Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

ТУРНІР АДВАЖНЫХ
Нядаўна ганцаўчане атрымалі магчымасць паназіраць за выступленнямі спартсменаў на адкрытым турніры раёна па ў-шу і панкратыёну сярод дзяцей, падлеткаў і юніёраў, які быў прысвечаны 66-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
 
У спаборніцтвах прымалі ўдзел звыш 50 спартсменаў — акрамя ганцаўчан, байцы з Баранавіч і Нясвіжа. На жаль, па тэхнічных прычынах не змаглі прыехаць спартсмены з Мінска і Ашмян, але ад гэтага турнір не стаў менш цікавым: свае байцоўскія навыкі, характар і напор прадэманстравалі як самыя маленькія ўдзельнікі спаборніцтваў—байцы 6-8-гадовага ўзросту, так і 16-18-гадовыя юнакі. Больш малодшыя спаборнічалі па ў-шу — кантактных паядынках, у якіх дазволены ўдары рукамі і нагамі, а таксама кідкі. А вось старэйшыя спартсмены выступілі ў панкратыёне, у больш жорсткай версіі адзінаборстваў, — таксама кантактных паядынках, у якіх яшчэ дазволена барацьба, болевыя і ўдушлівыя прыёмы.
 
Безумоўна, самымі відовішчнымі выступленнямі сталі паядынкі падлеткаў і юніёраў. Напрыклад, ганцаўчанін Антон Гардзей, які стаў пераможцам у вагавой катэгорыі 65 кілаграмаў, — адзіны, хто на турніры ў двух баях запар перамог датэрмінова, па-майстэрску правёўшы болевыя прыёмы. А вось Віталь Жалезны, які таксама святкаваў перамогу (вагавая катэгорыя 70 кілаграмаў), выйграў свае баі, прадэманстраваўшы выдатную ўдарную тэхніку.
 
Вельмі цікава было назіраць і за паядынкам байцоў у вагавой катэгорыі 80 кілаграмаў. Іх было ўсяго дзве — спартсмен з Баранавіч і ганцаўчанін Дзяніс Муха, які, дзякуючы характару і выдатнай барцоўскай падрыхтоўцы, упэўнена перамог свайго саперніка. Прыцягнула ўвагу і выступленне яго старэйшага брата Аляксея Мухі, які ў фінальным паядынку ва ўпартай барацьбе перамог свайго таварыша Рамана Грачнёва. Яны разам займаюцца барацьбой у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву і адзінаборствамі, як і ўсе ганцавіцкія аматары такога віду спорту, у спартыўным клубе "Мядзведзь", які стаў арпанізатарам турніру.
 
Але па драматызму не было роўных паядынку за трэцяе месца ў вагавой катэгорыі 56 кілаграмаў, у якім свой характар паказаў Яўген Вітко: атрымаўшы ад саперніка з Баранавіч удар ніжэй пояса, ён здолеў перамагчы боль, не адстуліў і, больш таго, завяршыў паядынак датэрмінова, правёўшы ўдушлівы прыём. За праяўленую волю да перамогі Яўген Вітко быў адзначаны спецыяльным прызам раённай газеты "Савецкае Палессе" — баксёрскімі пальчаткамі. Дарэчы, усе пераможцы і прызёры турніру атрымалі граматы і розныя прызы, прадастаўленыя Ганцавіцкай раённай арганізацыяй ГА "БРСМ" і іцдывідуальнымі прадпрымальнікамі раёна.
 
Галоўны суддзя турніру Аляксандр Дулік адзначыў, што такія спаборніцтвы даюць магчымасць спартсменам удасканальваць сваё майстэрства, спрыяюць папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця.
Павел СВІСТУНОВІЧ.
 
"Савецкае Палессе”
Субота, 7 мая 2011 года
№ 35 (7946)
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (08.05.2011)
Просмотров: 626
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования