23 верасня адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага
сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. І перад выбаршчыкамі
паўстае пытанне: за каго аддаць свой голас? Вызначыцца ў гэтым плане
дапамагаюць сустрэчы, якія кандыдаты на месца ў парламенце праводзяць у
акругах.
4 верасня Ганцаўшчыну ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Лунінецкай
выбарчай акрузе № 13 наведала Валянціна Ігнацьеўна Верас, начальнік
аддзела адукацыі Лунінецкага райвыканкама. Яна і начальнік аддзела
адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Сяргей Вітальевіч Сарокаў, які даў
згоду быць даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты, наведалі шэраг
працоўных калектываў.
У Малькавічах сход з удзелам настаўнікаў, работнікаў іншых арганізацый і
вяскоўцаў прайшоў у актавай зале сярэдняй школы. Валянціна Ігнацьеўна
падрабязна расказала пра сваю прафесійную дзейнасць, пра сям’ю, выказала
свой погляд на праблемы, у тым ліку ў сферы адукацыі і выхавання
моладзі, якія патрабуюць дзяржаўных падыходаў. Данесці да заканадаўцаў
сваё бачанне шляхоў вырашэння такіх пытанняў яна збіраецца з высокай
трыбуны парламента.
У аграгарадку Люсіна месцам сустрэчы з выбаршчыкамі таксама стала
ўстанова адукацыі. Пакуль мясцовыя жыхары збіраліся на сустрэчу, Валянціна Ігнацьеўна наведала школьны музей Я. Коласа, пазнаёмілася з
экспазіцыяй, з кнігай водгукаў, дзе, дарэчы, сярод удзячных слоў
знакамітых людзей ёсць запісы рабят з Лунінецкага раёна, што былі тут на
экскурсіі. Сустрэча з выбаршчыкамі прайшла ў цёплай абстаноўцы.
Карыстаючыся такой акалічнасцю, удзельнікі сустрэчы прасілі звярнуць
увагу на іх транспартныя праблемы, звязаныя з чыгункай, задавалі іншыя
пытанні.
У той жа дзень В. І. Верас сустрэлася таксама з выбаршчыкамі ў аграгарадках Хатынічы і Раздзялавічы.
5 верасня шэраг сустрэч правёў кандыдат у
дэпутаты Палаты прадстаўнікоў
па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Мікалай Мяфодзьевіч Язубец.
Ён шмат гадоў працаваў на розных пасадах, а цяпер — старшынёй
Баранавіцкага райвыканкама. Даверанымі асобамі кандыдата ў дэпутаты
сталі Валянціна Уладзіміраўна Лісок, начальнік інспекцыі Міністэрства па
падатках і зборах па Ганцавіцкаму раёну, і Міхаіл Мікалаевіч Бобка,
памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання. Як расказаў
Мікалай Мяфодзьевіч, пасля рэгістрацыі кандыдатам цяпер кожны яго дзень
аддадзены сустрэчам з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам
Баранавіцкага, Ляхавіцкага і часткова Ганцавіцкага раёнаў, што
ўваходзяць у склад выбарчай акругі № 7.
У Ганцавічах у гэты дзень адбыліся тры сустрэчы. У актавай зале ПМК-7
паслухаць кандыдата ў дэпутаты сабраліся работнікі гэтага прадпрыемства і
арганізацый, што размешчаны побач. Калі афіцыйная частка завяршылася,
размова з кандыдатам у дэпутаты прадоўжылася. Удзельнікі сустрэчы хацелі
данесці да Мікалая Мяфодзьевіча праблемы калектыву, пачуць яго думку,
заручыцца падтрымкай.
У цэнтральнай раённай бальніцы знаёмства з кандыдатам таксама прайшло ў
цёплай атмасферы. Сабраўшыеся пачулі не толькі аўтабіяграфічныя даныя. З
медыкамі М. М. Язубец гаварыў, зразумела, пра развіццё медыцыны, пра
сацыяльнае развіццё краіны ў цэлым і нашага рэгіёна ў прыватнасці.
У КУШВП ЖКГ "Ганцавіцкая РЖКГ” кандыдат у дэпутаты прыехаў у канцы
рабочага дня. Тым не менш, дзясяткі камунальнікаў, а таксама работнікаў
падатковай інспекцыі і аўтапарка № 7 сабраліся ў актавай зале, каб
паслухаць выступленне, задаць кандыдату пытанні на хвалюючыя іх тэмы.
Нераўнадушны падыход да будучыні свайго краю прагучаў у пытаннях з залы
пра занятасць насельніцтва, развіццё малых гарадоў і вёсак і іншае.
Галоўнае, што абяцалі абодва кандыдаты, — захаваць курс краіны на
стабільнасць, на развіццё, на павышэнне дабрабыту насельніцтва. А таму
завяршалі свае выступленні словамі "Спадзяюся на вашу падтрымку”.