23:29 Брестские студенты-стройотрядовцы помогли КПД | |
Сёлетнім летам у складзе студэнцкага будаўнічага атрада 13 студэнтаў
Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта працавалі на КУВП
"Ганцавіцкі КПД”. Кіраўніцтва прадпрыемства засталося задаволена іх
работай. ![]() Заўсёды адчуваю ўнутранае супраціўленне, калі чую разважанні аб тым, што сучасная моладзь інфантыльная, гультаяватая, непаслухмяная… Спіс адмоўных эпітэтаў, якія пры гэтым звычайна выкарыстоўваюцца, можна працягваць. На справе, можна сустрэць і старога чалавека, якога язык не паварочваецца назваць мудрым, працавітым ці самастойным, а сярод моладзі таксама нямала тых, пра каго народная мудрасць гаворыць: молада, ды не зелена. Гэтую выснову сваёй сумленнай працай пацвердзілі і 13 юнакоў, якія асвойваюць у БрДТУ спецыяльнасць "жалезабетонныя канструкцыі”, а летам прыехалі працаваць на КПД. Упраўляючы ў вытворчасці па справе аб банкруцтве КУВП "Ганцавіцкі КПД” Мікалай Аляксандравіч Клімчук расказвае: "У нас працуюць фармоўшчыкамі дванаццаць студэнтаў ВНУ, якія перайшлі на 3-ці курс, і адзін майстар — студэнт-пяцікурснік Андрэй Яткоўскі, чалавек надзвычай адказны. Наогул, маладыя людзі не проста цудоўныя работнікі ўсе як адзін, але і разам складаюць дружную, згуртаваную каманду. Мы былі здзіўлены тым, як хутка і непрыкметна студэнты ўліліся ў наш калектыў. Дзякуючы іх прыезду, ужо на наступны дзень мы змаглі арганізаваць на прадпрыемстве другую змену (да гэтага не хапала людзей). І варта адзначыць, што моладзь нас не падвяла: працавалі ўсе нароўні са старэйшымі, вопытнымі спецыялістамі. Акрамя таго, як заўважылі нашы пастаянныя работнікі, рабяты аказаліся цікаўнымі і ўнікалі ў тонкасці іх будучай спецыяльнасці, у арганізацыю працы на прадпрыемстве. Такія людзі нам патрэбны. Мы ўжо зараз вядзём перагаворы, каб юнакі выбіралі тэмы дыпломных работ, звязаныя з нашым прадпрыемствам, прыязджалі да нас на практыку, а потым — і працаваць”. Вось у такім падыходзе да справы — вылучыць лепшых, падрыхтаваць сваіх спецыялістаў — і праяўляецца, на мой погляд, найвышэйшая мудрасць кіраўніка, які жыве не сённяшнім днём, а думае пра будучыню. Як пазней расказаў начальнік вытворчасці А. К. Мелехавец, менавіта Мікалаю Аляксандравічу належыць ідэя запрасіць на лета студэнтаў. І хаця многія былі супраць яе, кіраўнік цвёрда настаяў на сваім: "Студэнтам быць!”. Нягледзячы на тое, што прадпрыемства доўга знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы і пакуль яшчэ не зусім трывала "стаіць на нагах”, для маладога папаўнення пастараліся стварыць самыя камфортныя ўмовы для пражывання і работы. Як аказалася — увага да рабят была не дарэмнай! Начальнік вытворчасці праводзіць мяне па вялізных цэхах, паказвае рабочыя месцы сваіх падапечных і пастаянна засяроджвае ўвагу на тым, што юнакі не проста шчыра выконвалі свае непасрэдныя абавязкі, але і іншай неабходнай работы не цураліся: "Упершыню сустракаю такую згуртаваную, надзейную каманду маладых людзей, — непадробна захапляецца імі Аляксандр Канстанцінавіч і нібы чытае мае думкі: — Выдатныя хлопцы!”. Шасцёра студэнтаў працавалі на канвеернай лініі, шасцёра — на касетнай вытворчасці. Працавалі ў дзве змены. Мы сустракаліся з імі ў перадапошні дзень перад іх ад’ездам з Ганцавіч. Спецыяльна дачакаліся перазменкі, каб сфатаграфаваць для газеты ўсіх разам, у кадр не трапіў толькі майстар Андрэй, які ў гэты дзень адсутнічаў па ўважлівай прычыне. На пытанні, як ім працуецца, ці падабаецца, ці ніхто не крыўдзіць, дружна адказвалі: ”Усё падабаецца! Не крыўдзяць!”, і весела жартавалі: "Мы тут на малацэ ўзгадаваныя!”. А яшчэ запэўнівалі, што на наступны год пастараюцца абавязкова зноў прыехаць на КПД папрацаваць, і жадалі прадпрыемству хутчэйшага выхаду з цяжкага становішча. Мне ж згадваліся словы антыкрызіснага ўпраўляючага Мікалая Клімчука аб тым, што першыя крокі да гэтага ўжо зроблены: нягледзячы на каласальныя затраты, на прадпрыемстве наводзіцца парадак, за ліпень тут упершыню папрацавалі з прыбыткам. І хаця страты на сённяшні час складаюць 78 мільёнаў рублёў з нарастаючым вынікам, аднак склад запоўнены прадукцыяй. Пасля яе рэалізацыі, якая, чакаецца, пойдзе больш актыўна напачатку восені, КПД атрымае добры прыбытак. Так што пажаданні студэнтаў — не пустыя гукі: яны асядаюць на жыватворную глебу ўмелага кіраўніцтва і сумленнай працы рабочых прадпрыемства, у якую ўнёс свой пасільны ўклад і студэнцкі атрад з БрДТУ. Святлана ЛОКТЫШ. "СП" | |
Просмотров: 1108 | |