Главная » 2014 » Октябрь » 13 » Небяспечныя “ПРЫПРАВЫ”, або Гульня са смерцю
21:09
Небяспечныя “ПРЫПРАВЫ”, або Гульня са смерцю

У Брэсце 16-гадовы школьнік, паспрабаваўшы курыльную сумесь, трапіў у бальніцу. Ад спайсаў пацярпеў малады чалавек у Івацэвіцкім раёне – яго даставілі ў райбальніцу ў непрытомным стане. Чацвёра студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна трапілі ў рэанімацыю. Прычына – ўжыванне спайсаў…

Скупыя радкі міліцэйскіх зводак, якія апошнім часам усё часцей становяцца падставай для інфармацыйных паведамленняў СМІ, не могуць не выклікаць трывогу: курыльныя сумесі ператварыліся ў смяротную пагрозу. З ёй, на жаль, моладзь не спяшаецца лічыцца. Вось чаму спайсы (з англійскай мовы перакладаецца як “прыправа”) пакалечылі ўжо шмат жыццяў.

Спайс – гэта агульная назва для шматлікіх сінтэтычных курыльных сумесяў. Сустракаюцца Spice, Smoke, Jan Rush і многія іншыя. Аснова – псіхаактыўнае хімічнае рэчыва, так званы канабіноід. Апрацаваная ў ім любая трава – нават аптэчны рамонак або падбел – ператвараецца ў дурманлівую сумесь. Спажыванне спайсу можа выклікаць самыя непрадказальныя рэакцыі арганізма: затарможанасць, страту прытомнасці, псіхозы, пачуццё страху ці галюцынацыі. Прычым больш за ўсё пакутуе не фізічнае, а псіхічнае здароўе. Калі ўлічыць, што спажыўцы спайсаў – у асноўным моладзь ад 14 да 20 гадоў, становіцца страшна, з якой бядой сутыкнулася наша грамадства.

Як сцвярджаюць спецыя-лісты, аматары курыльных сумесяў стануць пастаяннымі пацыентамі псіхіятрычных аддзяленняў ужо праз некалькі гадоў, калі толькі застануцца жывымі. Формула спайсаў пастаянна змяняецца, ніхто не ведае дозу і ніхто не адказвае за наступствы для арганізма.

Набыць курыльную сумесь або так званыя “маркі” не цяжка. У інтэрнэце шмат сайтаў, па якіх вам гэта “задавальненне” прададуць, а многія прапануюць нават дастаўку іх дадому ў любы час сутак. Ды і кошт, як кажуць, дэмакратычны (200 – 300 тысяч рублёў), ён не адпужвае кліентаў. Ды чаму ніхто не бярэ пад кантроль такую рэкламу?

А колькі форумаў, дзе спажыўцы дзеляцца ўражаннямі ад той ці іншай сумесі?! Шмат падлеткаў успрымаюць спайс як звычайную цыгарэту ці кальян. Яны не разумеюць, што гэта наркотык – ды такі непрадказальны па сваім уздзеянні, што прывыкнуць да яго можна і не паспець па прычыне смяротнага зыходу ў выніку адной-дзвюх зацяжак.

Так, самае страшнае, што часам спайс сапраўды не лічыцца наркотыкам. Сінтэтычныя канабіноіды, якія ўваходзяць у склад курыльных сумесяў, не знаходзяцца ў міжнародных спісах рэчываў, што ўзяты пад кантроль згодна з Адзінай канвенцыяй ААН аб наркатычных сродках 1961 года і Канвенцыяй ААН аб псіхатропных рэчывах 1971 года. Аднак у 2009-м – пасля таго, як выявілі сінтэтычныя рэчывы ў спайсах, у Рэспубліцы Беларусь пачалі прымаць меры па забароне гэтых злучэнняў.

– Але процістаянне адстае ад вытворцаў атруты,  – адзначае галоўны ўрач абласнога наркалагічнага дыспансера Аляксандр Більдэйка. – Гэтыя “прыправы” так хутка змяняюцца, што зрабіць аналіз усіх немагчыма, ды і дорага. Таму трэба займацца прафілактыкай. І пачынаць варта з сям’і.

Па словах Аляксандра Леанідавіча, на дыспансерным уліку сярод непаўналетніх стаяць два наркаманы, адзін таксікаман, а на прафілактычным – адпаведна 22 і 85. Спецыялісты лічаць, што рэальны стан спраў яшчэ горшы, бо свае схільнасці нават падлеткам некаторы час атрымліваецца хаваць і пазбягаць уліку ў медыцынскай установе.

– Спайсы сярод наркатычных і псіхатропных рэчываў зай-маюць 80 працэнтаў ад усяго таго, што мы канфіскуем, –расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС аблвыканкама Віталь Зырко. – Сёлета здзейснена 602 злачынствы людзьмі, якія знаходзіліся “пад кайфам”. Летась такіх было 365. З пачатку года затрымалі 232 чалавекі за незаконны збыт наркатычных рэчываў, у мінулым – 75.

У Брэсце спынілі дзейнасць адной інтэрнэт-крамы па продажы курыльных сумесяў, аднак з’яўляюцца новыя. Таму заклікаю бацькоў, настаўнікаў і ўсіх грамадзян быць вельмі пільнымі, звяртаць увагу на сваіх родных і тых, хто побач.

У простым, здавалася б, бяскрыўдным жаданні любога падлетка павесяліцца, “адарвацца”, “толькі паспрабаваць”, панюхаць заключаны ўвесь аб’ём той глабальнай праблемы грамадства, якая ўсё больш і больш агаляе сябе і якую нам трэба будзе зразумець. Усім! Не зразумеем яе калектыўна – не будзе будучыні ў нашых дзяцей.

Няма асобна шчаслівага і выхаванага дзіцяці. Ёсць калектыў, ёсць грамадства, і кожны з’яўляецца яго часткай. Якім бы правільна выхаваным ён ні быў, заўтра – у ваш двор, у вашу школу – могуць прыйсці вось такія “прадпрымальныя” і “крэатыўныя” гандляры ды прапанаваць панюхаць, прыняць, укалоцца… Не, вядома, не вашаму анёлу, а каму-небудзь іншаму – чужому, больш праблемнаму, троечніку. Ну якая вам справа да яго? Ды толькі гэты троечнік “пад кайфам” будзе спакушаць іншых, “правільных” дзяцей быць, як усе, паспрабаваць: “Гэта ж кайф, і табе нічога не будзе, мама не даведаецца, затое нашым станеш…”

Напэўна, ніводны спецыяліст не растлумачыць, па якой прычыне малады хлопец ці дзяўчына вырашае пакурыць ці прыняць наркотык. Таму адзіная магчымасць спыніць жудасную тэндэнцыю – стаць больш уважлівым да свайго дзіцяці, сябра, суседа па аўдыторыі. А калі заўважылі штосьці падазронае ў паводзінах і на вашы пытанні няма адказаў – адразу звяртайцеся да спецыяліста.

Нічога нявартае тое прыдуманае задавальненне ад спайсу, калі жыццё чалавека знаходзіцца ў хвіліне ад небяспекі.

Ганна Івашчанка, “НТ”.

Новости по теме

Просмотров: 692 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования