14:56 Як стаць лепшым дыджэем? | |
Сяргей Сямашка, ён жа Dj Аіrо Аmіs, заняў першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе «Бітва дыджэяў «Беларусь і я», які праходзіў падчас Дня моладзі ў рамках ХХVІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Тады на адкрытай пляцоўцы на плошчы Перамогі весялілася, «запальвала», перамагала ў розных конкурсах, словам, вяла рэй моладзь з усёй краіны. Арт-парад маладзёжных субкультур, дыска-фолк «Вышыванка.bу», традыцыйная патрыятычная акцыя «Мы памятаем і ганарымся», песні, танцы — шматлікія мерапрыемствы былі аб’яднаны агульнай тэматыкай «Беларусь — крыніца натхнення». Кульмінацыяй жа стала грандыёзная маладзёжная вечарына — творчы конкурс дыджэяў, якая сабрала пераможцаў рэгіянальных тураў. Акунуцца ў музычна-танцавальную атмасферу гасцям фестывалю дапамаглі лепшыя дыджэі краіны. А Мінскую вобласць прадстаўляў добра вядомы Dj Аіrо Аmіs — Сяргей Сямашка з Беразіна. — Упершыню паўдзельнічаў у конкурсе дыджэяў у 2013 годзе. Тады і паставіў перад сабой мэту — абавязкова вярнуцца з запаветным першым месцам. Удасканальваў навыкі, прыдумваў новыя гукі, спалучаў з імі музычныя кампазіцыі — не здраджваў захапленню і ішоў да гэтай перамогі пяць гадоў. Калі пачуў, што менавіта мяне прызналі лепшым дыджэем, — эмоцыі перапоўнілі! Бязмерная радасць, шчасце, усмешкі. Ура! Я гэта зрабіў, — прыгадвае мой суразмоўнік. Дарэчы, спецыяльнай музычнай адукацыі хлопец не мае, але, як ён прызнаецца, у яго душы заўсёды жыве музыка. Пасля заканчэння Бярэзінскай гімназіі атрымаў прафесію інжынера ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце і нават два гады шчыраваў па спецыяльнасці ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Першамайскі». Цяпер жа ён працуе інжынерам Бярэзінскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Ды, пагадзіцеся, спецыяльная падрыхтоўка для творчасці не заўсёды патрабуецца. Сяргей сам, эксперыментуючы, навучыўся тэхнічным прыёмам і тонкасцям, патрэбным сучаснаму дыджэю, разабраўся ў розных музычных кірунках і стылях. — Пацвярджэннем таго, што Сяргей сапраўды творчы чалавек, стала рэакцыя публікі на «Славянскім базары». Калі музыку «круціў» Сяргей, панаваў ашаламляльны настрой і ўсіх перапаўнялі яркія эмоцыі. Адчувалася, што хлопец умее працаваць і з гукам, і з публікай. Але іншыя дыджэі таксама ўскалыхнулі, завялі, разварушылі прысутных. Безумоўна, складана было выбраць найлепшага з найлепшых. — Цікава, на што ў першую чаргу члены журы звяртаюць увагу ў такіх конкурсах? — запытала я ў Сяргея. — На якасць звядзення трэкаў і іх колькасць за невялікі прамежак часу, уменне працаваць з публікай, падбор матэрыялаў… Каб усё гэта выканаць, вядома ж, неабходна справіцца з хваляваннем. Але, шчыра прызнаюся, у мяне яно прысутнічала, пакуль не абвясцілі вынікі. — А як зразумець, ці падабаецца твая музыка? — Гэта адразу бачна па рухах людзей — актыўна танцуюць альбо «вяленька». Калі да гадзіны ночы з пляцоўкі ніхто не сыходзіць, а, наадварот, прысутных прыбывае з кожным трэкам, і калі пад раніцу ўва ўсіх баляць ногі, а, прыйшоўшы дадому, яны ўспамінаюць, як класна патанцавалі напярэдадні, — значыць, у мяне ўсё атрымалася. Падтрымаць Сяргея, «пахварэць» за яго і паўдзельнічаць у Дні моладзі на «Славянскім базары» прыехалі юнакі і дзяўчаты Бярэзіншчыны. Такое невялікае падарожжа для іх арганізаваў Бярэзінскі райкам БРСМ. — Дні моладзі — гэта добрая нагода пазнаёміцца маладым людзям з усёй краіны, паказаць свой талент, навучыцца чамусьці новаму і цікаваму, — зазначыла выконваючая абавязкі першага сакратара Алеся Гурынава. — Безумоўна, вельмі хвалявалася за Сяргея. Рада, што ён заняў заслужанае першае месца. Жадаем яму новых значных перамог! | |
Просмотров: 718 | |