Главная » 2016 » Декабрь » 7 » Першы “Калядны кірмаш” у Ганцавічах
23:50
Першы “Калядны кірмаш” у Ганцавічах

Напярэдадні зімовых свят, 24 снежня, з 11.00 да 18.00 у кінатэатры “Маладосць” упершыню пройдзе выстава-кірмаш вырабаў ручной работы “Калядны кірмаш”.

“Калядны кірмаш” - гэта ўтульная святочная пляцоўка, дзе майстры Ганцаўшчыны могуць заявіць аб сабе, насычаная адукацыйная і забаўляльная праграма. Так, на выставе-кірмашы можна будзе набыць арыгінальныя падарункі, што асабліва актуальна напярэдадні калядных свят. Напрыклад, паштоўкі, цацкі, упрыгажэнні, аксэсуары, сувеніры, прадметы інтэр’еру і дэкору і шмат чаго іншага.

Акрамя таго, плануецца правядзенне творчых майстар-класаў, на якіх госці выставы змогуць даведацца, як прыгожа аформіць навагодні інтэр’ер, а таксама навучацца рабіць паштоўкі, цацкі, сувеніры.

Падчас кірмашу адбудзецца адкрыццё выставы ўдзельнікаў конкурсу малюнкаў “Цуды на Каляды”. Дарэчы, у конкурсе можа паўдзельнічаць любы жадаючы, а праводзіцца ён у наступных узроставых катэгорыях: 5 — 10 гадоў, 11 — 17 гадоў, 18 гадоў і старэй. Пераможцы будуць вызначаны ў дзвюх намінацыях — “Лепшы малюнак” і “У асяроддзі сям’і”. Вынікі падвядуць 14 студзеня 2017 года.

У праграму выставы–кірмашу ўваходзіць і забаўляльнае навагодняе прадстаўленне “У гасцях у ёлкі”. Дзяцей чакаюць казачныя героі, конкурсы і гульні, навагоднія мультфільмы. А той, хто прадставіць найлепшы карнавальны касцюм, атрымае прыз. Дарэчы, ужо можна запісвацца на прадстаўленне па нумары 2-39-45, каштаваць яго наведванне будзе 3 рублі 50 капеек.

Удзельнікі кірмашу змогуць таксама пагутарыць на тэму “Хобі як бізнэс: ці можна зарабляць на любімай справе?”, а лекцыя “Пяць парад: як стаць рамеснікам”, якую правядзе прадстаўнік падатковай інспекцыі, дапаможа разабрацца, як правільна пачаць сваю дзейнасць у якасці рамесніка і, галоўнае, запэўніць нашых майстроў, што гэтага не варта баяцца.

Каб стаць удзельнікам “Каляднага кірмашу” патрэба падаць заяўку на ўдзел да 21 снежня. Зрабіць гэта можна з 10.00 да 18.00 па тэлефоне 2-21-48 (раённы Дом рамёстваў, вул. Кастрычніцкая, 3а). У заяўцы неабходна пазначыць: прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, тэхніку выканання вырабу, кантактны тэлефон.

Удзел у выставе-кірмашы і яго наведванне бясплатныя. Выставачнае абсталяванне прадастаўляецца арганізатарамі таксама бясплатна.

Просмотров: 645 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования