Главная » 2016 » Ноябрь » 25 » “Ствараем будучыню”
16:02
“Ствараем будучыню”

У моладзі Ганцаўшчыны імя Аляксандра Занькі асацыюецца з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. На працягу шасці гадоў ён паспяхова спраўляецца з абавязкамі першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Сёння маладзёжны лідар расказвае аб развіцці, набытках і планах маладзёжнай арганізацыі раёна.

– Аляксандр, якія кірункі дзейнасці вызначаюць актыўнасць маладзёжнага аб’яднання?

– У наступным годзе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі святкуе сваё 15-годдзе. Мы падтрымліваем адораных і таленавітых юнакоў і дзяўчат, рэалізуем грамадзянска-патрыятычныя, культурныя праекты і займаемся арганізацыяй вольнага часу. У аб’яднанні развіваецца рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП). Арганізацыя падтрымлівае інавацыйную і навуковую дзейнасць моладзі, студатрадаўскі рух, а таксама валанцёрскі рух “Добрае сэрца”. Вядзём інфармацыйную працу ў інтэрнэце і са СМІ, займаемся аналітычнай і даследчай дзейнасцю. 

Кожны напрамак працы БРСМ у нашым раёне мае ўвасабленне ў канкрэтных справах. Так, маладзёжны атрад аховы правапарадку дзейнічае ў Ганцавіцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Яго асноўная функцыя – кантроль за парадкам на тэрыторыі навучальнай установы і ў яе інтэрнаце. Сёлета некаторыя члены атрада былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі РАУС за садзейнічанне ў прафілактыцы правапарушэнняў і забеспячэнні грамадскага парадку.

– Якія акцыі і мерапрыемствы раённай суполкі Саюза моладзі ўспамінаеце перш за ўсё?

– На рахунку раённай арганізацыі БРСМ цікавых спраў шмат. Маладым уласцівы творчы запал, жаданне нешта вынаходзіць новае. Быць у пастаянным руху – гэта па-маладзёжнаму. Сёлета, напрыклад, напярэдадні 9 Мая свой працяг знайшла акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі”. Яе ўдзельнікі раздавалі жыхарам раёна сімвал свята – бутаньеркі з яблыневай квеценню. У нас добрай традыцыяй сталі такія грамадзянска-патрыятычныя акцыі, як “Свечка памяці”, “Ветэран жыве побач”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Бессмяротны полк”. Моладзь аддае даніну павагі людзям, якія змагаліся за мірнае неба над галавой і незалежнасць нашай краіны.

Сёлета ўпершыню раённая арганізацыя БРСМ прымала ўдзел у праекце “Дзень вышыванкі” ў Мінску напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны, дзе былі прадстаўлены работы моладзі раённага Дома рамёстваў, а таксама музычныя нумары ў гала-канцэрце ад Ірыны Ісаевай і яе ансамбля “Крэда”. 

Мы з’яўляемся арганізатарамі многіх фізкультурна-масавых мерапрыемстваў. Адно з іх – турыстычны злёт, які стаў добрай традыцыяй на працягу не аднаго дзясятка гадоў. Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізавалі і правялі раённы конкурс музычна-тэматычных праграм “Даеш, моладзь!”, раённы батл-чэлендж “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця!”.

Увага да сельскай моладзі. Праведзены спаборніцтвы на лепшага механізатара на пасяўной, раённы конкурс на жніве сярод маладзёжных экіпажаў. Адно з самых значных мерапрыемстваў – штогадовы конкурс “Уладар сяла”. Сёлета пераможцам стала сям’я Жалезных з аграгарадка Малькавічы.

Штогод Саюз моладзі бярэ ўдзел ва ўсіх важных палітычных кампаніях. Так, на выбарах дэпутатаў Нацыянальнага сходу 2016 года ў якасці назіральнікаў былі вылучаны 27 членаў БРСМ, а ў склад акруговых і ўчастковых камісій - 29 актывістаў. 

– Як развіваюцца на Ганцаўшчыне валанцёрскія атрады “Добрае сэрца”?

– У нашым раёне функцыянуе 16 валанцёрскіх атрадаў – 136 чалавек. Пад іх апекай знаходзіцца больш за 200 чалавек. Валанцёры не пакідаюць без увагі тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Традыцыйнымі сталі такія дабрачынныя акцыі і праекты – “Восеньскі марафон”, “Стварай дабро!”, “Моладзь – дзецям”, “Лепшы падарунак – гэта ЎВАГА” і многія іншыя. 

Нядаўна валанцёрамі раёна сумесна з работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была праведзена акцыя “Выбіраем дапамогу пажылым людзям!”. Адзначу актыўнасць валанцёрскага атрада Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Навучэнцы дапамагалі пажылым людзям дастаўляць пакупкі з восеньскіх кірмашоў. 

– Чым знамянальны Год культуры для моладзі Ганцаўшчыны?

– Шматлікімі яркімі культурнымі мерапрыемствамі. Упершыню ў нашым раёне адбыўся абласны Дзень моладзі “Маладзёжны квартал-2016”. Падчас свята працавала мноства інтэрактыўных пляцовак, адбыўся “Фестываль фарбаў”, канцэрт юных бардаў “Кветкі Вялікай Перамогі”, дэфіле ад майстроў раённага Дома рамёстваў “Мода ад народу”. Цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава сумесна з юнымі паэтамі Ганцаўшчыны арганізавала літаратурную гасцёўню “Кніга.BY“. Каля 40 танцавальных нумароў у розных стылях былі выкананы ў рамках конкурсу “Агонь танца”. А як жа не ўспомніць бітву дыджэяў “Беларусь і Я!”, дзе ганцаўчанін Павел Руткоўскі (Dj Rudik) заняў першае месца. Потым перамог у абласным этапе і рэспубліканскім фінале на “Славянскім базары ў Віцебску”.

У скарбонцы дасягненняў – інтэрнэт-прэмія БРСМ у намінацыі “За лепшы сайт па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў у 2015 годзе”. Сёлета сайт заняў 2-е месца, саступілі толькі Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. За ўвесь перыяд дзейнасці маладзёжнага  інтэрнэт-рэсурсу яго наведалі звыш 33 тысяч чалавек не толькі з Беларусі, але і іншых краін. У сацыяльных сетках таксама ёсць групы, блогі і мікраблогі “Моладзь Ганцаўшчыны”. 

– Чаго, на Ваш погляд, не хапае для больш выніковага развіцця БРСМ у раёне?

– Лічу, што для больш выніковага развіцця БРСМ на Ганцаўшчыне не хапае менавіта моладзі. І гэта не тычыцца колькасці. Нам не хапае ініцыятывы, зацікаўленасці. Многія маладыя людзі кажуць, што ў нас у горадзе няма куды пайсці. Ці так гэта на самай справе? Кожны з нас паспявае зазірнуць на свае старонкі ў сацыяльных сетках, але, на жаль, не ўсе чытаюць афішы, газеты. А ці шматлікія наведваюць мерапрыемствы, спартыўныя аб’екты? Кожны можа сябе праявіць – было б жаданне. Мы чакаем энергічных, мэтанакіраваных людзей. Безумоўна, райкам будзе шукаць такіх, але ўсё ж асабістая ініцыятыва дае большы плён. Не трэба баяцца быць ініцыятыўным! 

Гутарыла 

Ангеліна ЗАНЬКА

Просмотров: 1320 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования