Главная » 2016 » Август » 20 » Унікальны ўрач-ілюзіяніст працуе на Ганцаўшчыне
10:57
Унікальны ўрач-ілюзіяніст працуе на Ганцаўшчыне

Малады спецыяліст Яўген Філон (НА ЗДЫМКУ), родам з горада Іўе Гродзенскай вобласці, які першы год працуе ўрачом агульнай практыкі ў Люсінскай амбулаторыі, чалавек незвычайны. Здавалася б, пачынаючы і перспектыўны медык, які з самага дзяцінства марыў стаць урачом, а таму паступіў і паспяхова скончыў лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дасягнуў пастаўленай мэты, але для маладога, амбіцыёзнага юнака гэтага аказалася мала.  Яўген — прафесійны… фокуснік-ілюзіяніст. Да таго ж, Яўген Філон — прафесійны танцор і спартсмен, арганізатар вечарынак, супрацоўнік аднаго з расійскіх прадзюсарскіх цэнтраў. Як у яго атрымліваецца спалучаць такія палярна розныя заняткі: медыцыну і магію, навуку і танцы, спорт і прадзюсіраванне? На гэтае і іншыя пытанні Яўген Філон ахвотна адказаў карэспандэнту раёнкі Ксеніі ЛУЦКО.

— Жэня, раскажы чытачам, з чаго пачалося тваё знаёмства з магіяй і фокусамі?

— Усё пачалося ў 2012 годзе, калі на мой 22-гі дзень нараджэння да мяне ў госці прыехаў сябра з Мінска. Ён паказаў мне тады відэа з выступленнямі аднаго з самых лепшых фокуснікаў нашых дзён, брытанскага ілюзіяніста пад сцэнічным псеўданімам Дынама. Ён пачынаў сваю кар’еру ў Англіі, але з часам яго заўважылі ў іншых краінах свету. Ён хадзіў па вуліцах горада і здзіўляў людзей сваім талентам. І тут мне прыйшла думка, што гэта было б выдатным і нестандартным спосабам знаёмства з дзяўчатамі, да таго ж, мяне сапраўды ўразіла тое, што ён робіць, настолькі яго фокусы былі няпраўдападобнымі і прафесійна выкананымі. Тады я купіў звычайныя карты і пачаў трэніравацца. Прайшоў час, я зноў паглядзеў відэа-выступленне Дынама і заўважыў для сябе, што я разгадваю яго фокусы! Калі спачатку я здзіўляўся, дык зараз  пачаў разумець, у чым сутнасць той ці іншай ілюзіі. І вось тут прыйшло жаданне паўтарыць тое, што робіць вядомы ілюзіяніст. У мяне атрымалася, і я з задавальненнем пачаў выступаць на вечарынках, якія сам арганізоўваў у Гродне.

— Дарэчы, Жэня, ты яшчэ і прафесійны танцор?

— Так, я даўно займаюся танцамі, і раблю гэта прафесійна. Выступаў у клубах, на дыскатэках і  вечарынах. І калі да мяне прыйшло жаданне самому арганізоўваць забаўляльныя вечары для моладзі, я вырашыў “разбавіць” свае танцавальныя выступленні менавіта фокусамі, каб неяк адыйсці ад стандартнага танца, зацікавіць гледача, прынесці на сцэну нешта незвычайнае і нават магічнае. Але, скажам, дылетанцкі ўзровень ілюзій не задаволіў мяне самога. Я такі чалавек, што калі пачынаю чым-небудзь займацца, павінен давесці ўзровень свайго майстэрства да максімуму. Канечне, на той час гледачы здзіўляліся, не разумелі, як я раблю тыя ці іншыя фокусы, але мне гэтага было мала і я вырашыў працягваць адточваць майстэрства.

— Яўген, але, нягледзячы на няўпэўненасць у сваіх сілах, ты не кінуў заняткі ілюзіямі…

— Безумоўна не. Я адразу адчуў, што гэта “маё”, проста не хапае вопыту і трэніровак, якімі я ўпарта і займаўся. Мы з сябрам нават запусцілі праект на YouTube пад назвай “Змяняючы рэальнасць”, куды выкладвалі відэа-ролікі з маімі фокусамі.  І якім жа было маё здзіўленне, калі гэтыя ролікі заўважылі члены Гродзенскага клуба фокуснікаў “Здзіві!” і запрасілі мяне на сустрэчу. Для таго, каб уступіць у рады ўдзельнікаў клуба, неабходна паказаць трук, які б не змаглі разгадаць вопытныя ілюзіяністы. Спачатку я вельмі саромеўся, мне здавалася, што мой аматарскі ўзровень не падыходзіць для таго, каб дэманстраваць яго перад вопытнымі фокуснікамі. Але ўсё ж мяне ўгаварылі, я паказаў чатыры фокусы, якія прыдумаў сам, і ніхто тады так і не змог разгадаць загадку маіх ілюзій.

Затым трэніроўкі, адточванне майстэрства. Я ўсур’ёз заняўся магіяй, пачаў набываць спецыяльныя прафесійныя канцэртныя атрыбуты, знаёміцца і перапісвацца з ілюзіяністамі з розных куткоў краіны. І ў працэсе знаёмства даведаўся, што адзін раз у год у Беларусі, а дакладней, у Гродне, праводзіцца прэстыжны міжнародны фестываль фокуснікаў, куды прыязджаюць выступаючыя з усіх краін СНД і Прыбалтыкі.

— Жаданне паўдзельнічаць з’явілася адразу?

— Канечне! Я разумеў, што гэта настолькі высокі ўзровень, што калі я яго “вазьму”, змагу лічыць сябе сапраўдным прафесіяналам любімай справы. Я вельмі рупліва рыхтаваўся, трэніраваўся, прыдумваў такія фокусы, аналагаў якім бы не было ўвогуле, падрыхтаваў спецыяльны касцюм для выступлення і падаў заяўку на ўдзел. Выступаў амаль апошнім. Было прадстаўлена тры намінацыі: мікрамагія, сцэнічная і ментальная магія. Я для сябе выбраў апошнюю, самую складаную.

— А ў чым сутнасць ментальнай магіі?

— Ментальная магія — гэта магія думкі, здольнасць здзяйсняць магічныя дзеянні думкамі. Гэта і гіпноз, і счытванне інфармацыі з тэксту, з думак іншага чалавека, здольнасць уплываць на свядомасць чалавека без розных рытуалаў, на яго волю, дзеянні.

— Гучыць вельмі інтрыгуюча. Для таго, каб паўней усвядоміць тое, чым ты так захапляешся, раскажы пра фокусы, якія ты паказваў на міжнародным конкурсе.

— Аднаму з прысутных у зале я прапанаваў спачатку прадставіць карцінку, а потым загадаць любы трохзначны лік. Потым я расказваў што-небудзь гледачам, а пасля дастаў з запячатанага канверта, які ўвесь гэты час быў навідавоку, картку з загаданым лікам.

Вось яшчэ адзін фокус, які асабліва спадабаўся прысутным. Я выбраў чалавека з залы, прапанаваў узяць у рукі блакнот, у якім змешчаны фотаздымкі жывёл, і адкрыць на любой старонцы. Чалавек адкрывае, запамінае жывёлу. Затым я вяду размову з залай і прашу запрошанага на сцэну зноў адкрыць блакнот. Напрыклад, ён там бачыць дэльфіна. Я зноў вяду гутарку з залай і тут прашу госця назваць, што ж ён бачыў на фотаздымку ў другі раз. Адначасова я хуценька ўздымаю плакат з выявай правільнага адказу, але замест дэльфіна на плакаце напісана “помпа”. Зала гудзе, маўляў, не атрымаўся фокус. Я раблю разгублены выгляд, збянтэжаны, губляю на сцэне плакат і са словамі: “Ну добра, раз ужо ў мяне аказалася помпа, трэба з ёй нешта рабіць!”, бяру канверт, які ляжыць на стале, помпу і надзімаю дэльфіна.

Менавіта тады я заняў першае месца ў намінацыі “Ментальная магія”. А на наступны год мяне ўжо запрасілі прысутнічаць на конкурсе ў складзе журы.

— Сапраўды, уражвае. Можа, падзелішся з чытачамі, у чым сакрэт фокуса?

— (смяецца) Я нікому не раскрываю таямніцы сваіх магічных трукаў, яны адзінкавыя, выключныя, прыдуманыя мной самім і я не хачу, каб іх хто-небудзь, скажам, запазычыў.

— А як складвалася твая кар’ера ілюзіяніста далей?

— Пасля перамогі ў конкурсе да мяне пачалі звяртацца з просьбай выступіць на мерапрыемствах, урачыстасцях, у мяне з’явіўся асабісты прадзюсар, а потым да мяне прыйшла па-сапраўднаму цікавая ідэя: я вырашыў сумясціць танцы з лазерамі і ілюзію. Так у мяне атрымалася ілюзійна-лазернае шоу, якое зараз карыстаецца вялікай папулярнасцю. Я ўсур’ёз заняўся гэтай справай, некалькі месяцаў рабіў спецыяльны касцюм, з якога выходзілі б лазерныя промні, пераломваліся, вучыўся быццам “падбіраць” іх з падлогі і іншае. Да цяперашняга часу аналагаў майму шоу няма ў Беларусі.

— Жэня, ты настолькі ўсебакова развіты малады чалавек, у цябе столькі талентаў і захапленняў. Ці не перашкаджае актыўная дзейнасць асноўнаму і любімаму занятку — медыцыне?

— Канечне, не. Я вам больш скажу, я актыўна займаюся спортам, а таксама з’яўляюся намеснікам дырэктара расійскага прадзюсарскага цэнтра: у мяне ў падпарадкаванні 12 чалавек і мы прадаём навучальныя відэа-курсы знакамітых людзей. Але я займаюся сваімі хобі пасля работы, для душы, ну і, не буду ўтойваць, дзеля заробку. А медыцына — гэта прызванне. Я ні ў якім разе не збіраюся пакінуць медыцынскую практыку, для мяне гэта мара ўсяго жыцця, і я хачу рэалізавацца перш за ўсё як урач.

— Дзякуй, Яўген, за цікавую размову.

P.S. Дарэчы, праз месяц Жэня паедзе на курсы перападрыхтоўкі ў Мінск, пасля чаго вернецца ў Ганцавіцкую ЦРБ урачом-эндаскапістам. Поспехаў табе, Яўген!

Источник: "Савецкае Палессе"

Просмотров: 1168 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования