! Усіх, хто не абыякавы да піянерскага свята і традыцый, запрашаем прыняць удзел у піянерскім злёце “Піянерыі — 95!”, які адбудзецца 19 мая ў 15.00 на базе СШ № 3 г. Ганцавічы.

Алена МІНЬКО, старшыня РС ГА “БРПА”.

НА ЗДЫМКУ: піянерважатыя раёна, 1980-я гады.

Просмотров: 568 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования