23:09 Разыгран кубок района по мини-футбол | |
Адзначым, што ў складзе "Студэнтаў” выступалі футбалісты, якія на сёлетнім чэмпіянаце раёна прадстаўлялі каманду-пераможцу — "РЖКГ”. І таму сваёй чарговай перамогай рабяты яшчэ раз пацвердзілі, што роўных у раёне па міні-футболе ім пакуль няма. На гэты раз на турніры змагалася 9 каманд. Яны былі падзелены на 3 групы, пераможцы якіх адразу ж траплялі ў паўфінал. Яшчэ адзін паўфіналіст вызначаўся па выніках стыкавых гульняў. У сваіх групах упэўненыя перамогі святкавалі фаварыты спаборніцтваў — "Студэнты” і "ПМК-14”. А яшчэ ў адной тройцы паміж камандамі "СВК "Бярозавец”, "Сатурн” (Ганцавічы) і "Хваля” (Хатынічы) разгарнулася сапраўдная барацьба, у якой з першага месца ў 1/2 фінала выйшла каманда з сельгаскааператыва. У цікавых і драматычных стыкавых паядынках апошнюю пуцёўку ў паўфінал атрымала каманда "Сатурн”, якая ў рашаючай гульні перамагла футбалістаў з ліцэя толькі па серыі пенальці. Сустрэчы 1/2 фінала падарылі шматлікім гледачам, якія цалкам запаўнялі спартыўную залу і ў першы, і ў другі дзень, сапраўдную сенсацыю. У першым паўфінальным паядынку паміж камандамі "СВК "Бярозавец” і "ПМК-14” нечаканую перамогу з лікам 2:1 атрымалі першыя. У фінале каманда-адкрыццё турніру (менавіта так можна сказаць пра футбалістаў "СВК "Бярозавец”) сустрэлася са "Студэнтамі”, якія ў паўфінале ўпэўнена перамаглі каманду "Сатурн” з лікам 6:1. Фінальны паядынак атрымаўся цікавым і напружаным. Футбалісты з райцэнтра адразу ж захапілі ініцыятыву і тройчы адправілі мяч у сетку варот сапернікаў (усе тры галы на рахунку Сяргея Савені). У далейшым футбалістам з каманды "СВК "Бярозавец” удалося выраўняць лік гульні, аднак дагнаць сапернікаў усё ж такі не атрымалася. У выніку фінальны свісток зафіксаваў перамогу "Студэнтаў” з лікам 5:3. Пасля фінальнай сустрэчы каманда-пераможца атрымала галоўны прыз — кубак раёна. Былі вызначаны і лепшыя футбалісты турніру, якія таксама атрымалі ўзнагароды ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба "Здароўе-7” і ДЮСШ прафкама СВК "Агарэвічы”. Лепшым галкіперам стаў Антон Жукоўскі ("ПМК-14”), нападаючым — Аляксей Ахрэмка ("СВК "Бярозавец”). А лепшым футбалістам спаборніцтваў (таксама, як і абаронцам) быў прызнаны Ілья Мурашка з каманды "Студэнты”. На здымку: каманда – пераможца разам з арганізатарамі розыгрышу адкрытага кубка Ганцавіцкага раёна па міні-футболе. | |
Просмотров: 637 | |