Главная » 2013 » Апрель » 11 » Выратавальнікі вачамі дзяцей
22:25
Выратавальнікі вачамі дзяцей

Хто такія выратавальнікі? Якімі ўяўляюць людзей гэтай высакароднай прафесіі дзеці? Вядома ж, мужнымі і смелымі, самаахвярнымі і граматнымі, добрымі і спагадлівымі, што і пацвердзіў раённы конкурс дзіцячай творчасці на лепшы малюнак, плакат, выраб, мадэль пажарнай тэхнікі, сачыненне, казку, верш, які праходзіў пад агульнай назвай "Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Праводзіўся ён сярод вучняў агульнаадукацыйных школ і пазашкольных устаноў Ганцаўшчыны з 20 снежня мінулага года па 1 сакавіка 2013 года.  У яго ўключылася шмат рабят, якіх падтрымалі педагогі.

Спачатку падводзіліся  вынікі конкурсу ў кожнай установе, затым лепшыя работы, прадстаўленыя на суд журы, дэманстраваліся на выставе ў РЦДЮТ. Члены журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты аддзела адукацыі райвыканкама, РАНС, РК ГА "БРСМ”, раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, падвялі вынікі, і лепшыя дзіцячыя работы былі накіраваны на 15-ы абласны агляд-конкурс дзіцячай творчасці.

Дык хто ж яны, пераможцы конкурсу? Чым уразілі гледачоў і членаў журы іх работы? Аб гэтым стала вядома ў мінулую суботу, калі ў актавай зале РЦДЮТ адбылося ўшаноўванне пераможцаў конкурсу "Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Мерапрыемства ператварылася ў сапраўднае свята для рабят. А заадно стала своеасаблівым урокам паўтарэння пройдзенага: вядучая Н. В. Гунчакова нагадала аб ролі выратавальнікаў у надзвычайных сітуацыях, а яе расказ суправаджаўся паказам маляўнічых відэаролікаў аб тым, як важна ведаць і захоўваць правілы супрацьпажарнай бяспекі. Адзначыўшы, для чаго праводзяцца разнастайныя алімпіяды і конкурсы, Наталля Вячаславаўна адкрыла цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу "Выратавальнікі вачамі дзяцей” у розных яго намінацыях.

У намінацыі "Лепшы малюнак” на высокім узроўні адзначаны работы вучня 6 класа гімназіі Ягора Мухі, пяцікласніцы Будчанскага ясляў-сада — СШ Веры Савеня, вучаніцы 6 класа Раздзялавіцкай СШ Марыны Шасцюк.

Плакаты дзяўчынак Ірыны Занька, Дар’і Сядых (СШ № 1), Паліны Муха (Круговіцкая СШ) адлюстроўвалі іх бачанне ролі прафілактычных мерапрыемстваў у барацьбе з пажарамі і былі прызнаны найбольш адметнымі ў намінацыі "Лепшы плакат”.

Творчую фантазію, майстэрства праявілі рабяты, майструючы на конкурс вырабы ў рознай тэхніцы выканання. Уразілі членаў журы работы членаў аб’яднання па інтарэсах "Рукадзельніца” СШ № 2 ("Захоўвай правілы пажарнай бяспекі”), вучняў 2 класа Хатыніцкай СШ ("Агонь — наш сябра, агонь — наш вораг”). За новую ідэю і тэхніку выканання трэцяе месца ў намінацыі "Лепшы выраб” занялі работы васьмікласнікаў СШ № 3.

Аб тым, што ёсць сярод рабят здольныя канструктары, сведчылі мадэлі пажарнай тэхнікі, прадстаўленыя на конкурс. Лепшымі прызнаны работы Яна Якубоўскага (Кукаўская СШ) і Арцёма Крупеніча (Раздзялавіцкая СШ).

Шчырыя, не па-дзіцячы мудрыя вершаваныя творы склалі Юлія Галуза з Дзяніскавіцкага ясляў-сада — СШ ("Зязюля”), Аляксандра Віктаровіч з гімназіі ("Пажар”), Максім Карповіч з Хатыніцкай СШ ("Малышы са школы”). Яны і перамаглі ў намінацыі "Лепшы верш”.

Лепшую казку склала Марыя Стральчэня з Чудзінскай СШ, а лепшае апавяданне — Надзея Савеня з гэтай жа школы.

Работы вучняў нашага раёна былі адзначаны на абласным і рэспубліканскім конкурсах. Так, у  абласным конкурсе Ягор Муха (гімназія) заняў у намінацыі "Малюнак” 2-е месца, у намінацыі "Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі” 3-е месца прысуджана Яну Якубоўскаму, вучню Кукаўскай СШ. А Юлія Галуза, вучаніца Дзяніскавіцкага ясляў-сада — СШ заняла 1-е месца ў намінацыі "Верш” 15-га рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці "Выратавальнікі вачамі дзяцей”.

Пераможцаў шчыра павіншавалі і ўручылі граматы і падарункі прысутнічаючыя на свяце намеснік начальніка РАНС В. А. Анішчанка і першы сакратар РК ГА "БРСМ” А. А. Занька. Для рабят гучалі песні ў цудоўным выкананні выхаванцаў РЦДЮТ Ульяны Муха, Алесі Калесніковіч, Тані Манолій, Дар’і Ганчарык, Дар’і Лысовай. А зроблены на памяць здымак будзе нагадваць рабятам аб іх школьных захапленнях, творчай працы і яе плёне.

Дарослыя, якія прысутнічалі ў зале, упэўнены, што рабяты, якія прынялі ўдзел у конкурсе і прапусцілі праз свае сэрцы такую надзённую супрацьпажарную тэму, ніколі не дапусцяць бяды самі і не дазволяць гэта зрабіць іншым. А, магчыма, хтосьці з іх таксама выбера для сябе адну з гуманных прафесій на зямлі — выратавальніка.

Марыя ДЗЁМІНА.

Просмотров: 1355 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования