12:49 Хто на новенькую? | |
З наступнага навучальнага года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна плануюць пачаць падрыхтоўку лагапедаў і медыцынскіх псіхолагаў Вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі фактычна кожны год прапануюць абітурыентам новыя спецыяльнасці. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна не выключэнне – у пераліку спецыяльнасцей на ўступную кампанію 2016 года з’явяцца дзве новыя. Адна са старэйшых ВНУ краіны плануе адкрыць “Лагапедыю” на сацыяльна-педагагічным факультэце і “Медыцынскую псіхалогію” на псіхолага-педагагічным. З’яўленне “Лагапедыі” чакаецца і запатрабавана часам, бо рэгіёну не хапае такіх спецыялістаў. Павелічэнне колькасці дзяцей з парушэннямі маўлення патрабуе пашырэння магчымасцей лагапедычнай дапамогі. Падрыхтоўка настаўнікаў-лагапедаў дазволіць вырашаць актуальныя задачы па аказанні карэкцыйна-педагагічнай дапамогі малым. Дарэчы, сацыяльна-педагагічны факультэт грунтоўна супрацоўнічае з цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Тонус”, які з’яўляецца клініка-практычнай базай факультэта. Нярэдка тут выконваюцца курсавыя і дыпломныя работы, праводзяцца практычныя і лабараторныя заняткі. Факультэт пачаў закупляць неабходную для новай спецыяльнасці літаратуру і абсталяванне. Ва ўніверсітэце лічаць, што “Лагапедыя” будзе запатрабавана абітурыентамі не толькі з Брэсцкай, але і іншых абласцей краіны. На псіхолага-педагагічным факультэце з 1999 года вя-дзецца падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці “Псіхалогія”. Акрамя трох вядомых спецыялізацый – “Педагагічная псіхалогія”, “Сацыяльная псіхалогія” і “Псіхалогія сямейных адносін” – з 2016 года плануецца не менш цікавая “Медыцынская псіхалогія”. Выпускнікі гэтай спецыяльнасці змогуць працаўладкавацца ў паліклінікі, рэабілітацыйныя цэнтры, санаторныя школы і іншыя месцы. А матывацыяй для адкрыцця “Медыцынскай псіхалогіі” найперш з’яўляецца той факт, што стан здароўя дзяцей і дарослых выклікае заклапочанасць у сувязі з ростам псіхасаматычных хвароб. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна мае дастатковы навуковы, вучэбна-метадычны і выкладчыцкі патэнцыял для падрыхтоўкі спецыялістаў-лагапедаў і медыцынскіх псіхолагаў. Дакладны план прыёму на новыя спецыяльнасці стане вядомы трошкі пазней. Але абітурыенты, якіх зацікавяць “Лагапедыя” і “Медыцынская псіхалогія”, павінны ведаць, што для паступлення спатрэбяцца тры сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання: па беларускай (рускай) мове, гісторыі Беларусі і біялогіі. Анастасія ЦЫКУН, студэнтка філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна. | |
Просмотров: 463 | |