22:25 Юный ганцевчанин Кирилл Апанович стал первым белорусом-участником телеигры «Самый умный» | |
У кожным класе сярэдняй школы № 3 г. Ганцавічы ёсць таленавітыя вучні. Не з’яўляецца выключэннем і мой 9 "Б". Хтосьці з поспехам бяжыць па спартыўных дарожках, хтосьці праяўляе сябе на сцэне — спевамі, танцамі, вядучымі… А вось Кірыл Апановіч упэўнена падымаецца на інтэлектуальны алімп.
На ўроках ён заўсёды дэманструе высокі ўзровень ведаў. У яго не бывае вольных хвілін. Толькі справіўся з заданнем, адразу пытаецца: "Што рабіць далей?". У класным журнале насупраць яго прозвішча з’яўляюцца дзявяткі і дзясяткі. Толькі Кірылу мала атрымліваць высокія адзнакі. Ён цвёрда засвоіў словы В. Верасаева: "Веды не павінны ляжаць у нас мёртвым грузам, а ўвесь час круціцца, кіпець, счэплівацца паміж сабой…", таму ён не прапускае ніводнай магчымасці ўдзелу ў алімпіядах, інтэлектуальных гульнях, конкурсах.
Так, у кастрычніку гэтага года ён узначаліў каманду школы, якая паспяхова выступіла ў раённым брэйн-рынгу. Каманда па праву заняла першае месца, а сам Кірыл адзначаны як лепшы капітан.
Яшчэ Кірыл удзельнічаў у васьмі школьных прадметных алімпіядах, па сямі з якіх стаў абсалютным пераможцам. А вось 6 снежня 2011 года юнак вярнуўся з Масквы са здымак тэлегульні "Самы разумны", у якой удзельнічаюць юнакі і дзяўчаты з Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. Дарэчы, чытачы раёнкі памятаюць, што ён быў першым з нашага раёна, хто ўдзельнічаў у тэлевіктарыне "Дзеці новага пакалення". Не без гонару адзначу, што, па словах вядучай Ціны Кандалакі, Кірыл — першы беларус, які прайшоў адборачны тур і быў запрошаны на расійскую тэлеперадачу.
Вярнуўшыся дамоў, ён сціпла дзяліўся сваімі ўражаннямі і дэманстраваў рукзак, флэшку, кружку і ручку з лагатыпам "Самы разумны". Кірыл прызнаўся, што вельмі моцна хваляваўся. Былі хвіліны, калі здавалася, што ўсё забыў, што не хопіць сіл сканцэнтравацца. Але толькі веды застаюцца лепшым дарадцам у такой складанай сітуацыі. Наперадзе юнака чакае новая дарога. Цяпер ён рыхтуецца да абласнога туру алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Застаецца пажадаць яму поспехаў.
Зорка Кірыла толькі пачынае ўзыходзіць. Але я ўпэўнена: не за гарамі той час, калі яна разгарыцца, бо Кірыл — асоба мэтанакіраваная і творчая. Таццяна ПАЎЛОВІЧ, класны кіраўнік 9 "Б" класа СШ № 3 г. Ганцавічы. НА ЗДЫМКУ: Кірыл Апановіч і Ціна Кандэлакі.
"САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ" | |
Просмотров: 790 | |