Главная » 2017 » Июль » 6 » Галоўны вораг — алкаголь!
23:39
Галоўны вораг — алкаголь!

Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх прайшло на мінулым тыдні ў райвыканкаме. На жаль, як і заўсёды, галоўнай прычынай здзейсненых падлеткамі парушэнняў стала ўжыванне алкагольных напіткаў.

Першым разглядаўся выпадак, у якім адным з парушальнікаў стаў хлопчык 2008 (!) года нараджэння. У маі ён разам са сваім малодшым братам пайшлі гуляць на двор. Там аднаму з хлопчыкаў на вочы трапіла запальніца, якой ён хутка знайшоў прымяненне. Калі абодва забраліся на гарышча дома, падпалілі там салому. Дзецям па шчаслівай выпадковасці ўдалося выскачыць, усе засталіся жывымі. Але страшна нават падумаць, чым магло скончыцца дзіцячае свавольства.

Адзначым, што ў дзень пажару маці з бацькам былі нецвярозымі, па асабістым прызнанні, адзначалі… пасадку бульбы. Дарэчы, на наступны дзень у галавы сям’і было выяўлена ў крыві 2,7 праміле алкаголю. Мужчына спрабаваў апраўдацца: маўляў, з гора. Але ў такую прычыну верыцца з цяжкасцю.

Сваю віну ў тым, што адбылося, прызналі абодва бацькі. Камісія вынесла рашэнне — назначыць штраф у памеры дзвюх базавых велічынь. Зараз дзеці знаходзяцца ў прытулку.

За распіццё піва ў гарадскім скверы 23 чэрвеня быў затрыманы выпускнік СШ № 1 г. Ганцавічы, 2000 года нараджэння. Малады чалавек у стане алкагольнага ап’янення хістаўся з боку ў бок, а падчас затрымання міліцыяй не мог вымавіць ні слова. Аказалася, нагодай для  “свята” стала… здача цэнтралізаванага тэсціравання! Выпітыя ўчарашнім школьнікам 2 літры піва ператварыліся ў 1 базавую велічыню штрафу і  “пляму” ў асабістай справе юнака.

Сорак метраў плоту і металічная стойка дарожнага знака былі пашкоджаны п’янымі падлеткамі ў вёсцы Чудзін. На камісію выклікалі дваіх непаўналетніх, 2000 і 2002 гадоў нараджэння, навучэнцаў Чудзінскай СШ. Алкаголь стаў неад’емнай часткай адпачынку маладых людзей, прычым сабутэльнікі — іх паўналетнія сябры. Відавочна, што ідэя ламаць плот прыйшла юнакам, калі тыя знаходзіліся ўжо ў неадэкватным стане пасля выпітых кожным па 150 грамаў гарэлкі, інакш такія дзеянні растлумачыць нельга. Пытанняў тут шмат і да бацькоў, якія не сочаць за тым, да якога часу іх дзеці знаходзяцца на вуліцы (а ў 23.00 непаўналетнія павінны быць дома), і да старэйшых рабят, якія не проста дазваляюць малодшым сябрам піць спіртное, а нават самі наліваюць. Дарэчы, на пасяджэнні было прынята рашэнне вынесці штраф бацькам школьнікаў  у памеры адной базавай велічыні, а становішча адной з сем’яў у далейшым прызнаць сацыяльна небяспечным.

Наступныя выпадкі, якія разглядаліся на пасяджэнні, былі звязаны выключна з паводзінамі гора-бацькоў, для якіх бутэлька з алкаголем часта становіцца даражэй, чым уласнае дзіця. Прычым палохае, што ў такой катэгорыі — яшчэ зусім маладыя жанчыны.

Напрыклад, адной з такіх было прадастаўлена сацыяльнае жыллё (дзяўчына сама расла ў прытулку), дзе створаны ўсе ўмовы, каб спакойна гадаваць дзіця. Але мала таго, што жанчына, мякка кажучы, не спраўляецца з выхаваннем дачкі (віной гэтаму  і алкаголь, і безадказнасць, і нежаданне працаваць, і мужчыны), дык яшчэ і паводзіць сябе груба і непрыстойна ў адносінах да супрацоўнікаў органаў, якім неабходна сачыць за ўмовамі пражывання дзіцяці. Складваецца ўражанне, што маладая маці ўпэўнена: ёй усе абавязаны, а прыкладаць уласныя намаганні да выхавання дачушкі яна не мае намеру. Зараз дзіця ў “руках” дзяржавы, і ці вернецца яно дадому, залежыць толькі ад самой мамы.

Здзівіла яшчэ адна маладая жанчына. Знаходзячыся на шостым месяцы цяжарнасці, яна лічыць дапушчальным “прапусціць” пару куфляў піва. Дарэчы,   у яе ўжо ёсць трое дзяцей. Яны накормлены і памыты, у хаце парадак. Але цяга да алкаголю і сужыцель (па словах жанчыны, былы), бацька дзяцей, што п’яны прыходзіць да іх і скандаліць, вымушаюць органы апекі трымаць сям’ю, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пад жорсткім кантролем.

Вікторыя ПРЫКОТА.

Просмотров: 762 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования