Главная » 2018 » Май » 31 » Час маладых
01:26
Час маладых

Партнёр дзяржавы

 

Вітальнае слова ўдзельнікам з’езда накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «БРСМ аб’ядноўвае ў сваіх радах тысячы таленавітых, энергічных грамадзян, якія любяць Беларусь. Саюз стаў надзейным партнёрам дзяржавы ў правядзенні маладзёжнай палітыкі, годна працягвае і развівае найлепшыя традыцыі нашага народа», — гаворыцца ў прывітанні.

У рабоце форуму прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА і намеснік прэм’ер-міністра Васіль ЖАРКО.

— Сёння нельга быць інертным і пасіўным. Час выбірае смелых і ініцыятыўных. Дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — гэта перш за ўсё адлюстраванне курса развіцця краіны. Быць саўдзельнікам гэтых працэсаў — вялікая адказнасць і ўнікальная магчымасць паказаць свае сілы, набыць вопыт работы ў камандзе, адкрыць у сабе лідарскія якасці і арганізатарскія здольнасці, сфарміравацца як асобе з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, — адзначыла Наталля Качанава.

Наперад разам

«Мы — маладыя, і ў нас усё атрымаецца! Толькі разам і толькі наперад!» — заключныя словы звароту дэлегатаў да беларускай моладзі, які абвясціла «Міс Беларусь» Марыя ВАСІЛЕВІЧ. Яны яскрава перадаюць лейтматыў прадстаўнічага форуму самага буйнога маладзёжнага аб’яднання краіны.

Рухацца наперад натхняла ўдзельнікаў з’езда і навуковы супрацоўнік лабараторыі прыкладной біяхіміі Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Настасся ЛАПКО. На ўласным прыкладзе яна паказала, што можна знайсці час для ўсяго: гадаваць сыноў, здзяйсняць навуковыя адкрыцці і скараць горы. Разам з мужам яны сталі першай беларускай сямейнай парай, якая дасягнула вяршынь Эльбруса і Кіліманджара, замацаваўшы там сцяг Беларусі і БРСМ.

— Ёсць цікавая цытата: «Не імкніцеся жыць ніжэй, каб пазбегнуць падзення». Гэта прынцып нашай сям’і. Я заклікаю моладзь не спыняцца на дасягнутым, а працягваць развіваць свой праект, захапленне, сваё жыццё, быць заўсёды ў развіцці, імкнуцца да нечага, — падзялілася дэлегат.

Ідэі для Радзімы

Адзін з самых вядомых конкурсаў БРСМ — «100 ідэй для Беларусі». Праект накіраваны на падтрымку навуковай, інавацыйнай актыўнасці моладзі. З 2015 па 2017 год у аргкамітэт конкурсу накіравана больш за 4000 заяў. Сёння задача для маладых навукоўцаў — манетызаваць распрацоўкі. Свой вопыт прадставіў старшы інспектар сектара міжнароднага супрацоўніцтва Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, пераможца рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ:

— Наш вядомы праект — ствол «Вікінг» — з’яўляецца адным са складнікаў мадыфікацыі пажарных ствалоў і сёння ўжо манетызуецца. Выпушчана больш за 6000 адзінак. Гэта ўжо прынесла дывідэнды на суму каля 1 200 000 долараў.

Некалькі ініцыятыў прадставіў падчас з’езда цяпер ужо былы першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. Ён прапанаваў на заканадаўчым узроўні падняць маладзёжны ўзрост з 31 да 35 гадоў, стварыць мнагапрофільныя маладзёжныя цэнтры занятасці і добраўпарадкаваць крыніцы па ўсёй краіне.

Апошнюю ідэю ўжо рэалізуюць актывісты арганізацыі ў Магілёўскай вобласці.

— Моладзь Магілёўшчыны вырашыла пераняць прыклад Прэзідэнта па добраўпарадкаванні крыніц. Сёння мы прывезлі ваду з Трафімавай крыніцы і запрашаем усіх яе паспытаць. Калі ласка, частуйцеся! — прапанаваў Павел АЛЕКСА, першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі БРСМ.

На пленарным пасяджэнні таксама абмеркавалі змяненне статута грамадскага аб’яднання, абралі новых членаў Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай кантрольнай камісіі.

Марыя ДАДАЛКА, Звязда

Фото Виталия Пивоварчика, «СБ — Беларусь сегодня»

Просмотров: 453 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования