00:40 Будучае — за маладымі | |
![]() Адкрыў урачыстую цырымонію старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Саланевіч. Адзначаючы адметнасць знамянальнай даты, кіраўнік раёна падкрэсліў велізарнае значэнне ў жыцці краіны і кожнага яе жыхара Асноўнага Закона, які стаў фундаментам развіцця дэмакратычнай Беларусі, гарантам правоў і свабод грамадзян, нагадаў, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь служыць усяму народу і можа многае расказаць пра этапы станаўлення нашай дзяржавы. Аляксандр Паўлавіч прывёў звесткі з гісторыі стварэння першай Канстытуцыі ў свеце, расказаў пра адметнасць Канстытуцый у розных краінах планеты, чым вельмі зацікавіў слухачоў. Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат Ганцаўшчыны, якім выпаў гонар якраз у дзень дзяржаўнага свята атрымаць свой галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, кіраўнік раёна пажадаў, каб гэтая падзея стала для іх самай яркай і запамінальнай, нагадаў, што цяперашняя моладзь — будучыня нашай краіны, і ад яе залежыць, у якой краіне мы будзем жыць праз некалькі дзясяткаў гадоў. Верыцца, што яна — у надзейных руках. Бо ў радах моладзі нашай краіны — неабыякавыя да яе і свайго лёсу юнакі і дзяўчаты, якія сваімі адносінамі да вучобы, грамадскага жыцця даюць права на такую ўпэўненасць, веру і надзею. ![]() Да гэтых цёплых віншаванняў далучыўся першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання "БРСМ” Аляксандр Занька. "Наша краіна, — зазначыў ён, — маладая дэмакратычная прававая дзяржава. Яна мае патрэбу ў тым, каб маладыя людзі ўжо ў пачатку свайго жыццёвага шляху станавіліся сапраўднымі грамадзянамі, патрыётамі сваёй краіны. Быць патрыётам і паўнапраўным грамадзянінам — значыць, у першую чаргу, быць гаспадаром, стваральнікам у родным доме, на роднай зямлі, творча працаваць на карысць Айчыне”. Звяртаючыся да тых, хто атрымаў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Ануфрыевіч нагадаў і пра тую адказнасць, якую нясуць яны не толькі за ўласны лёс, але і за будучае сваёй дзяржавы. Ён жа адкрыў і цырымонію ўручэння маладзёжных білетаў новым членам БРСМ — актыўным, ініцыятыўным вучням раёна. Разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алай Занька першы сакратар РК ГА "БРСМ” уручыў маладзёжныя білеты школьнікам Ганцаўшчыны. ![]() У такой урачыстай, святочнай абстаноўцы прайшоў цудоўны канцэрт, падрыхтаваны юнымі артыстамі. І зроблены агульны здымак на светлы ўспамін аб гэтай хвалюючай падзеі. Марыя ДЗЁМІНА. "САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ" | |
Просмотров: 876 | |