15:21 Ганцаўчане на свяце вышыванкі | |
Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту прайшла агульнарэспубліканская акцыя - Дзень вышыванкі. Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю нацыянальных традыцый, пашырэнне духоўнага свядомасці беларусаў, а таксама з’яўляецца своеасаблівай злучнай ніткай пакаленняў.
Грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам праведзены другі фестываль беларускай культуры «Дзень вышыванкі». 2 ліпеня горад Мінск прыняў гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта прадстаўнікі калектываў мастацкай самадзейнасці, рамеснікі, члены творчых клубаў і грамадскіх арганізацый, спартсмены, папулярныя беларускія выканаўцы, творчая моладзь. Дэлегацыю творчай моладзі Брэстчыны на свяце прадстаўлялі тры рэгіёны вобласці, у тым ліку і Ганцавіцкі раён. Неабходна адзначыць, што праграма агульнарэспубліканскай акцыі «Дзень вышыванкі» была вельмі насычаная разнастайнымі творчымі праектамі, выставамі-продажамі, майстар-класамі. На пляцоўцы каля Палаца спорту разгарнулася маштабная выстава-продаж вырабаў майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэспублікі «Скарбніца». Работы сваіх майстроў у дадзенай выставе прадставіў і Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў. Любы жадаючы змог павучыцца ў беларускіх майстроў народных промыслаў азам ткацтва, вышыўкі, выразання выцінанак і іншым традыцыйным уменням. Перад урачыстым адкрыццём свята адбыўся арт-парад «Пад сцягам з вышыванкай». Прадстаўнікі таленавітай і адоранай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны, творчых калектываў, аркестраў, фальклорных калектываў, танцавальных школ, тэатраў, прадстаўнікоў нацыянальных культур, папулярных субкультур прайшлі арганізаваным маршам па праспекце Пераможцаў ад скрыжавання з вуліцай Няміга да Палаца спорту. Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята «Дзень вышыванкі» адбылася канцэртная праграма «Я люблю Беларусь!» ад абласцей і г. Мінска. Свае музычныя замалёўкі гледачам падараваў ансамбль народных духавых інструментаў «Дударыкі» дзіцячай установы адукацыі «Ганцавіцкая дзіцячая школа мастацтваў».
Падчас мерапрыемства працавалі розныя тэматычныя пляцоўкі: «Прапануем прысмакі на розныя смакі» (выстава-кірмаш страў нацыянальнай кухні), інтэрактыўная экспазіцыя рэгіёнаў «Родны кут», флэшмобы «Усе ў вышыванках» і «Пацалунак у вышыванцы», гістарычны квэст-падарожжа «Мая Беларусь», фотамайстэрня «Натхненне», азбука беларускага арнамента «Родныя ўзоры», спартыўная інтэрактыўная пляцоўка «Алімп». Завершыўся Дзень вышыванкі традыцыйнай дыскатэкай Disco-folk «Вышыванка.by» і бітвай беларускіх дыджэяў. Ганцавіцкі раённы камітэт ГА «БРСМ» выказвае словы падзякі аддзелу адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама, Ганцавіцкаму раённаму дому рамёстваў, ансамблю народных духавых інструментаў «Дударыкі» дзіцячай установы адукацыі «Ганцавіцкая дзіцячая школа мастацтваў» за дапамогу і садзейнічанне ў арганізацыі, падрыхтоўцы дэлегацыі нашага раёна для ўдзелу ў свяце «Дзень вышыванкі». Фота за архіва Ганцавіцкага РК ГА "БРСМ", ЦК ГА "БРСМ".
| |
Просмотров: 770 | |