Главная » 2018 » Январь » 19 » Якая яна, «Мара навасельца», ці Хто хоча электраскарбонку?
01:35
Якая яна, «Мара навасельца», ці Хто хоча электраскарбонку?

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» адбыўся ў чарговым па ліку рэгіёне — на Брэстчыне. Яго ўдзельнікамі сталі 50 найлепшых праектаў з розных раёнаў вобласці. Яны былі прэзентаваны на выставе, якая прайшла ў Брэсцкім навукова-тэхналагічным парку.

З агульнай колькасці палова праектаў была прадстаўлена ў намінацыі «Сацыяльная сфера». Маладзёжны лагер міжкультурных камунікацый «Скрыжаванне ля Буга» прыдумалі педагогі Дамачаўскай сярэдняй школы — настаўнік гісторыі і выяўленчага мастацтва Кірыл Гаўрыленка і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Сіняўская. Тут жа быў выстаўлены шэраг праектаў дабрачыннай накіраванасці і праектаў па стварэнні музеяў — віртуальных і рэальных.

Праекты «Электраскарбонка» і «Лазерны гравёр» прадставіў на выставе Алег Сай, вучань 9-га класа СШ № 4 г. Брэста. Электраскарбонка здольная лічыць манеты з дапамогай самаробнага датчыка, які будзе распазнаваць іх па меры яго закрыцця манеткай. Такая электраскарбонка здольная падлічваць выручку з аўтаматаў.

У сферы энергетыкі і энергаэфектыўнасці былі прэзентаваны праекты: «Энергія вентыляцыйных шахтаў ацяпляльных катлоў» (аўтар Іван Цымбаліст, вучань 10-га класа СШ № 3 г. Століна), «Мадэрнізацыя кіравання асвятлення ва ўмывальнях інтэрната» (аўтар Яўген Дабралінскі, навучэнец першага курса спецыяльнасці «мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання» Белаазерскага прафесійна-тэхнічнага каледжа), «Зараднае ўстройства для мабільнага тэлефона на сонечных батарэях» (аўтар Аляксандр Манцэвіч, вучань 9-га класа Новапапінскай СШ Драгічынскага раёна).

«Мара навасельца (МН-3)» — гэты праект Мікалая Лукашэвіча, навучэнца трэцяга курса спецыяльнасці «электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, зваршчык ручной зваркі» Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, быў прадстаўлены ў намінацыі «Бяспека жыццядзейнасці і абараназдольнасці». Прыбор дазваляе выявіць не толькі месцы наяўнасці адкрытай праводкі, але і месцы пашкоджанняў, абрыву токаводных жыл правадоў і кабеляў.

Праект «QFіх — сістэма для абслугоўвання аўтамабіляў» быў падрыхтаваны групай студэнтаў Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — Сяргеем Млынчыкам, Віктарам Ляневічам, Яўгенам Кузьмічом, Яраславам Ліпскім. Яго задача — аўтаматызаваць працэс узаемадзеяння аўтасэрвісаў і аўтаўладальнікаў.

Найлепшыя праекты будуць прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскай выставе «100 ідэй для Беларусі». А ўвогуле ўсе яны пасля дапрацоўкі з улікам заўваг увойдуць у банк маладзёжных ідэй, які будзе размешчаны на інтэрнэт-рэсурсах абласной арганізацыі БРСМ, а таксама прэзентаваны ўсім зацікаўленым у сферы адукацыі, медыцыны, сектара эканомікі і прыватнага бізнесу.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда

Просмотров: 442 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования