Главная » 2015 » Июнь » 5 » Соцыум праз сеціва
12:58
Соцыум праз сеціва

Пры Цэнтральным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі зусім нядаўна пачала працаваць Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў. Мы сустрэліся з адным з яе кіраўнікоў, старшынёй Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ Алесяй ВІННІК, якая распавяла, навошта створаны гэты праект, і падзялілася першымі поспехамі ў яго працы.

— Вынікі сацыялагічных даследаванняў могуць быць вельмі карыснымі для любой арганізацыі, у тым ліку і маладзёжнай. Мы хочам ведаць, ці ў правільным кірунку рухаемся, ці падабаюцца маладым людзям тыя мерапрыемствы, што праводзім. Насамрэч, такая лабараторыя існавала і раней, мы ўсяго толькі абнавілі яе. Адна з галоўных асаблівасцей новага праекта — актыўная праца з новымі медыя. Калі раней выкарыстоўваліся толькі традыцыйныя метады — анкетаванне, апытальны ліст, то сёння гэта яшчэ і сродкі інтэрнэту. Дарэчы, першыя вынікі даследаванняў у сеціве абсалютна супадаюць з атрыманымі пры дапамозе традыцыйных спосабаў звесткамі.

— Праца сацыялагічнай службы прадугледжвае наяўнасць спецыялістаў, якія могуць скласці выбарку, правільна сфармуляваць пытанні…

— Так, маштабы работы ў нас сур’ёзныя. З актывістаў БРСМ ва ўсіх рэгіёнах краіны створана рэспубліканская апытальная сетка — гэта аснова нашай лабараторыі. Актывісты на месцах займаюцца непасрэдна працэдурай апытання і анкетавання. Кіруюць жа ўсім спецыялісты — людзі, якія прафесійна займаюцца сацыялогіяй. Існуе таксама савет лабараторыі, куды ўваходзяць кансультанты: навукоўцы з Акадэміі навук, Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, іншых устаноў.

— Якія даследаванні ўжо былі праведзены?

— Мы вызначыліся, што гэты год будзе для лабараторыі ў пэўнай ступені эксперыментальным. Асноўная праца праводзіцца на мерапрыемствах пад эгідай БРСМ. Мы назіраем, як моладзь рэагуе на нашы акцыі, як успрымае тыя ці іншыя канцэпцыі і ідэі. Напрыклад, калі праводзіўся форум «Моладзь у ІT», мы аналізавалі, якімі сацыяльнымі сеткамі карыстаюцца хлопцы і дзяўчаты. Большасць, зразумела, расійскай сеткай «ВКонтакте». На жаль, амаль ніхто не чуў пра існаванне беларускага сэрвісу «Vsetі.by», які пакуль замарожаны. Дарэчы, мы якраз працуем са стваральнікамі гэтага сайта над адраджэннем праекта ў якасці беларускай моладзевай сацсеткі. На выставе «СМІ ў Беларусі» пыталіся ў маладых, без чаго яны не могуць уявіць свой дзень. На першым месцы — мабільны тэлефон, на другім — персанальны камп’ютар, на трэцім — інтэрнэт. Месцы ў сярэдзіне спісу занялі тэлевізар, радыё, газеты і часопісы. А апошнія два месцы паміж сабой падзялілі стацыянарны тэлефон і друкаваная кніга.

Акрамя таго, у інтэрнэце сочым за стаўленнем моладзі да грамадзянска-патрыятычнага выхавання. У прыватнасці, нядаўна праводзілі даследаванне на тэму патрыятызму. Яго вынікі даволі цікавыя. 40 працэнтаў маладых людзей і дзяўчат разумеюць пад словам «патрыятызм» любоў да Радзімы, роднага горада або вёскі. 34 працэнты лічаць, што гэта павага да Радзімы і гонар за яе. На жаль, толькі 6 працэнтаў лічаць, што гэта любоў да сям’і і блізкіх, а 12 працэнтаў апытаных вызначылі патрыятызм як любоў да нацыянальнай культуры.

— Ці могуць браць удзел у працы лабараторыі студэнты-сацыёлагі?

— Так, безумоўна, мы гатовыя супрацоўнічаць з тымі з іх, у каго ёсць жаданне папрактыкавацца. Пры недахопе практычных ведаў усё растлумачым і дапаможам у рэалізацыі любога даследавання: разам складзём пытанні, зробім выбарку. Дарэчы, мы самі займаемся навучаннем нашых спецыялістаў.

— А якія праекты збіраецеся рэалізаваць у будучыні?

— Галоўным мерапрыемствам для нас сёлета стануць выбары Прэзідэнта краіны, падчас якіх Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый будзе праводзіць «экзітполы». Ужо зараз мы апрацоўваем методыку, а хутка прыступім і да працы. Будзем праводзіць замеры аж да пачатку галасавання.

А ўвогуле, мы лічым, што лабараторыя можа з цягам часу перарасці ў цэнтр вывучэння праблем моладзі. Існуе пэўная складанасць: за апошнія гады па маладзёжнай праблематыцы не абаранялася сур’ёзных навуковых прац накшталт дысертацый. Але тэма вартая вывучэння, і мы паспрабуем паспрыяць яе развіццю.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, Звязда

Просмотров: 692 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования