Главная » 2013 » Январь » 29 » В районной детской библиотеке прошёл вечер, приуроченный к юбилею ветерана войны и труда Ольги Ивановны Задерковской
17:00
В районной детской библиотеке прошёл вечер, приуроченный к юбилею ветерана войны и труда Ольги Ивановны Задерковской


На мінулым тыдні, 27 студзеня, споўнілася 90 гадоў Вользе Іванаўне Задзяркоўскай. З гэтай цудоўнай нагоды родныя і блізкія, сябры і прадстаўнікі грамадскасці сабраліся ў раённай дзіцячай бібліятэцы, каб павіншаваць яе з юбілеем.

Бадай, не знойдзецца на Ганцаўшчыне чалавека, хто б не ведаў Вольгу Іванаўну — ветэрана вайны і працы, заслужанага педагога, майстрыху і проста цудоўную жанчыну, якая сваёй нястомнай працай, грамадскай дзейнасцю, душэўнай цеплынёй і дабрынёй заслужыла ўсеагульную павагу і любоў.

Гэтымі пачуццямі была прасякнута ўся атмасфера вечарыны, прысвечанай Вользе Іванаўне. Пранікнёныя словы віншаванняў і ўдзячнасці юбілярцы выказвалі сваякі і сябры, прадстаўнікі райвыканкама і ветэранскай арганізацыі, райваенкамата і прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённых бібліятэк, раённага Дома рамёстваў і РЦДЮТ, піянерскай арганізацыі і БРСМ, першыя яе выхаванцы і сённяшнія вучні гарадской СШ №1. І ў гэтых віншаваннях падчас святкавання юбілею ў чарговы раз раскрываўся вобраз Вольгі Іванаўны.

Яна дзяўчынай у час Вялікай Айчыннай вайны добраахвотнікам пайшла на фронт і служыла ў роце сувязі. У мірны час прысвяціла сябе педагагічнай дзейнасці — на працягу многіх гадоў працавала ў школе, а затым у раённым Доме піянераў і школьнікаў. І 20 яе выхаванцаў пайшлі па яе слядах — сталі настаўнікамі. Разам з тым Вольга Іванаўна з’яўляецца цудоўнай майстрыхай, вырабы якой зачароўваюць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. І на працягу ўсяго жыцця яна заўсёды актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна.

Жыццёвы шлях Вольгі Іванаўны адзначаны шматлікімі медалямі і граматамі, а таксама шчырай любоўю людзей. І для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства юбілей Вольгі Іванаўны стаў сапраўдным святам са слязьмі на вачах, якія міжволі наварочваліся ад радасці і паўнаты пачуццяў.

Адчувалася хваляванне і самой Вольгі Іванаўны. Яна ад усёй душы падзякавала за ўвагу, шчырыя віншаванні і адзначыла, што занатавала свае ўспаміны ў дзённіках, якіх набралася 50 сшыткаў. У іх уся гісторыя жыцця Вольгі Іванаўны. На аснове гэтых дзённікаў яшчэ ў 2003 годзе, дзякуючы намаганням работнікаў раённай дзіцячай бібліятэкі, выйшаў у свет нарыс "Гартаючы жыцця свайго старонкі”, у якім праз апісанне лёсу чалавека, яго роду адлюстравана і гісторыя ўсёй краіны, яе народа. Гэта — падарунак нашчадкам, не толькі дзецям, унукам і праўнукам Вольгі Іванаўны Задзяркоўскай, але і ўсім нам, бо яна —сувязное звяно паміж мінулым і будучым, прыклад сілы духу і душэўнай прыгажосці.

Павел СВІСТУНОВІЧ.
"СП"
Просмотров: 494 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования