09:20 «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» | |
Рэдакцыя газеты «Звязда» пры інфармаційнай падтрымцы ГА «БРСМ» і Міністэрства адукацыі чарговы раз праводзіць маладзёжны творчы конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!», абвешчаны у «Чырвонцы. Чырвонай змене». Ён, як і папярэднія, разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая збіраецца паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, каб у далейшым, магчыма, звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Не будзем таіць, што творчая «планка» нашага конкурсу даволі высокая. Малады чалавек, які збіраецца прысвяціць сваё жыццё гэтай цікавай, але нялёгкай сферы, павінен усведамляць: каб стаць журналістам, аднаго толькі жадання мала. Трэба мець дапытлівы розум, вострае вока і лёгкае пяро. І яшчэ — пастаянна працаваць над сабой. Наступны год плануецца абвясціць Годам моладзі. Таму адказныя за выпуск «Чырвонкі. Чырвонай змены» вырашылі назваць творчы конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!». Мы прапануем будучым аўтарам расказаць пра сваю пазіцыю, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем, якія ўздымаюцца ў грамадстве, у тым ліку найперш у галіне маладзёжнай палітыкі. Да якіх з’яў, сітуацый, пытанняў сёння хлопцы і дзяўчаты ставяцца неабыякава, што прапануюць змяніць? Які іх асабісты ўнёсак у тую ці іншую справу? Не трэба забывацца і пра папярэднія пакаленні, якія ў многім могуць быць прыкладам для сённяшняй моладзі. У чым у іх можна павучыцца, што пераняць? Набліжаецца 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Было б вельмі добра, каб аўтары расказалі, як іх аднагодкі захоўваюць памяць герояў і шануюць ветэранаў. Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Для тых з іх, хто налета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Лепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей. Вынікі плануецца падвесці ДА ПАЧАТКУ ЎСТУПНАЙ КАМПАНІІ. Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на электронны адрас konkurschz@maіl.ru або на паштовы (220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, рэдакцыя газеты «Звязда») з абавязковай пазнакай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» Абавязковыя ўмовы, якім павінны адпавядаць конкурсныя работы: 1. «Проба пяра» павінна быць ТОЛЬКІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ. 2. Тэксты дасылаюцца ў фармаце RTF (калі па пошце, дык у раздрукаваным выглядзе і на дыску адначасова). 3. Кожная ілюстрацыя ці фотаздымак да тэксту дасылаецца АСОБНЫМ прымацаваным файлам. 4. Аб’ём конкурсных работ — не больш за 8 тысяч знакаў (з прабеламі). 5. Колькасць «проб пяра» ад аднаго аўтара не абмежавана, аднак пры вялікай колькасці конкурсных работ кожнаму ўдзельніку (пры ўмове належнай якасці матэрыялаў і адпаведнасці ўмовам конкурсу) даецца па адным шанцы. Астатнія яго матэрыялы будуць надрукаваны (зноў жа пры ўмове належнай іх якасці) як звычайныя журналісцкія — па-за конкурсам. 6. Узрост удзельнікаў таксама не абмежаваны, але найперш конкурс разлічаны на навучэнцаў старшых класаў. 7. Жанр «проб пяра» — любы, але гэта павінна быць толькі проза (нататка, рэпартаж, эсэ, замалёўка, інтэрв’ю). 8. Пажадана, каб матэрыял быў напісаны спецыяльна для конкурсу. Вялікая просьба не дасылаць школьных сачыненняў, рэфератаў (і па форме, і па змесце), асабліва падрыхтаваных колькі часу таму. Напачатку тэксту павінен быць загаловак (назва конкурсу не з’яўляецца такім), напрыканцы — імя і прозвішча аўтара. 9. Аўтар абавязаны пазначыць свае пашпартныя звесткі (нумар, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі быў выдадзены дакумент, імя, імя па бацьку, прозвішча) і хатні паштовы адрас (індэкс, населены пункт, вуліца, дом). Гэтыя звесткі патрэбныя для бухгалтэрыі ў выпадку, калі «проба пяра» будзе надрукавана ў газеце. ТОЛЬКІ яны падаюцца аўтарам на БЕЛАРУСКАЙ і РУСКАЙ мовах. У выпадку, калі ў маладога ці юнага аўтара яшчэ няма пашпарта, вышэйназваныя звесткі падаюцца на аднаго з бацькоў, настаўніцу, кіраўніка гуртка (звесткі з пасведчання аб нараджэнні для бухгалтэрыі не падыходзяць). 10. Апроч таго, аўтар паведамляе СВОЙ нумар мабільнага або хатняга тэлефона, каб рэдакцыя ў выпадку неабходнасці магла аператыўна з ім звязацца. 11. Павінна быць пазначаная поўная колькасць гадоў аўтара на момант адпраўлення конкурснай работы, нумар школы і класа. 12. Аўтар павінен паведаміць крыху дадатковай інфармацыі пра сябе (10-15 радкоў) у адвольнай форме. Напрыклад, якія і ў чым мае дасягненні (вучоба, спорт, мастацтва і г.д.), чым захапляецца ў вольны час, кім марыць стаць у будучыні і інш. 13. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца. 14. Пра канчатковую дату падвядзення вынікаў творчага конкурсу рэдакцыя паведаміць дадаткова. Адсочваць публікацыю «проб пяра» павінны самі юныя і маладыя аўтары або іх куратары (бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў). Ну што ж, «вастрыце пёры», аўтары! Зычым усім творчых поспехаў і перамог! Як мы заўжды паўтараем, паверце, прайграўшых у конкурсе не будзе! Традыцыйная просьба: не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце над тым, што добра вядома. Раскажыце пра канкрэтную падзею, мерапрыемства, якое арганізавала моладзь, каб выказаць сваю неабыякавасць да той ці іншай праблемы ці сітуацыі. Стварылі валанцёрскі атрад? Арганізавалі суботнік? Дапамаглі па гаспадарцы ветэрану? Узялі з прытулку бадзяжную жывёлу? Заступіліся за слабага? Раскажыце пра канкрэтных маладых людзей, якія паказалі такі прыклад. Паверце, іх вельмі шмат! Толькі трэба ўбачыць іх, а лепш — самім далучыцца да такіх неабыякавых, актыўных і поўных энергіі хлопцаў і дзяўчат, каб нешта змяніць да лепшага!.. Куратары праекта Сяргей РАСОЛЬКА, Надзея НІКАЛАЕВА. | |
Просмотров: 866 | |