16:42 Юбілейны Дзень пісьменства ў Быхаве | |
Вось ужо на працягу дваццаці гадоў у першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Свята праводзіцца ў гарадах, што з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць вядомых дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва. Упершыню Дзень беларускага пісьменства праходзіў у старажытным Полацку. Затым сталіцамі свята былі Тураў і Навагрудак, Нясвіж і Орша, Пінск і Заслаўль, Мсціслаўль і Мір, Камянец і Паставы, Шклоў і Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы і Глыбокае. Сталіцай юбілейнага Дня пісьменства стаў Быхаў. У святочных мерапрыемствах прымалі ўдзел і прадстаўнікі з Ганцаўшчыны. Яшчэ гаспадарыла раніца, калі невялічкі аўтобус з надпісам "Школьны” пакідаў межы Ганцаўшчыны і гладкай, залітай восеньскім святлом дарогай каціўся ў бок Магілёўшчыны. Там, у ліку амаль што дваццаці гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства, паэтам, музыкантам, майстрам, бібліятэкарам, музейным работнікам выпаў гонар прэзентаваць свой раён, расказаць аб тым, як праходзіла свята пісьменства на Ганцаўшчыне, чым жыве і славіцца раён сёння. Дарога да Быхава падалася нядоўгай. У другой палове дня сталіца свята сустракала ганцаўчан. Але ж галоўныя падзеі адбываліся на наступны дзень. Ледзь не цэлая вуліца "вырасла” з павільёнаў, дзе дэлегацыі з самых розных куточкаў Беларусі расказвалі аб сабе і сваім рэгіёне. Каларытным, адметным быў кавалачак зямлі, на якім сапраўдныя шэдэўры — ручнікі, тканыя, вышываныя, — дэманстравала Марыя Муха, дырэктар раённага Дома рамёстваў. Непаўторнасцю і хараством вылучаліся саламяныя цуды, зробленыя рукамі Валянціны Занька і яе выхаванцаў з Ганцавіцкага Дома народнай творчасці. Фотастэнды раённага краязнаўчага музея распавядалі аб гістарычным мінулым краю, знаёмілі са святочнымі імгненнямі, што адбываліся на Ганцаўшчыне. Лепшыя творы літаратараў-землякоў у шыкоўным павільёне прадставілі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. У агульную экспазіцыю ўпісаўся стэнд са святочнымі нумарамі раёнкі, старонкі якой упрыгожвала натхнёнае паэтычнае слова і на якіх расказвалася аб гісторыі зямлі, лепшых яе прадстаўніках і незабыўных святочных днях у Ганцавічах. Літаратурную афарбоўку пляцоўцы зрабілі юныя паэты, удзельнікі літаратурнага аб’яднання "Верасок” РЦДЮТ і вядомы майстар паэтычнага слова Аляксей Галаскок. Вялікая колькасць людзей, знаёмых і незнаёмых, спынялася каля павільёна з надпісам "Ганцавіцкі раён”. Яны частаваліся восеньскімі дарамі, прыгажунямі-журавінамі ды сакавітымі буякамі з эксперыментальнай базы "Журавінка”, прыцэньваліся да ручнікоў, здзіўляліся багаццю і каларыту нашага краю. Цікавай была гаворка з маладжавымі жанчынкамі, якія прыехалі на свята ў Быхаў з Баранавіч. "Ганцавічы! — узрушана пачала адна. — Упершыню на свяце такога кшталту давялося быць менавіта ў вашым горадзе. Мы былі ўражаны арганізацыяй свята, кампактным размеркаваннем пляцовак, хараством горада, насычанасцю мерапрыемстваў! І вось ужо трэці год запар адпраўляемся ў дарогу. Параўноўваем. Нешта адкрываем новае”. "Дарэчы, — працягвала гаворку другая субяседніца, — у Ганцавічах нам давялося сустрэцца з сынам сусветна вядомага Якуба Коласа. А пра такое ці ж можна забыць!”. Знакамітыя пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Ніна Загорская, Яўген Хвалей, алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя не абышлі бокам павільён Ганцавіцкага раёна. Цёплыя ўспаміны і шматлікія фотаздымкі будуць добрым напамінам аб цікавых і радасных імгненнях сустрэч. Чым яшчэ здзівіў і ўразіў у гэты дзень Быхаў? Праграма свята па-сапраўднаму была насычанай. Удзельнікаў свята сустракаў фестываль кнігі і прэсы, працавалі спартыўныя, дзіцячыя пляцоўкі, выставы майстроў народнай творчасці. Было шмат тэатралізацыі, песень і музыкі. Працавалі шматлікія кніжныя выставы, праходзілі сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі. У раённым цэнтры культуры адбыліся "Быхаўскія чытанні” і прэзентацыя кнігі "Баркулабаўскі летапіс”. На галоўнай плошчы горада прайшло святочнае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі "Баркулабаўскі летапіс”. Надоўга ў памяці жыхароў і гасцей свята застануцца мерапрыемствы, што праходзілі на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы: урачыстае адкрыццё, узнагароджванне пісьменнікаў-пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор, канцэрт гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства, цырымонія ўрачыстага закрыцця і перадачы эстафеты свята. Дарэчы, у канцэрце гарадоў-сталіц прымаў удзел малады калектыў музыкантаў "Ганцавічы-бэнд” пад кіраўніцтвам Сяргея Плоткі. Напеўна-задумлівая, лірычная музыка не пакінула слухачоў раўнадушнымі. Доўга гучалі апладысменты, і былі яны знакам прызнання калектыву, яго майстэрства і самабытнасці. З нагоды дваццатага, юбілейнага свята беларускага пісьменства ў Быхаве была закладзена алея гарадоў-сталіц свята. Па дарозе дадому, у аўтобусе, шумна, нібыта ў пчаліным вулеі, вялася гаворка. Вядома, памяць вяртала ў клапотныя вераснёўскія дні 2011-га. Успамінася многае, параўноўвалася, расстаўляючы свае плюсы і мінусы ўрачыстасцям у нашым горадзе і ў Быхаве. Аднак усе прыйшлі да адзінай думкі — нягледзячы на ўзрост, свята пісьменства павінна жыць! Яно яднае людзей. Яно дае цудоўную магчымасць паказаць культурнае багацце роднай Беларусі. Яно дапамагае ўсім і кожнаму адчуць гонар за сваіх людзей, за сваю Бацькаўшчыну. Галіна Пупач. | |
Просмотров: 826 | |