Главная » 2017 » Июнь » 4 » Працуй, пакуль малады!
17:38
Працуй, пакуль малады!

Першыя студэнцкія атрады ўжо накіроўваюцца на месца працы ў нашай краіне і па-за яе межамі.

Сённяшнія студэнты, якія хочуць правесці канікулы з карысцю для сябе і грамадства, працуюць у некалькіх накірунках: сельскагаспадарчым і сэрвісным, педагагічным і медыцынскім, вытворчым і экалагічным і, зразумела, будаўнічым.

— Студэнтаў, якія жадаюць летам працаваць, вельмі шмат! Значна больш, чым месцаў, якія прадастаўляюць зацікаўленыя працадаўцы, — заверыла Эліна Брага, якая выконвае абавязкі другога сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ. — На сённяшні дзень арганізацыі і прадпрыемствы прапануюць моладзі больш за 43 тысячы рабочых месцаў. Многія з іх належаць арганізацыям, якія працуюць на ўзвядзенні БелАЭС у Астраўцы. Яшчэ адзін значны аб’ект, дзе гэтым летам знойдзецца занятак для студэнтаў, — Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.

Трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, другая кальцавая аўтадарога, стадыён «Дынама» ў Мінску, патрыятычны цэнтр у Брэсце — на ўсіх гэтых значных і маштабных будоўлях працавалі і студэнты.

У гэтым годзе павялічылася колькасць замежных краін, дзе чакаюць нашых байцоў. Так, 500 чалавек за лета прыме Польшча. Студэнты там будуць збіраць ягады і садавіну, майстраваць скрыні для сабранай прадукцыі, а таксама прадаваць яе. Аплата працы залежыць ад выпрацоўкі. У любым выпадку гэта выдатная магчымасць набыць новых сяброў і правесці час з карысцю. Першыя дзесяць чалавек адправяцца туды літаральна заўтра.

Дзве сотні студэнтаў будуць працаваць сёлета ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры «Арляня», які знаходзіцца ў Краснадарскім краі і ўключае ў сябе каля дваццаці летніх лагераў. Палова байцоў ужо накіравалася да месца працы. Нашых студэнтаў чакаюць таксама ў дзіцячых санаторна-аздараўленчых лагерах «Жамчужына Расіі» і «Зорачка-Поўдзень» на Чарнаморскім узбярэжжы. Наймальнік аплачвае дарогу, харчаванне і пражыванне, на рукі студэнты ў месяц атрымаюць 5—7 тысяч расійскіх рублёў. Удвая, а то і ўтрая больш можна зарабіць на будоўлі ў Пецярбургу, дзе плата залежыць ад выпрацоўкі. Праўда, дабірацца туды давядзецца за свой кошт. Для 120 чалавек ёсць занятак на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Падмаскоўя.

У залежнасці ад месца працы байцы студэнцкіх атрадаў могуць атрымаць у месяц ад 300 да 800 рублёў. Акрамя гэтага, студатрад — выдатная магчымасць пабываць у іншых мясцінах, пазнаёміцца з новымі людзьмі і набыць працоўны вопыт.

Оксана НЕВМЕРЖИЦКАЯ

Автор фото: Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ

Просмотров: 526 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования