21:08 ПЯЦЬ ІДЭЙ З ТОП-ДЗЯСЯТКІ ГОДА НАЛЕЖЫЦЬ ПЕДАГОГАМ І ШКОЛЬНІКАМ | |
З дзвюх тысяч распрацовак Рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ "100 ідэй для Беларусі”, якія трапілі ў рукі экспертаў рэгіянальных саветаў і Мінска на працягу 2013 года, на гэтым тыдні была вызначана дзясятка лепшых. Менавіта яны прызнаны экспертамі, у склад якіх увайшлі вядомыя вучоныя, канструктары, выкладчыкі УВА, прадпрымальнікі, венчурныя інвестары і іншыя спецыялісты, самымі перспектыўнымі для рэалізацыі ў нашай краіне. З іх пяць праектаў — ідэі педагогаў і навучэнцаў! Канкурэнцыя для вучоных за школьнай партай Перспектыўнымі для практычнай рэалізацыі сталі навукова-тэхнічныя распрацоўкі па пяці намінацыях, і ў трох з іх аўтарамі выступілі педагогі і навучэнцы. Так, у намінацыі "Прамысловасць” Віктар Варапаеў, старшы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, атрымаў падтрымку сваёй распрацоўкі — тэхналогіі вытворчасці ўнікальных матэрыялаў для патрэб энергетычнага комплексу. У намінацыі "Хімічныя тэхналогіі і біятэхналогіі” быў выбраны для рэалізацыі праект Аляксандры Пілат "Сінтэз малібдату амонію”, навучэнкі 9 класа сярэдняй школы № 1 Клецка Мінскай вобласці, якая распрацавала тэхналогію вытворчасці ўгнаення для раслін з перагарэлых электрычных лямпачак. У намінацыі "ІТ-тэхналогіі” пераможцам стаў "Мабільны дапаможнік па хіміі Х10” навучэнца сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Мінскай вобласці Паўла Бацылева. У мабільным дадатку ёсць калькулятар малярных мас, табліца Мендзялеева, канвертар велічынь, а таксама ёсць магчымасць рашаць задачы па хіміі і атрымліваць іх тлумачэнне. Пра гэтыя дзве распрацоўкі наша газета расказвала напрыканцы снежня 2013 года. А сёння прапануем з рэальных праектаў пераключыцца на віртуальныя: адразу тры такія праекты ў намінацыі "Сацыяльная сфера” атрымалі вышэйшую адзнаку экспертаў. Віртуальнае падарожжа ва "ўчора” і "сёння” Віртуальнае падарожжа па Беларусі прапануе здзейсніць Кірыл Дзёмусеў, які працуе настаўнікам інфарматыкі і фізікі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна. Сама па сабе ідэя не новая. Часта турысты, збіраючыся ў замежную краіну, могуць спачатку завочна пазнаёміцца з самымі цікавымі мясцінамі і славутасцямі, каб потым убачыць іх на свае вочы. Толькі вось такую экскурсію нельга пакуль здзейсніць ні па адной з беларускіх вёсак. Кірыл Аляксандравіч прапануе ўвазе карыстальнікаў інтэрнэту пачаць знаёмства з Беларуссю менавіта з маленькіх населеных пунктаў, але ад гэтага не менш цікавых, чым некаторыя гарады. Старонкамі гісторыі з мышкай у руцэ Захапленне камп’ютарам і роднымі краявідамі падштурхнулі да стварэння адметнай віртуальнай прасторы і Уладзіслава Лаўцэвіча, васьмікласніка з Глыбоцкай раённай гімназіі Віцебскай вобласці. Адразу два яго праекты выдзеліў рэспубліканскі экспертны савет — сайты "Дзень беларускай пісьменнасці” і "Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны”. "Мае равеснікі намнога часцей карыстаюцца камп’ютарам, чым кнігай, — гаворыць Уладзіслаў. — Таму натуральна ствараць той прадукт, які з большай верагоднасцю будзе актуальным. За дзевятнаццаць гадоў, што адзначаецца Дзень беларускай пісьменнасці, гэтае свята стала значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Кожны год яно праводзіцца ў адным з беларускіх гарадоў, і 1 верасня 2012 года мы прымалі яго ў нашым горадзе. Адкрыццё сайта я прымеркаваў да гэтай даты”. Сайт www.belpismennost12.ucoz.ru працуе на беларускай мове з перакладам на 35 моў свету. На яго старонках можна знайсці матэрыялы пра гісторыю гарадоў — сталіц правядзення свята ў розных рэгіёнах, гісторыю развіцця пісьменнасці на Беларусі, гісторыка-культурную спадчыну краіны, знакамітых асветнікаў. Тут змешчаны матэрыялы пра ўсе гарады, якія станавіліся сталіцамі Дня беларускай пісьменнасці, прычым аўтарам большасці з іх з’яўляецца сам Уладзіслаў. Першапачаткова хлопец разлічваў, што яго праект спадабаецца выключна тым, хто цікавіцца нацыянальнай культурай і гісторыяй, магчыма, карысным будзе падчас падрыхтоўкі паведамленняў і школьных рэфератаў. Але папулярнасць яго пераўзышла самыя смелыя спадзяванні падлетка: з пачатку лета — больш за паўтары тысячы наведвальнікаў. А калі сайт пачаў працаваць, акрамя беларускай і рускай моў, яшчэ і на замежных, да іх дадаліся 23 тысячы наведвальнікаў з 43 краін свету! Другі яго сайт — "Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны” — яшчэ адзін падарунак таленавітага навучэнца любімаму гораду і яго гасцям: сёлета Глыбокае адзначыць 600-годдзе. Інфармацыя прадстаўлена на розных мовах свету і ў розных формах: 3D- панарама, прэзентацыя, флэш-кніга, фотаздымкі (http:// virturglubokoe.ucoz.ru). Дарэчы, калі гаварыць пра тэхнічнае выкананне, то, нягледзячы на свой пакуль яшчэ кароткі век, навучэнец — сапраўдны ас. Па словах яго настаўніцы інфарматыкі Лідзіі Анатольеўны Раманчук, Уладзіслаў апантаны яе прадметам з 4 класа. Сёння для яго няма цяжкасцей па выкананні самых складаных задач як праграміста. Галоўны яго клопат — пастаяннае напаўненне сайта, пашырэнне яго панарамы да маштабу вобласці. Уладзіславу будуць выдзелены сродкі, каб перавесці сайты на платны хостынг з доменным імем .by, а таксама размясціць банеры сайта на магчымых дзяржаўных рэсурсах. Экспертнаму савету хлопец прадставіў і дзве друкаваныя кнігі: "Дзень беларускай пісьменнасці”, якую пераклаў на пяць моў, і "Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны”. Магчыма, хутка мы зможам іх пагартаць, набыўшы ў кніжным магазіне. Дарэчы, гэта не першыя і, відавочна, не апошнія крэатыўныя ідэі таленавітага падлетка. Ён разам з мамай Людмілай Мікалаеўнай, — прызёры раённага конкурсу на лепшы эскіз лагатыпа да Дня беларускай пісьменнасці. Лагатып Уладзіслава можна ўбачыць на вуліцах горада, а па лагатыпе мамы наладжана вытворчасць значкоў, якія можна набыць у кіёсках Белсаюздруку. Віталь Брэль, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, член экспертнага савета, адзначыў: "Па-першае, прыемна ўразіў надзвычай прафесійны ўзровень гэтых сайтаў, нягледзячы на тое, што Уладзіслаў — вучань усяго толькі восьмага класа. Па-другое, гэтыя праекты — зварот да нашай культуры, творчасці. У сувязі з тым, што пачаўся Год гасціннасці, яны будуць актуальнымі. Цікавая і сама ідэя — падарожжа па экспазіцыях музеяў Глыбоччыны ці прапанова пачаць вывучаць Беларусь з роднай вёскі Кірыла Аляксандравіча Дзёмусева. У нас вельмі многа жывапісных мясцін з багатай гісторыяй, і наша моладзь не ведае, якім багаццем мы валодаем, а замежныя турысты — тым больш. Таму такія сайты — гэта магчымасць зацікавіцца прыгажосцю, гісторыяй, культурай нашай Беларусі, і, упэўнены, гэта дасць штуршок прама ад манітораў накіравацца ў тыя мясціны, пра якія так жывапісна і жыва расказваюць і паказваюць педагог і навучэнец”. Многія праекты хоць і не трапілі ў топ-10, але не страцілі права на жыццё. Так, ужо рэалізавана каля чвэрці праектаў, якія былі заяўлены ў 2013 годзе, а гэта — галоўная мэта кожнага аўтара. У якасці інвестараў сёння выступаюць і камерцыйныя арганізацыі (напрыклад, "Савушкін прадукт” ужо рэалізуе адзін з праектаў з выкарыстаннем новых тэхналогій вытворчасці сыроў), Беларускі інавацыйны фонд, установы вышэйшай адукацыі, мясцовыя органы ўлады. У Гомелі, напрыклад, ужо дзейнічаюць велапаркоўкі, прапанаваныя Аляксандрам Кузьмянковым, рэалізаваны амаль усе сацыяльныя праекты. Ды і іншыя краіны цікавяцца распрацоўкамі маладых беларускіх вынаходнікаў. Так, Расійская Федэрацыя зацікавілася спадарожнікам BelSat, аўтарамі якога сталі студэнты БДУ. Хутка ён будзе запушчаны ў вытворчасць у Расійскай Федэрацыі. "Сфера, пачынаючы ад прыватных і заканчваючы дзяржаўнымі структурамі, вялізная, але мы стараемся яе яшчэ пашыраць, — гаворыць першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі. — Але, каб атрымаць фінансаванне на рэалізацыю праектаў, маладыя людзі павінны не толькі падаць ідэю, а мы дапамагчы знайсці інвестара, неабходна даказаць, што менавіта іх распрацоўка заслугоўвае грант. Для гэтага неабходна скласці бізнес-план, а, як мы пераканаліся, менавіта гэтая частка — самая складаная для ўдзельнікаў праекта. Зараз мы супрацоўнічаем з Нацбанкам Рэспублікі Беларусь у межах праекта "Фінансавая граматнасць” і ў яго межах плануем правесці трэнінгі і вучэбныя семінары для ўдзельнікаў праекта "100 ідэй для Беларусі”, каб распрацоўшчыкі ведалі, што такое бізнес-план і як яго складаць, як адкрыць рахунак, атрымаць крэдыт, у чым прынцып фінасавай работы. Першы крок у гэтым кірунку мы зрабілі, зацікаўленых шмат, першыя семінары ўжо адбыліся. Плануецца, што спросціцца і алгарытм падачы заявак, хаця, здавалася б, сёння падаць ідэю вельмі проста: літаральна ў кожнай навучальнай установе, у буйных гандлёвых цэнтрах і на прадпрыемствах устаноўлены скрынкі з лагатыпам — так званыя скарбонкі ідэй. Менавіта адтуль яны трапляюць у раённыя саветы, дзе праходзяць адбор для абласных этапаў, а потым — у Рэспубліканскі экспертны савет”. "Як паказала практыка, часта меркаванне наконт значнасці праектаў суб’ектыўнае, — тлумачыць Ігар Іванавіч. — Так, раённым экспертным саветам можа падацца праект нецікавым ці такім, які з-за вялікага кошту, па іх меркаванні, немагчыма будзе рэалізаваць. Мы плануем, што хутка можна будзе з любой вёскі, любой навучальнай установы падаваць заяўкі адразу на рэспубліку, мінуючы рэгіянальныя экспертныя камісіі. Акрамя таго, зараз вывучаецца нарматыўная база арганізацый, якія праводзяць стартапы, каб уключыць маладзёжныя праекты ў іншыя конкурсныя праграмы. Гэта дазволіць большай колькасці праектаў атрымаць фінансавую падтрымку”. Закліканы дапамагчы ў гэтым і праект Наталлі Гарадзецкай і Уладзіміра Дзмітрыева, супрацоўнікаў студыі дызайну ChesterStudio, які таксама ўвайшоў у дзясятку пераможцаў. Яны прапанавалі стварыць вялікую віртуальную маладзёжную інавацыйную пляцоўку, дзе будуць сабраны ўсе ідэі, якія прапанавала і яшчэ прапануе наша моладзь. Гэтая пляцоўка будзе месцам сустрэчы патэнцыяльнага грантадаўца, інвестара і аўтараў распрацовак. "Рэалізацыя перспектыўных інавацыйных праектаў, прыцягненне сродкаў на іх рэалізацыю — лагічны працяг Рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі”, — гаворыць Наталля Гарадзецкая. — Больш за 6000 праектаў, пададзеных аўтарамі ў рамках праекта, змогуць знайсці сваё практычнае прымяненне, увасабленне ў вёсках, аграгарадках, абласных і раённых цэнтрах. Ідэя нашага партала — дыялог з інвестарамі напрамую і бясплатна, тым больш, што многія праекты дабрачынныя, якія ўвогуле не прадугледжваюць матэрыяльную выгаду”. Дарэчы, гэтым праектам ужо зацікавіліся некаторыя інвестары. У іх ліку Мінскі гарадскі тэхнапарк і Навукова-тэхналагічны парк БНТУ "Палітэхнік”, якія выказалі жаданне прыняць у ім удзел і гатовы праінвесціраваць аўтарскія распрацоўкі.
| |
Просмотров: 631 | |