21:52 Створаны нацыянальны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства-2011 | |
Такое рашэнне змешчана ў пастанове ўрада Беларусі нумар 287 ад 9 сакавіка 2011 года.
Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Ганцавічах 4 верасня 2011 года. Нацыянальны аргкамітэт узначаліў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першую нядзелю верасня ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню ён прайшоў у Полацку, сталіцамі яго былі таксама Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі.
У аснову канцэпцыі Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды дасягненняў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў. За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў сапраўды нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Штогод у святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы Беларусі, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты. Правядзенне Дзён беларускага пісьменства ў малых гарадах садзейнічае пашырэнню іх інфраструктуры, спрыяе развіццю турызму ў рэгіёнах, знаёміць жыхароў краіны і шматлікіх гасцей з-за мяжы з матэрыяльнымі і духоўнымі помнікамі Беларусі. | |
Просмотров: 514 | |