Главная » 2016 » Август » 7 » Як працуюць студэнцкія медыцынскія атрады?
11:17
Як працуюць студэнцкія медыцынскія атрады?

Сёлета ў галоўнай медыцынскай ВНУ краіны — Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце — былі сфарміраваны 23 студэнцкія медыцынскія атрады, у якія ўвайшлі 348 студэнтаў. Апроч таго, падчас прыёмнай кампаніі былі задзейнічаны два сервісныя атрады.

Ула­дзі­слаў Па­лі­шчук пра­цуе на па­са­дзе медб­ра­та, та­му мае пра­ва на­клад­ваць гіпс.

— Цяпер нашы студэнты працуюць на базе ўсіх бальніц Мінска, — расказвае начальнік штаба працоўных спраў БДМУ Дзмітрый ФРАЛЕНКА. — Акрамя таго, у сярэдзіне жніўня медатрады паедуць працаваць у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, што ў Бараўлянах. Дзве асноўныя пасады, на якія мы ўладкоўваем удзельнікаў, — санітар і медсястра. Першымі працуюць студэнты малодшых курсаў, бо гэта простая работа, якую могуць выконваць навучэнцы любых спецыяльнасцяў. А вось чацвёртакурснікаў і старэйшых мы ўладкоўваем як медсясцёр, і яны ўжо працуюць па сваіх навучальных профілях.

Самае важнае патрабаванне для работы ў студэнцкіх медыцынскіх атрадах — адсутнасць акадэмічных запазычанасцяў і добрыя адзнакі.

У адрозненне ад многіх іншых байцоў, медыкі працуюць круглы год. Таму ў канцы лета медатрады не толькі не расфарміроўваюцца, а, наадварот, напаўняюцца новымі людзьмі.

— Галоўнай нашай праблемай была тая акалічнасць, што студэнты працуюць у розныя дні і адно з адным перасякаюцца мала, — дадае Дзмітрый Фраленка. — Таму галоўны складнік жыцця студатрада — сяброўства і стасункі паміж байцамі — знікае. Але мы гэта пытанне вырашылі. Мінская гарадская арганізацыя БРСМ арганізоўвае для ўдзельнікаў атрадаў рознага кшталту мерапрыемствы. Напрыклад, нядаўна група студэнтаў хадзіла на картынг, іншыя гулялі ў пейнтбол, ездзілі на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Такіх мерапрыемстваў вельмі шмат, гэта дапамагае нам стварыць сапраўдны сяброўскі калектыў.

Згодна з указам Прэзідэнта, студатрады вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку. Яшчэ адзін важны аспект — яго ўдзельнікі не плацяць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Палова ад гэтых сродкаў перанакіроўваецца ў Цэнтральны камітэт БРСМ, другая — на рахунак прымаючага боку, у нашым выпадку, установы аховы здароўя. За гэтыя грошы бальніца набывае для студэнтаў праязныя білеты, спецадзенне і іншае.

У Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі цяпер працуюць два атрады: імя М.Н. Бурдэнкі і І.П. Паўлава. У дзень нашага візіту на базе прыёмнага аддзялення для траўматалагічных хворых дзяжураць двое са студэнтаў БДМУ: пяцікурснік педыятрычнага факультэта Уладзіслаў ПАЛІШЧУК і чацвёртакурснік лячэбнага факультэта Віктар СЯМАК.

— Пра магчымасць летняй працы ў медатрадзе я даведаўся ад сваёй сяброўкі, — кажа Уладзіслаў. — Паабяцалі шмат цікавага, асабліва мне спадабаліся штомесячныя мерапрыемствы для байцоў. Працаваць нам у любым выпадку трэба, а тут яшчэ і шэраг бонусаў — чаму б не паспрабаваць? Ці спраўдзіліся чаканні? Мне падабаецца, што нас імкнуцца зрабіць калектывам, гэта вельмі важна для нашай будучыні.

Вік­тар Ся­мак і Ула­дзі­слаў Па­лі­шчук зды­ма­юць кар­дыя­гра­му.

Вядома, студэнцкі атрад — гэта не толькі адпачынак, а, у першую чаргу, праца. Дзяжураць стажоры па сутках — 24 гадзіны. Працоўны дзень пачынаецца ў 8.30. Падчас навучальнага года дзяжурства прыпадае на выхадныя, атрымліваецца чацвёра сутак за месяц — неабходны мінімум для працы на палову стаўкі. Летам студэнты працуюць суткі праз двое ці трое.

— У медатрадзе пры бальніцы хуткай дапамогі я трохі больш за год, — кажа Віктар. — Паколькі на момант прыходу сюды яшчэ не скончыў тры курсы, уладкаваўся санітарам. Мае абавязкі простыя: уборка памяшканняў і паверхняў, транспарціроўка хворых, работа з адходамі, падрыхтоўка інструмента да здачы ў стэрылізацыйную камеру. Акрамя таго, дапамагаю дактарам і медсёстрам. Напрыклад, падчас упраўляння канечнасцяў ці іншых дзеянняў, якія патрабуюць фізічнай сілы. Вядома, работа нескладаная, але яна дае пэўны досвед, бо ты прызвычайваешся да рытму жыцця ў бальніцы…

Уладзіслаў як студэнт старэйшага курса — на пасадзе медбрата і можа выконваць больш адказную работу. Падчас дзяжурства ён займаецца прыёмам пацыентаў і іх рэгістрацыяй, а таксама працуе ў двух кабінетах: перавязачным і гіпсавым. Рабіць унутрывенныя ін’екцыі, забор крыві, упраўлянні канечнасцяў — усё гэта яго абавязкі.

— Студэнцкія атрады працуюць на базе нашай установы аховы здароўя ўжо на працягу трох гадоў, — гаворыць выканаўца абавязкаў галоўнай медыцынскай сястры Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі Таццяна КАРАТКЕВІЧ. — Нашы штатныя супрацоўнікі, якія ўзаемадзейнічаюць са студэнтамі, задаволены ўзроўнем іх падрыхтоўкі і стаўленнем да працы. За ўвесь час ніякіх дысцыплінарных спагнанняў і нават вусных нараканняў на ўдзельнікаў атрадаў не было. Але самае галоўнае — я чую ад дактароў, старшых сясцёр, што яны былі б рады бачыць гэтых хлопцаў і дзяўчат сярод нас. Думаю, гэта найлепшая пахвала.

Размаўляем з медатрадаўцамі пра заробак. Паводле іх слоў, ён залежыць ад стаўкі і пасады. Уладзіслаў атрымлівае 180 рублёў, Віктар — трохі больш за 100.

— Што самае складанае ў нашай працы? — перапытвае Уладзіслаў. — У мяне ніякіх эксцэсаў не было, адзінае, што часам трапляюцца не самыя выхаваныя пацыенты. У любым выпадку, праца медыка — гэта работа з чалавекам, таму заўсёды будуць здарацца непаразуменні. Трэба вучыцца знаходзіць выйсце з канфліктных сітуацый.

Безумоўна, цяжка сумяшчаць вучобу і работу, гэта сур’ёзна вымотвае. Але аб выбары прафесіі асабіста я не шкадую.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Просмотров: 697 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования