Главная » 2017 » Январь » 13 » Прыгожая і таленавітая
08:09
Прыгожая і таленавітая

Ёсць меркаванне, што энергетык — прафесія выключна мужчынская. Аднак гэта не зусім так. Працуюць у энергетычнай галіне  і жанчыны. Прычым жанчыны адказныя і таленавітыя, якой, безумоўна, можна назваць вядучага інжынера-энергетыка райспажыўтаварыства Таццяну Маляўка (НА ЗДЫМКУ).

Таццяна нарадзілася на Гродзеншчыне, у Карэліцкім раёне. Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Беларускі  дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, які паспяхова скончыла ў 2005 годзе па спецыяльнасці інжынер-энергамэнаджар.

Па размеркаванні дзяўчына трапіла ў Ганцавічы, дзе пачала працоўную дзейнасць у ААТ “Модуль”… начальнікам аддзела продажу. Так вырашыў тагачасны дырэктар прадпрыемства Эдуард Буракоўскі, які лічыў, што энергетыка — справа не для жанчыны. Тым не менш, Таццяна Маляўка добрым словам успамінае Эдуарда Іванавіча, які разгледзеў у дзяўчыне схільнасці да лідарства і кіраўніцтва і смела прызначыў на адказную пасаду тады яшчэ маладога спецыяліста. “Менавіта дзякуючы яму, я навучылася кіраваць людзьмі, прымаць пэўныя рашэнні і выконваць пастаўленыя задачы”, — гаворыць Таццяна.

Аднак Таццяне Аляксандраўне хацелася працаваць па спецыяльнасці, займацца тым, чаму вучылі ва ўніверсітэце. Таму, калі з’явілася магчымасць уладкавацца на працу ў райспажыўтаварыства, дзяўчына доўга не думала.  Так, у верасні 2015 года Таццяна Маляўка стала вядучым інжынерам-энергетыкам райспажыўтаварыства.

Спачатку на новым працоўным месцы было складана. Усе тыя веды, якія Таццяна атрымала ва ўніверсітэце, забыліся, таму вучыцца прыйшлося фактычна па-новаму. Прыстасавацца да новай работы дапамагалі многія, у тым ліку і старшыня райспажыўтаварыства Аляксандр Кулак. “Аляксандр Іванавіч даў мне магчымасць праявіць сябе, хаця ў нейкай ступені рызыкаваў, таму што запрасіў на працу чалавека без вопыту работы па спецыяльнасці, — расказвае Таццяна. — Дзякуй яму асабіста, кіраўніцтву і калектыву прадпрыемства, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў адаптавацца на новым месцы. Асобна адзначу былога энергетыка райспажыўтаварыства Уладзіміра Пашкевіча, які сёння працуе энергетыкам у РЖКГ. Ён адпрацаваў у райспажыўтаварыстве амаль 20 гадоў і быў аўтарытэтам для многіх работнікаў.  Менавіта Уладзімір Уладзіміравіч навучыў шмат чаму, што потым спатрэбілася мне ў працоўнай дзейнасці. Добра ставіліся да мяне і работнікі іншых арганізацый, тых жа электрасетак, энерганагляду, адказвалі на любыя пытанні, давалі карысныя парады”.

Дзякуючы сваёй адказнасці і працавітасці, Таццяна Маляўка паспяхова справілася з усімі цяжкасцямі і сёння з’яўляецца адным з вядучых работнікаў прадпрыемства і карыстаецца павагай сярод сваіх калег. Асноўная задача вядучага інжынера-энергетыка — арганізацыя бесперабойнай работы аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання і прамысловасці райспажыўтаварыства ў галіне электраспажывання і абсталявання. І, трэба адзначыць, што з гэтым Таццяна Аляксандраўна спраўляецца паспяхова.

На пытанне: ці не цяжка жанчыне займаць, здавалася б, мужчынскую пасаду, Таццяна з усмешкай адказвае наступнае: “У дзяцінстве я была спрытнай і вельмі актыўнай дзяўчынкай, шмат часу праводзіла з суседскімі хлопчыкамі, таму сёння кіраваць ужо дарослымі мужчынамі мне не складае цяжкасцей. Тым больш, што мае падначаленыя — цудоўныя людзі і працаваць з імі вельмі добра і лёгка”.

І сапраўды, Таццяна Маляўка, акрамя таго, што з’яўляецца адказным і старанным работнікам, яшчэ таленавіты і творчы чалавек. У свой вольны час дзяўчына актыўна займаецца спортам, тры разы на тыдзень наведвае трэнажорную залу, якая знаходзіцца ў інтэрнаце КПД. Таццяна Аляксандраўна ўваходзіць у добраахвотную дружыну райспажыўтаварыства і на нядаўніх спаборніцтвах дружыннікаў стала пераможцай у такіх спартыўных дысцыплінах, як скачок у даўжыню, чаўночны бег і падыманне тулава.

Сёлета Таццяна Маляўка, па рэкамендацыі старшыні райспажыўтаварыства Аляксандра Кулака, упершыню выйшла на сцэну гарадскога Дома культуры  ў якасці вядучай мерапрыемства, прысвечанага Дню спажыўкааперацыі. Прыгажосць і абаяльнасць Таццяны, яе ўменне трымацца на сцэне заўважыла дырэктар ГДК Ірына Гурская, якая цяпер з радасцю запрашае дзяўчыну вядучай на разнастайныя раённыя мерапрыемствы.

А яшчэ Таццяна ўжо некалькі гадоў запар 19 студзеня, на свята Хрышчэння Гасподняга, акунаецца ў палонку з ледзяной вадой. Не кожны чалавек здольны на такое, а вось Таццяна Аляксандраўна робіць гэта з задавальненнем і лічыць вельмі карысным.

Таццяна Маляўка — любімая матуля для сыночка Арсенія і дачушкі Ксеніі. Арсеній вучыцца ў гарадской гімназіі, а Ксюшка ходзіць у дзіцячы яслі-сад № 4.

“З нагоды прафесійнага свята, якое нядаўна адзначалася, жадаю ўсім сваім калегам моцнага здароўя, а таксама, каб надзвычайных сітуацый у нашай працы было як мага менш”, — менавіта такімі пажаданнямі Таццяна Маляўка завяршыла нашу размову. І сапраўды, лепшага і не пажадаеш.

Уладзімір САКАЛОЎ.

Просмотров: 640 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования