23:54 Руководство района встретилось с одарённой молодёжью | |
30 снежня ў актавай зале сярэдняй школы № 3 г. Ганцавічы прайшла пераднавагодняя сустрэча таленавітай моладзі Ганцаўшчыны з кіраўніцтвам раёна. На яе запрасілі юнакоў і дзяўчат, якія на працягу года праявілі сябе ў вывучэнні асобных прадметаў школьнай праграмы і пацвердзілі высокі ўзровень ведаў на алімпіядах розных узроўняў, а таксама рабят, якія рэалізавалі розныя цікавыя праекты або сталі мацнейшымі ў асобных відах спорту ці заваявалі іншыя перамогі. Традыцыйна гэтая сустрэча прайшла з удзелам педагогаў, якія дапамагалі раскрыцца юным талентам, бацькоў, што плённа супрацоўнічаюць са школай і са свайго боку ствараюць дома ўмовы для развіцця і творчага росту сваіх дзяцей. Якія вяршыні можна пакарыць у юным узросце, на сваіх прыкладах паказваюць пераможца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, бронзавы прызёр Міжнароднай алімпіяды навук аб Зямлі, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксей Кірыковіч з гімназіі, дыпламант рэспубліканскай алімпіяды па працоўнаму навучанню Святлана Мелехавец з СШ № 2 г. Ганцавічы, пераможцы абласных алімпіяд Максім Марціноўскі з гімназіі і Андрэй Муха з СШ № 1 г. Ганцавічы. А вось пераможца мінулагодняга рэспубліканскага конкурсу даследчых работ вучняў па рускай мове Раман Рылка з гімназіі вызначыўся і на абласным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь — гістарычная і духоўная супольнасць”, дзе атрымаў дыплом ІІ ступені, і ў рэспубліканскім праекце "Юныя журналісты Беларусі і Расіі аб Саюзнай дзяржаве-2011”, у якім перамог у намінацыі "Як дружым мы”. Свае перамогі маюць Аліна Філюціч з гімназіі, Кацярына Руткоўская з СШ № 2, Яна Рабцэвіч з Раздзялавіцкай СШ, Вікторыя Дзенісеня з Кукаўскай СШ, Яна Барысевіч з Ганцавіцкай СШ, Сяргей Петрашэвіч з Любашаўскай БШ і дзясяткі іншых рабят, што прысутнічалі на сустрэчы ў зале. Звяртаючыся да прысутных, старшыня раённага выканаўчага камітэта А. П. Саланевіч зрабіў акцэнт на ролі ў жыцці чалавека вучобы як важнейшага кампанента развіцця асобы. Філасофія педагога заснавана на веры, што ўсе дзеці таленавітыя. І кожная перамога вучня ўяўляе сабой прыступку творчага росту самога настаўніка, паўсядзённая работа якога — пошук, супрацоўніцтва, поспехі і няўдачы, маленькія радасці і вялікія перамогі, каб у рэшце рэшт сфарміраваць асобу творчую, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Дзяржаве патрэбны ўсебакова падрыхтаваныя, граматныя людзі, прафесіянальна кампетэнтныя і ініцыятыўныя спецыялісты, адказныя за сябе, за сваю справу і краіну ў цэлым. Падкрэсліваючы нефармальны характар сустрэчы, юныя журналісты гімназічнай газеты "Совершенно несекретно” запрасілі старшыню райвыканкама да размовы і задалі яму шэраг пытанняў. Рабят цікавілі самыя розныя бакі жыцця кіраўніка раёна: яны распыталі пра яго вучобу, чым любіць займацца ў вольны час, якія віды спорту яму больш блізкія. У заключэнне спыталі, чаго б ён папрасіў у Дзеда Мароза, калі б казачны персанаж існаваў у рэальным жыцці. Аляксандр Паўлавіч адказваў шчыра і задаволіў цікаўнасць юных рэпарцёраў у поўным аб’ёме. Яны ж паабяцалі ў хуткім часе размясціць атрыманыя адказы на старонках сваёй газеты. Пра дасягненні педагогаў раёна, пра бацькоў, якія ўмела падтрымліваюць веру дзяцей у свае сілы, расказаў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама С. В. Сарокаў. Ён пажадаў рабятам, педагогам, бацькам плённай працы ў новым годзе. Затым вялікай групе таленавітай моладзі былі ўручаны падарункі. Сустрэча праходзіла ў атмасферы добразычлівасці і шчырых пераднавагодніх пажаданняў. У школе працавала імправізаваная выстава васковых фігур, якую падрыхтавалі рабяты з Чудзінскай сярэдняй школы. Выкананнем класічнай музыкі парадавалі вучні і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў. На сцэне і ў зале ўладарыў Дзед Мароз са Снягуркай, а юныя спевакі і танцоры радавалі сваімі здольнасцямі. Сустрэча ўсім падарыла сапраўды навагодні настрой. Мікалай ЛОЙКА.
| |
Просмотров: 734 | |