Главная » 2016 » Февраль » 5 » "100 ідэй для Беларусі". Праект, які з’явіўся з шапкі і заплечніка
17:56
"100 ідэй для Беларусі". Праект, які з’явіўся з шапкі і заплечніка

Папулярнасць беларускага арнаменту цяпер не паддаецца сумненню. У навучэнца Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Дзяніса НАЛІЎКІ з’явілася ідэя — надаць «вышыванкам» афіцыйны статус школьнай формы. 25-гадовы хлопец нават стварыў адмысловыя камплекты адзення і аксесуараў і прадставіў іх на конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Мадэлі формы пад агульнай назвай «Крок у будучыню» ўжо перамаглі на абласной выставе-прэзентацыі, наперадзе — рэспубліканскі ўзровень.

— Насамрэч, я раней ніколі не думаў, што буду займацца адзеннем, — прызнаецца Дзяніс. — Пасля школы, як і ўсе аднакласнікі, паступіў ва ўніверсітэт. Выбраў філалагічны факультэт БДУ, спецыяльнасць «руская філалогія». Але праз два гады зразумеў, што гэта зусім не маё. Добра, што своечасова апамятаўся. У аднагрупніцы сястра працавала дызайнерам, мяне гэта натхніла, і я сам паспрабаваў нешта намаляваць. У выніку вырашыў паступіць у каледж і не шкадую. Сёлета атрымаю спецыяльнасць «мадэльер-канструктар».

Адна з галоўных пераваг працы, паводле слоў Дзяніса, — магчымасць самому «зарабляць на хлеб» нават падчас вучобы. Хлопец стварае адзенне на замову, распрацоўвае калекцыі пад уласным брэндам і пры гэтым паспявае займаць высокія месцы на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Ідэя школьнай формы нарадзілася з калекцыі пад назвай «Рака жыцця», якую Дзяніс распрацоўваў раней. Гэта было маладзёжнае адзенне ў стылі спорт-шык з элементамі беларускага арнаменту. Аднак для завершанасці калекцыі не хапала некаторых дэталяў — заплечніка і шапкі. Падчас працы над аксесуарамі і з’явілася ідэя выпусціць іх асобным наборам для старэйшых школьнікаў.

— Тады я і прапанаваў адміністрацыі каледжа зрабіць эскізы цэлай школьнай калекцыі, — узгадвае хлопец. — І проста «для фону» накідаў варыянты не толькі з аксесуарамі, але і з паўнавартаснай формай. У адказ пачуў: «Мы ж швейнікі, таму будзем рабіць і тое, і тое». Вось так, з шапкі і заплечніка і нарадзіўся праект.

Трэба сказаць, што форма, распрацаваная Дзянісам, моцна адрозніваецца ад адзення з арнаментам, якое цяпер прадаюць у шматлікіх крамах. У калекцыі выкарыстоўваюцца не цэлыя ўзоры, як на традыцыйных беларускіх строях, а толькі іх элементы. Такая своеасаблівая аўтарская інтэрпрэтацыя робіць форму непаўторнай і адначасова вельмі сучаснай — залішняга падабенства з сялянскім адзеннем у яе няма.

— Зараз увогуле вельмі папулярны трэнд — пікселізацыя, павелічэнне дробных дэталяў да буйных маштабаў, у якіх яны становяцца непазнавальнымі, — кажа стваральнік калекцыі. — Здагадацца, што на адзенні арнамент, можна толькі здалёк. Скажу шчыра, я не ставіў галоўнай задачай перадаць гэтымі дэталямі той глыбокі сэнс, які нясе арнамент. Гэта, хутчэй, проста стылізацыя, заснаваная на нацыянальных матывах. Але, вядома, мы праглядалі значэнні, каб на форму не трапілі неадпаведныя элементы.

Калекцыя складаецца з хлапечага і дзявочага камплектаў для малодшай школы, а таксама аксесуараў для старэйшых школьнікаў — тых самых шапак і заплечнікаў. На думку стваральніка, апошнія наўрад ці будуць у захапленні ад перспектывы апранацца аднолькава. Калі праект прымуць да рэалізацыі, Дзяніс бачыць сэнс у стварэнні асобных калекцый для розных школ — гэта дазволіла б вучням нават знешне ідэнтыфікаваць сябе з уласнымі навучальнымі установамі.

— Думаю, што наша калекцыя прыйдзецца ім даспадобы, — кажа хлопец. — Але галоўная задача нават не ў гэтым. Мне хочацца паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца ў сваім мінулым, ёсць адкуль чэрпаць новыя ідэі. У Беларусі выдатныя традыцыі, і я мару аб тым, каб у будучых пакаленняў з дзяцінства выхоўвалася любоў да роднага. У гэтым галоўны пасыл. Магчыма, конкурс «100 ідэй для Беларусі» дапаможа задуме спраўдзіцца.

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Просмотров: 536 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования