12:01 “Маладым усюды ў нас дарога” | |
На сустрэчы прысутнічалі старшыня Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Саланевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў раённага выканаўчага камітэта, спецыялісты па кадрах прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, старшыні прафсаюзных камітэтаў, ідэалагічны актыў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый. Знаёмства пачалося з прадстаўлення маладых спецыялістаў. Першымі выйшлі на сцэну маладыя работнікі сферы адукацыі і спорту. Яны творча падыйшлі да справы і візітную картку зрабілі ў форме сцэнкі, у якой прынялі ўдзел іх маленькія вучні. З пажаданнямі поспехаў і плёну да іх звярнулася Аксана Рылка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама, якая сама ў 2010 годзе прыйшла працаваць ў якасці маладога спецыяліста. Затым слова ўзяў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Саланевіч, які падрабязна расказаў пра гісторыю ўтварэння Ганцаўшчыны, пра цудоўную прыроду гэтага краю, пазнаёміў моладзь з летапісам ваенных і пасляваенных гадоў, прывёў звесткі аб развіцці сельскай гаспадаркі і прамысловасці раёна, аб геаграфічным становішчы і меліярацыйных работах, праведзеных раней. Сваім абавязкам палічыў кіраўнік раёна пазнаёміць рабят са славутымі імёнамі людзей, вядомымі ва ўсёй краіне і за яе межамі, праславіўшымі Ганцаўшчыну. Аляксандр Саланевіч правёў слоўную міні-экскурсію па славутых гістарычных месцах і помніках горада і раёна, закрануў рэлігійны аспект грамадства. Напрыканцы свайго выступлення старшыня Ганцавіцкага райвыканкама папрасіў прысутных звярнуць увагу на герб горада. Белыя журавы на сінім фоне. “Сімвалічная выява птушак, якія з’яўляюцца сімвалам Палесся, імкнецца ў вышыню. Так і вы павінны заўсёды ўзлятаць”, — сказаў ён. “А ўзлятаць моладзі на самых выгадных умовах дапаможа “Беларусбанк», — з такіх слоў пачала свой зварот да прысутных дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №107 ААТ “ААБ Беларусбанк” Наталля Сідарэнка. Яна расказала аб самых выгадных умовах крэдытавання. Асобны крэдыт для старту ў дарослае жыццё адкрытае акцыянернае таварыства распрацавала спецыяльна для тых, хто толькі закончыў сярэднія і вышэйшыя ўстановы адукацыі і мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы. Дарэчы, тэму падтрымкі не толькі матэрыяльнай, але і прававой працягнуў загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Уладзімір Канановіч. Ён расказаў прысутным аб нарматыўна-прававых актах, якімі рэгулююцца грамадскія адносіны ў нашай дзяржаве, у тым ліку тыя, што датычацца ўмоў жыцця і дзейнасці маладых спецыялістаў. Куды звярнуцца для пастаноўкі на ўлік па паляпшэнні жыллёвых умоў і якія дакументы для гэтага неабходны, расказаў Валерый Русакевіч, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Апошняй свой зварот маладым спецыялістам адрасавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ала Занька. Яна ў нестандартнай форме расказала пра работу свайго аддзела, пра тое, дзе моладзь можа правесці вольны час і якія мерапрыемствы праводзіліся ў горадзе і раёне раней, разбавіўшы афіцыйную інфармацыю яркай прэзентацыяй фотаздымкаў. Выдатны настрой падтрымала выступленне Святланы Лапчук з чароўнай лірычнай песняй. Шмат шчырых слоў было сказана ў гэты дзень на сцэне, многа пажаданняў прагучала ў адрас маладога пакалення, але кожны з тых, каго сёння прымалі ў рады працоўнай моладзі раёна, зразумеў: ён на сваім месцы. Тут яго падтрымаюць, дадуць карысную параду, дапамогуць справай і словам. Галоўнае — не баяцца, бо хто не спрабуе — у таго не атрымліваецца. Пасля ўрачыстага знаёмства ўсіх запрасілі сфатаграфавацца. А потым госці разышліся, але маладыя спецыялісты раёна працягвалі свой незвычайны дзень у рэстаране “Цна”, дзе для іх была падрыхтавана конкурсна-забаўляльная праграма. Ксенія ЛУЦКО "СП". | |
Просмотров: 616 | |