22:06 Радавы Мікалай Лабада | |
З кожным днём набліжаецца знамянальная дата нашай гісторыі — 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Усё менш застаецца сярод нас жывых сведкаў тых грозных і незабыўных дзён. З пяці тысяч ганцаўчан, якія прымалі ўдзел у вайне на франтах, у партызанскіх атрадах, падполлі, сёння ў жывых непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў у раёне засталося ўсяго каля дваццаці чалавек. Аднак подзвігі герояў не павінны адысці ў нябыт. Пра іх ратную славу павінны ведаць нашчадкі сённяшняга і будучых пакаленняў, на іх прыкладзе выхоўвацца ў духу патрыятызму, любові і адданасці Айчыне. Святы наш абавязак захаваць светлую памяць аб усіх героях Вялікай Айчыннай, зрабіць усё магчымае, каб яна стала неўміручай. Хачу ўспомніць пра людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у Перамогу, але, на жаль, не дажылі да нашых дзён. Многіх з іх я ведаў асабіста, быў добра знаёмы з імі, неаднаразова сустракаўся, а з некаторымі і сябраваў. Перакананы: светлая памяць аб іх павінна жыць вечна і перадавацца з пакалення ў пакаленне. Сёння ўвазе чытачоў прапаную матэрыял, які прысвячаецца былому франтавіку, колішняму брыгадзіру калгаса “Сцяг Леніна” ардэнаносцу Мікалаю Міхайлавічу ЛАБАДЗЕ з вёскі Вялікія Круговічы. Мікалай Лабада ледзь паспеў закончыць тэхнікум харчовай прамысловасці, як яго, простага сялянскага хлопца з невялічкай вёсачкі Нябытава, што ў Хойніцкім раёне на Гомельшчыне, у маі 1939 года прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыць давялося ў танкавай часці, што дыслацыравалася ў расійскім горадзе Таржок. Па тым часе хлопец меў добрую адукацыю, а таму яго накіравалі на вучобу ў палкавую танкавую школу. Па ўсяму адчувалася, што маладога байца наперадзе чакае неблагая ваенная кар’ера. Аднак час быў неспакойны. Нягледзячы на заключаны з Германіяй пакт аб ненападзенні, гітлераўская Германія рыхтавалася да вайны, а пакуль выпрабоўвала свае сілы ў нашэсці на суседнія заходнееўрапейскія дзяржавы. Да таго ж, на Далёкім Усходзе ў Манголіі і Кітаі заварушыліся японскія мілітарысты. Менавіта ў такой напружанай абстаноўцы танкавы полк, у якім служыў Мікалай, у чэрвені 1939 года быў перакінуты ў Манголію. Тут, на рацэ Халгін-Гол малады танкіст атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне, праявіў сябе як адважны і ўмелы воін. За ўдзел у танкавай разведцы японскіх пазіцый, якая садзейнічала паспяховаму наступленню Чырвонай Арміі і разгрому варожай групоўкі, дваццацічатырохгадовы Мікалай Лабада атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля перамогі на Халгін-Голе, Японія прызнала сваё паражэнне, а вайсковая часць, у якой служыў Мікалай, вярнулася ў СССР. Некаторы час ён нёс службу ў Даурыі ва ўмацаваным раёне. Аднак да жыцця ў мірных умовах салдат не паспеў прывыкнуць: успыхнуў ваенны канфлікт паміж СССР і Фінляндыяй на Карэльскім перашыйку. Ды які канфлікт! Сапраўдная вайна не на жыццё, а на смерць. І ў другі раз Мікалаю Лабадзе на ўласнай скуры давялося адчуць, якія жахі і пакуты нясе вайна. На заснежаных прасторах Фінляндыі, у саракаградусныя маразы яму не адзін раз даводзілася хадзіць у атакі пад шквалістым агнём добра ўмацаванага на пазіцыях праціўніка. Аднак мужнасць і адвага чырвонаармейцаў дапамаглі ім не толькі выстаяць супраць ворага, але і перамагчы яго. А потым Мікалая Лабаду, як аднаго з лепшых, накіравалі на вучобу ў Кіеўскае танкавае ваеннае каманднае вучылішча. Але вучыцца там доўга не давялося: падарванае ў мангольскай і фінскай кампаніях здароў’е не дазволіла — у маі 1940 года яго камісавалі. Вярнуўся дамоў, на Хойніншчыну. Не паспеў асвоіцца, як па партыйна-камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны на работу ў нядаўна вызваленую ад белапалякаў Заходнюю Беларусь, дзе для будаўніцтва новага жыцця не хапала адукаваных кадраў. Так ён і апынуўся на Ганцавіцкай зямлі, з якой, як аказалася, звязаў усё сваё астатняе жыццё. Праўда, нядаўняе ваеннае мінулае Лабады не забылася і напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 года яго зноў мабілізавалі на службу ў Чырвоную Армію, зноў жа ў танкавыя часці. А потым былі доўгія і бясконцыя дарогі самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайны. У 1941—1942 гадах Мікалаю Міхайлавічу давялося прымаць удзел у баях на подступах да Ленінграда, які гітлераўцы спрабавалі зраўнаваць з зямлёй, а яго блакадных жыхароў замарыць голадам і холадам. Тут у жорсткіх баях пад Ціхвінам, калі кожны бой салдаты лічылі апошнім, бо не ведалі ці вернуцца жывымі з яго, Лабада зноў праявіў смеласць і адвагу і атрымаў сваю другую баявую ўзнагароду — медаль “За адвагу”. Потым былі баі на Курскай дузе, фарсіраванне Дняпра, Яска-Кішынёўская аперацыя (за ўдзел у апошняй — новая ўзнагарода — другі медаль “За адвагу”), вызваленне Польшчы, Румыніі, перамаганоснае шэсце па зямлі Германіі, Прага, дзе і закончыўся баявы шлях адважнага салдата. Тут жа, на фронце, М. М. Лабада стаў камуністам. Невыказная радасць напаўняла салдацкія сэрцы, гонар за сябе, за сваю вялікую Радзіму, калі 9 мая 1945 года неба расквецілі ўспышкі пераможных салютаў, узарвалі нязвыклую для ваеннага ліхалецця цішыню залпы соцень гармат, што абвясцілі свету аб Перамозе і доўгачаканым міры. Дэмабілізавалі Мікалая Міхайлавіча ў тым жа 1945-м і накіравалі па месцы апошняга прызыву. Некаторы час нядаўні салдат працаваў інструктарам у раённым камітэце партыі, потым вучыўся ў партыйна-савецкай школе ў Гомелі. Пасля заканчэння вучобы зноў прыехаў у Ганцавічы, працаваў у апараце райкама КПБ, райвыканкама, інструктарам па зоне Круговіцкай МТС. Ганцаўшчына стала для Мікалая Міхайлавіча, як і для яго каханай Аўгусціны, якую неўзабаве пасля вайны перавёз з Хойніншчыны ў Ганцавічы, другой радзімай. Тут у невялікім доміку Дамброўскіх, што месціўся на вуліцы Камуністычнай райцэнтра і дзе жыў Лабада, яны згулялі сваё сціплае вяселле. Арганізатарскі талент маладога камуніста заўважылі і прапанавалі яму ўзначаліць калгас “Сцяг Леніна” ў вёсцы Вялікія Круговічы. Прыдзірлівыя вяскоўцы пільна прыглядаліся да яго, але хутка прыйшлі да высновы: “свой чалавек” і на справаздачна-выбарчым сходзе, што прайшоў у сакавіку 1957 года ў перапоўненым сельскім клубе, аднагалосна падтрымалі яго кандыдатуру. Найбольш яскрава праявіўся талент умелага арганізатара, дбайнага працаўніка, руплівага гаспадара зямлі ў той перыяд, калі ён змяніў клапатлівую старшынёўскую пасаду, а потым пост сакратара парткама калгаса на брыгадзірскую. Узначальваемае ім вытворчае падраздзяленне было не толькі самым лепшым у сельгасарцелі, але і адным з перадавых у раёне. Тут вырошчвалі багатыя ўраджаі збожжавых, бульбы, караняплодаў, кукурузы, мелі высокія надоі малака, кілаграмовыя сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на адкорме. Дзякуючы працаўнікам брыгады Лабады ўмацоўвалася і эканоміка ўсяго калгаса. У тыя гады калгас “Сцяг Леніна” па праву лічыўся лідарам па многіх пазіцыях на Ганцаўшчыне. Поспехамі брыгады Мікалая Міхайлавіча не мог нахваліцца і тагачасны старшыня праўлення гаспадаркі Алег Іванавіч Коўш, заўсёды ставіў яго ў прыклад. Знайшла сваё прызванне на тутэйшай зямлі і жонка Мікалая Міхайлавіча Аўгусціна Мікалаеўна: настаўнічала ў Круговіцкай сярэдняй школе, выкладала дзецям азы агранаміі і заатэхніі (быў тады такі курс у сельскіх дзесяцігодках). А яшчэ Аўгусціна Мікалаеўна была адмысловай швачкай. Кожная з вясковых модніц лічыла за шчасце займець абнову, пашытую яе ўмелымі рукамі. З павагай адносіліся да Мікалая Міхайлавіча і вяскоўцы. Яны па-свойму любілі гэтага негаваркога чалавека, невысокага ростам, але высокага сваімі ўчынкамі, думкамі, паводзінамі. І хаця да работы сваёй, ды і падначаленых ён адносіўся аднолькава строга і прынцыпова, ніколі не ўпікалі яго за патрабавальнасць. Ведалі, што ні робіць іх брыгадзір, то на карысць агульнай справе і кожнаму з іх паасобку. Менавіта за добрыя чалавечыя якасці, гаспадарлівасць і чуласць да людзей аказвалі яму давер — выбіралі дэпутатам раённага і сельскага Саветаў, даверылі прадстаўляць раён на ІІІ з’ездзе калгаснікаў. Кажуць, і ратны подзвіг, і працоўны незаўважанымі не застаюцца. І гэта праўда. Яскравае сведчанне таму і працоўная дзейнасць М. М. Лабады. За поспехі ў развіцці сельгасвытворчасці былы франтавік узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і другім па вартасці пасля ордэна Леніна ў СССР ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Такім ён быў, такім і застанецца ў памяці тых, хто яго ведаў — ветэран вайны і шчыры працаўнік Мікалай Міхайлавіч Лабада. 15 лістапада сёлетняга года яму б споўнілася 100 гадоў… На круговіцкай зямлі нарадзіліся і выраслі дзеці Мікалая Міхайлавіча і Аўгусціны Мікалаеўны — сын Уладзімір і дзве дачкі Тамара і Галіна. Працавітыя, добрыя людзі. Праўда, жывуць яны далёка: Валодзя дзесці ў Расіі, Тамара — у Мінску, Галіна — у Гродне. Што датычыцца Галіны, дык яна, як і бацька, прайшла вайну: удзельнічала ў ваенных дзеяннях у Афганістане. Доўгі час яна служыла там медыцынскай сястрой у ваенным шпіталі. І не аднаму савецкаму салдату выратавала жыццё. За мужнасць і адвагу Галіна мае баявыя ўзнагароды… Канстанцін МОХАР. На здымках: уверсе — Мікалай Лабада ў пасляваенны час; разам з членамі сваёй паляводчай брыгады (1975 год). (Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дырэктару ДУА “Вялікакруговіцкая сярэдняя школа” Аляксандру Арсенцьевічу Заньку і яго маці Ірыне Сцяпанаўне Занька). ЗАМЕСТ ПАСЛЯСЛОЎЯ. У Беларусі шмат зроблена і робіцца для ўвекавечання светлай памяці герояў вайны. Вось і нядаўна было абвешчана аб стварэнні ў краіне новага грамадскага аб’яднання “Абаронцы памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне”, устаноўчая канферэнцыя якога прайшла ў Мінску ў пачатку лютага. Ініцыятарам яго стварэння выступіў журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч Ізяслаў Катляроў са Светлагорска. Рэспубліканскую арганізацыю ўзначаліў вядомы гісторык Сяргей Александровіч. У кіруючы склад ГА ўвайшоў галоўны рэдактар “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч, ідэю стварэння горача падтрымаў расійскі пісьменнік, галоўны рэдактар “Литературной газеты” і ўдзельнік Саюза абаронцаў памяці Вялікай Айчыннай вайны ў Расіі Юрый Палякоў. Галоўная задача ГА сфармулявана ў звароце, прынятым на канферэнцыі: “Мы — нашчадкі салдат Вялікай Айчыннай, сыны і дочкі тых, хто абараняў нашу будучыню, унукі і праўнукі герояў, перапыніўшых шлях фашысцкім заваёўнікам. Мы не можам дазволіць няўдзячных адносін да герояў. Лічым сябе абавязанымі абараніць праўду народнай памяці… Жывых сведкаў таго, як дастаўся пераможны мір, з кожным годам усё менш. Цяпер менавіта нам прадстаіць прыняць эстафету і перадаць яе новым пакаленням. Наш святы абавязак — выратаваць юныя сэрцы ад бяспамяцтва, дапамагчы ім набыць адданасць ідэалам патрыятызму і гонару за родную Беларусь”. | |
Просмотров: 750 | |