19:54 Ад «Погляду ў мінулае» да гаючага прэпарату | |
Сёмы сезон рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» пакрысе выходзіць на фінішную прамую. Абласныя этапы ўжо прайшлі на Міншчыне і Гродзеншчыне, у астатніх абласцях яны адбудуцца ў найбліжэйшы час. Чым паспелі здзівіць маладыя дапытлівыя розумы на гэты раз? Сёлета моладзь Мінскай вобласці прапанавала на конкурс нямала праектаў у галіне медыцыны. Яскравым прыкладам можа служыць праграма Medіcal Dіagnostіcs Аляксандра Вашчулы, урача Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы. Яна дазволіць звесці памылку да мінімуму, выдаючы з сотняў хвароб і сімптомаў толькі тыя, якія могуць быць у пацыента, абапіраючыся на анамнез, даныя лабараторных і інструментальных даследаванняў. Міхаіл Заяц, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі дынамікі пестыцыдаў, кандыдат хімічных навук Інстытута аховы раслін, распрацаваў тэст, здольны на месцы хутка, дакладна і за невялікі кошт вызначаць сінтэтычныя фарбавальнікі ў вінах, соках і напоях. Тэст можа выпускацца ў выглядзе тэст-палосак, шпрыцавых фільтраў, рэактыву (раствору). Аўтарскую распрацоўку «Велакамп’ютар з пашыранымі магчымасцямі» прэзентаваў на абласным этапе конкурсу вучань 11 класа барысаўскай гімназіі № 1 Вадзім Машніцкі. Гэта вынаходка з магчымасцямі вымярэння хуткасці, адлегласці, кіраваннем падсвятленнем і галасавым агучваннем. Прадстаўнік Гродзенскай вобласці Вадзім Быльчынскі, майстар Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці, мадэрнізаваў лістагібачны станок, пашырыўшы яго функцыянальнасць. Упершыню ў Беларусі распрацавана сучаснае пакрыццё з іонамі серабра для лячэння ран рознай этыялогіі. Яго аўтар, Аляксандр Глуткін, асістэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, лічыць, што гэта вынаходка нашмат паскорыць працэс гаення ран і асабліва дапаможа людзям з высокай адчувальнасцю да фармакалагічных прэпаратаў. Максім Пуроўскі, Аляксандр Варанцоў, Аляксандр Антонаў з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыдумалі энергаэфектыўныя крапяжы, у якіх значна павысіліся эксплуатацыйныя характарыстыкі і паменшылася цеплааддача ў параўнанні з аналагічнымі вырабамі з металу. Папулярызацыя і развіццё турыстычнага патэнцыялу Прынёмання знайшлі сваё адлюстраванне ў праектах «Погляд у мінулае» вучаніцы лідскай СШ № 5 Аліны Лучко, «Замкі ВКЛ на тэрыторыі Беларусі», у якім студэнтка педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта Дар’я Швабовіч выкарыстоўвае 3D-тэхналогіі для таго, каб зазірнуць у мінулае, а таксама ў праекце «Горад Гродна для маленькіх турыстаў» калектыву аўтараў — вучняў гродзенскай СШ № 11 — Уладзіміра Алёхіна, Кацярыны Клепач і Сафіі Чукічавай. Ілья Панько з Дзятлаўскай СШ № 3 і Ягор Сокал з Новаяльнянскай СШ прыдумалі займальныя камп’ютарныя гульні. Ілья прапаноўвае даведацца пра героя Вялікай Айчыннай вайны, прайшоўшы квэст «Брыгада Заслонава» да канца, а праект Ягора — «Энцыклапедыя маленькага беларуса» — скіраваны на паскарэнне працэсу навучання і павышэнне цікавасці вучняў да патрыятызму. Нагадаем, што з гэтага года колькасць намінацый конкурсу ўзрасла з дзесяці да дваццаці. Ідэі школьнікаў, студэнтаў і маладых навукоўцаў ахопліваюць аграрную, прамысловую, сацыяльную сферы, а таксама энергазберажэнне, біяіндустрыю, хімічныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда | |
Просмотров: 562 | |