Главная » 2010 » Сентябрь » 7 » У Ганцавічах пройдзе Дзень беларускага пісьменства-2011
20:04
У Ганцавічах пройдзе Дзень беларускага пісьменства-2011
У мінулую нядзелю наша краіна адзначыла Дзень беларускага пісьменства — вялікае нацыянальнае свята, якое, па словах кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі, "акцэнтуе ўвагу на неабходнасці захавання і развіцця багатай культурнай спадчыны і духоўных здабыткаў нашага народа”.



Як правіла, месцам правядзення гэтай значнай падзеі абіраюцца гарады, гісторыя якіх звязана з імёнамі знакамітых дзеячаў нацыянальнай культуры. Свята ўжо прымалі Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь. Сёлета Дзень беларускага пісьменства праходзіў у горадзе Хойнікі — на малой радзіме вядомага беларускага пісьменніка Івана Мележа.

Прайшоўшыя ўрачыстасці вылучаліся насычанай праграмай і сабралі шматлікіх удзельнікаў з усёй Беларусі, а таксама гасцей з блізкага і далёкага замежжа. У ліку тых, хто прыняў удзел у святочных мерапрыемствах, была і дэлегацыя Ганцаўшчыны на чале са старшынёй райвыканкама У. М. Столярам. Прысутнасць ганцаўчан у Хойніках была невыпадковай. На працягу апошніх месяцаў наш райцэнтр разглядаўся як найбольш верагоднае месца правядзення гэтага культурнага форуму ў наступным годзе. І вось падчас урачыстага закрыцця свята афіцыйна было аб’яўлена, што ў 2011 годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў нашых Ганцавічах!

У сваёй прамове з нагоды прынятага рашэння са святочнай сцэны Уладзімір Міхайлавіч адзначыў, што "Ганцаўшчына заслужыла права правесці Дзень беларускага пісьменства. Наш самабытны край слаўны сваёй багатай гісторыяй, захаваў свае адметнасці, традыцыі і непаўторны каларыт. Ганцаўчане цэняць кнігу — крыніцу духоўнага багацця, шануюць роднае слова, ганарацца сваімі знакамітымі землякамі-творцамі і тым, што на Ганцаўшчыне ў свой час жыў і працаваў вялікі беларускі пясняр Якуб Колас. Мы вельмі рады, што нам дадзена ганаровае права на сваёй паэтычна-песеннай, маляўнічай зямлі сабраць гасцей з усёй Беларусі ды паказаць, адкуль вытокі творчай дзейнасці нашых знакамітых людзей”.

Цяпер з упэўненасцю можна гаварыць пра тое, што Дзень беларускага пісьменства стане яскравай падзеяй у жыцці Ганцаўшчыны, будзе садзейнічаць развіццю культурна-асветніцкай дзейнасці, узбагачэнню творчай спадчыны, прымнажэнню духоўных каштоўнасцей нашых людзей.

Шчыра верым, што свята адбудзецца. Чакаем, пачынаем рыхтавацца і будзем рады вітаць дарагіх гасцей на нашай ганцавіцкай зямлі праз год.


НА ЗДЫМКУ: Падчас перадачы сімвалічнай эстафеты свята ад Хойнікаў — Ганцавічам. На сцэне злева направа: старшыня райвыканкама У. М. Столяр, першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Л. С. Ананіч, вядомая беларуская тэлевядучая А. Свірыдовіч, кіраўнік Хойніцкага раёна А. В. Бічан.


Просмотров: 863 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования